З залы суда

Свабода дзеянняў альбо Калі жыццё на волі недаспадобы

ЖЫХАР аграгарадка Нарач Іван Шнітоўскі не любіць і не жадае працаваць. А таму і ўзнікаюць  непаразуменні з існуючым заканадаўствам. Лава падсудных для гэтага чалавека добра знаёмая, бо пасядзеў на ёй не адзін раз. У чэрвені 2014 года суд раёна прыгаварыў Івана Тадэвушавіча ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне бацькоў больш трох месяцаў на працягу года ад выплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх ці паўналетніх, але непрацаздольных і якія патрабуюць матэрыяльнай дапамогі дзяцей) да аднаго года папраўчых работ з утрыманнем 10 працэнтаў заробку на карысць дзяржавы. Гэта пакаранне Іван палічыў несур’ёзным і працягваў свой лад жыцця — гуляў, п’янстваваў. Таму 22 красавіка 2015 года ён зноў апынуўся ў зале судовых пасяджэнняў. На гэты раз у адпаведнасці з часткай 3 вышэй узгаданага артыкула яму прызначана пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 10 працэнтаў на карысць дзяржавы. У пачатку мая Івана Тадэвушавіча паставілі на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Мужчыну дакладна растлумачылі яго правы і абавязкі, умовы адбывання пакарання і тыя наступствы, якія чакаюць пры іх невыкананні.
Працаваць Шнітоўскі ўладкаваўся прыбіральшчыкам тэрыторыі гасцінічнага комплексу «Нарач» НП «Нарачанскі». Зразумела, цяга да спіртнога перамагла абавязак добрасумленна выконваць службовыя абавязкі. Таму 2 снежня 2015 года за прагулы яго звольнілі з работы. Пра гэта Іван не паведаміў у крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС, хаця быў абавязаны. Таму атрымаў вымову з папярэджаннем пра крымінальную адказнасць і быў пастаўлены на ўлік у службу занятасці насельніцтва ў якасці беспрацоўнага.  Самастойна працаўладкавацца Шнітоўскаму не ўдалося, ды ён і не вельмі жадаў гэтага. 17 сакавіка 2016 года яму патрэбна было прыбыць у інспекцыю, але з-за п’янкі ён праігнараваў выклік. 28 сакавіка зноў без уважлівых прычын (у гэты дзень ужываў спіртныя напоі) не прыехаў у інспекцыю. Зразумела, за такія дзеянні яго чакала лава падсудных.
Таму суд, у адпаведнасці з артыкулам 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прызнаў вінаватым Івана Шнітоўскага ў злосным ухіленні асуджанага ад адбывання пакарання і прызначыў яму адзін год і восем месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэтага і трэба было чакаць.
Што датычыць 62-гадовага жыхара вёскі Баяры Мядзельскага сельсавета Мікалая Зубкевіча, то сцяжынку ў суд ён пратаптаў сабе добра. Больш дзесяці разоў сядзеў на лаве падсудных.
У верасні мінулага года ў адносінах да Мікалая Вячаслававіча ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, тэрмін дзеяння якога сёлета ў маі быў працягнуты да жніўня. У адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага нагляду грамадзянін абавязаны паведамляць у органы ўнутраных спраў пра змену месца работы і жыхарства, выязджаць за межы адміністрацыйнага раёна па службовых і асабістых справах толькі з дазволу органаў унутраных спраў, не пакідаць сваё жыллё з сямі гадзін вечара да 6 гадзін раніцы наступнага дня. Адначасова ўстанаўліваецца забарона на наведванне месцаў, дзе рэалізуецца алкагольная прадукцыя. Пра ўсё гэта дакладна ведаў Зубкевіч, але рабіў так, як яму хацелася.
4 і 18 студзеня 2016 года Мікалай без уважлівых прычын не прыбыў у інспекцыю для абавязковай рэгістрацыі. За гэта 22 студзеня яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 24.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях». 12 лютага ў 20 гадзін 15 мінут і 16 лютага ў 20 гадзін, на момант праверкі супрацоўнікамі міліцыі, Зубкевіча дома не было. 15 лютага ён ухіліўся ад абавязковай рэгістрацыі ў інспекцыі. За гэта ён таксама быў пакараны ў адміністрацыйным парадку. Адсутнічаў дома Мікалай а палове восьмай гадзіны вечара і 1 чэрвеня. Усё гэта з’яўляецца парушэннем патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.
Такія свае паводзіны на судзе Зубкевіч тлумачыў тым, што адзін раз, маўляў, забыўся. Другі раз  — шчапаў дровы ў знаёмага ў Мядзеле і ў яго застаўся начаваць. Зразумела — усё гэта несур’ёзна.
Выносячы прыгавор, суд улічыў як змякчаючыя, так і абцяжарваючыя віну абставіны. Да змякчаючых адносіцца шчырае прызнанне і раскайванне. Да абцяжарваючых — тое, што правапарушэнне зроблена асобай, якая раней учыняла злачынствы. Мікалая больш за тры разы асуджалі, і ён адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. У яго дзеяннях назіраецца небяспечны рэцыдыў злачынстваў. Таму і пакаранне прызначана адпаведнае: дзевяць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адначасова будзе прыменена прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Калі жыццё на волі Зубкевічу недаспадобы, то за кратамі яму хопіць часу падумаць пра свае паводзіны. Хочацца, каб чалавек зрабіў з гэтага правільныя высновы і стаў на шлях выпраўлення.
І. МАЛЕВІЧ.
Старшыня суда раёна.
І. ЛУБНЕЎСКІ.
Супрацоўнік рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».


30 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы 1-12 dsc_5774-3 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси