«Родны кут» — для роднага куточка

ЖЫХАРЫ аграгарадка Княгінін з радасцю ўспрынялі вестку, што іх прадуктовы магазін, які знаходзіцца ў цэнтры населенага пункта, пераязджае ў больш прасторнае памяшканне. Ды і назва гандлёвай кропкі змянілася. Многія задаваліся пытаннем, адкуль пайшла назва — «Родны кут». Аказваецца, гэта фірменны брэнд цэлай сеткі магазінаў «Белкаапсаюза», адкрытых па тэрыторыі ўсёй Беларусі. Кааператары вырашылі супрацьпаставіць сваю сетку магазінаў ужо існуючым, з прыватным капіталам.
Старшы прадавец Наталля Камінецкая з прыветлівай усмешкай і прыўзнятым настроем заўсёды сустракае сваіх пакупнікоў. Яна расказала, што магазін прыйшоўся вяскоўцам даспадобы. Тыя задаволеныя і інтэр’ерам гандлёвай кропкі, і шырокім асартыментам тавараў, прадстаўленым на паліцах. Малочныя, мясныя, хлебабулачныя вырабы — свежыя і на любы густ. Вельмі важна і тое, што за ўсе пакупкі можна разлічыцца як наяўнымі грашамі, так і з дапамогай пластыкавай карткі праз тэрмінальнае абсталяванне.
Раней крама знаходзілася ў невялікім суседнім памяшканні гэтага будынка, а тут гандлявалі прамысловымі таварамі. Кіраўніцтва УП «Крывіцкае РГП» вырашыла памяняць месцамі гэтыя гандлёвыя кропкі. І мела рацыю. Той касцюм ці сукенку чалавек купляе не кожны дзень, а прадукты харчавання штодзённа.
— З пераездам сюды значна палепшыліся ўмовы працы прадаўцоў. Ёсць санвузел, гарачая і халодная вада, каналізацыя, паравое ацяпленне, кандыцыянеры. Летам на вуліцы было горача, а ў нас прахалода. Ёсць пакой адпачынку, дзе можна перакусіць, крыху адпачыць, бо працуем мы без перапынку на абед. Ды і наведвальнікам стала намнога зручней — шмат халадзільных вітрын, дзе можна раскласці тавар, каб людзі бачылі, а не кучай у адну вітрыну, — расказвае Наталля Эдвардаўна. — Самі бачыце, колькі горак, стэлажоў! Кожны можа падыйсці, паглядзець, пазнаёміцца з таварам. Так здарылася, што перабраліся мы сюды напрыканцы мая. Наперадзе было лета. А гэта азначае, што прыехалі ў навакольныя населеныя пункты дачнікі, ды і ўнукі з горада на канікулы да сваіх бабуль і дзядуляў. Таму тавараабарот значна ўзрос. Іншы раз не паспявалі рабіць выкладку тавару на паліцы. Зараз жа наведвальнікаў стала менш. Але ёсць пастаянныя пакупнікі, якія прыходзяць толькі ў нашу краму…
— Якія прадукты харчавання карыстаюцца павышаным попытам? — пытаюся ў старшага прадаўца.
— Летам, як кажуць, было «нарасхоп» марожанае, ёгурты, якія на прамую пастаўляла фірма «Савушкін прадукт». З задавальненнем куплялі людзі вырабы прыгатаваныя мядзельскімі кандытарамі. Што датычыць садавіны і гародніны, то попыт на яе сезонны. Зараз, напрыклад, добра ідзе хурма, мандарыны, апельсіны. У асенне-зімовы час без праблем рэалізуецца малако. Дарэчы, гандлюем мы і прадукцыяй Пастаўскага малочнага завода. Не залежваецца на паліцах ахалоджанае мяса, якое паступае два разы на тыдзень, — чую ў адказ.
З далейшай размовы даведаўся, што гандляры імкнуцца працаваць прама з вытворцамі. Гэта дазваляе заўсёды мець на паліцах свежую прадукцыю.  Напрыклад, каўбасныя вырабы рэгулярна паступаюць з Мінскага, Бярозаўскага, Барысаўскага і Дзяржынскага мясакамбінатаў. Хлебабулачныя вырабы прывозяць з Вілейкі, Валожына, Маладзечна, Мінска, Докшыц. У шырокім асартыменце ёсць цукеркі, пячэнне. Хапае разнастайных прыпраў, рыбных вырабаў. Словам, магазін «Родны кут» для мясцовых жыхароў стаў своеасаблівым «Еўраоптам», дзе можна набыць любы тавар. Зразумела, нялёгка прыходзіцца прадаўцам, тым больш, што ў Княгініне ёсць сем кропак, якія гандлююць прадуктамі харчавання. Але яны стараюцца трымаць сваю марку і робяць усё магчымае, каб пакупнік застаўся задаволены.
— Карыстаецца попытам такая паслуга, як заказ тавару. Напрыклад, у кагосьці вяселле. Людзі прыходзяць — і мы заказваем ім на Мінскіх хлебазаводах торт ці каравай, — зазначае Наталля Камінецкая. — У вызначаны дзень са сталіцы гэты заказ паступае ў магазін. Хачу дадаць, што на паліцах шмат прадукцыі мясцовага вытворцы УП «Ілаўскае».
У магазіне рэгулярна праводзяцца акцыі «Тавар тыдня», «Тавар месяца» ладзяцца дні скідак. Напярэдадні Калядных і Навагодніх свят тут фарміруюць навагоднія падарункі.
— А ці вялікі калектыў работнікаў працуе ў магазіне? — цікаўлюся ў Наталлі Эдвардаўны.
— Не. Чатыры прадаўцы, прыбіральшчыца-фасоўшчыца і грузчык. Але важна тое, што ўсе людзі вопытныя, адказныя, у гандлі не навічкі і працуем разам таксама шмат гадоў, — адказвае яна.
Пра кожнага старшы прадавец гаварыла цёпла, з душой. Больш за 30 год пасля заканчэння Нарацкага кааператыўнага вучылішча завіхаецца ў гандлі прадавец Валянціна Дуброўская. Не пазычаць вопыту і Алене Івановай, якая амаль дваццаць гадоў за прылаўкам. Ала Шумская таксама даўно ў гандлі.
— Прыбіральшчыца-фасоўшчыца Аксана Роўда, атрымаўшы прафесію прадаўца ў Нарацкім вучылішчы, працавала ў колішнім магазіне «Пеўнік». Пасля дэкрэтнага адпачынку яна прыйшла да нас. І мы ніколькі не пашкадавалі, што менавіта гэта жанчына ўлілася ў наш калектыў, — дадала старшы прадавец. — А вось грузчык Сяргей Ісмайлаў працуе на паўстаўкі. Гэта таксама добразычлівы, працавіты, шчыры і адказны чалавек.
Нельга не сказаць, што і Наталля Камінецкая мае шматгадовы вопыт работы ў гандлі. Набыўшы прафесію прадаўца, працавала ў магазіне вёскі Восава. А пасля дэкрэтнага водпуску больш за дзесяць гадоў узначальвае менавіта гэты калектыў. Патрабавальная да сябе і падначаленых. А таму і справы тут ладзяцца.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.


02 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Сядзіба Максіма Танка  wjx6x-f4hhi 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси