ЗААХВОЧВАННЕ — ПА ДАСЯГНЕННЯХ

Калі шчыра, то практычна на кожным можна было заўважыць штосьці адметнае, незвычайнае. Адчувалася, што ўсе рэгіёны сур’ёзна рыхтаваліся да абласнога свята, стараліся, як кажуць, не ўдарыць тварам у гразь. І гэта ім, па выказванні шматлікіх гасцей кірмашу, удалося. Апрача ўсяго іншага, жадаючыя мелі магчымасць выпрабаваць сябе ў трапнасці стральбы з лука. Хочаце дзівіцеся альбо не, аднак нават некаторыя дзяўчаты адпраўлялі стралу прама ў “дзясятку”. Крыху далей, у напрамку да цэнтра горада, Ксенія Шаўцова і Вольга Сасноўская прапаноўвалі паспытаць кумысу. Бясплатна. Кажуць, вельмі карысны для здароўя чалавека. Між іншым, мясцовай вытворчасці. У маі гэтага года паблізу вёскі Грамніцы пачала працаваць першая на Беларусі малочная конеферма ТАА “БелКумысПрам”. Аказваецца, кабыла ў першыя перыяды лактацыі дае да 10 літраў малака, якое ў крамах зусім не таннае — 3,3 рубля за шкляную бутэлечку ёмістасцю 0,25 літра. Мноства людзей завітвала і на выставу апетытных пірагоў з усіх раёнаў Міншчыны, у цэнтры якой узвышаўся пекны каравай сталічнай вобласці. Урачыстая цырымонія фестывалю-кірмашу таксама праходзіла сёлета ў незвычайным памяшканні — у шатры тэнтавай канструкцыі на 500 месцаў. Як высветлілася, збудаванне на цэнтральнай плошчы горада атрымалася даволі ўтульнае і камфортнае.
Напачатку ўсе запрошаныя сюды паглядзелі відэафільм аб вытворчых дасягненнях працаўнікоў аграпрамысловага комплексу сталічнай вобласці. Яны ўражваюць. Міншчына з’яўляецца буйнейшым аграрным рэгіёнам краіны і таму ў значнай меры вызначае харчовую бяспеку Беларусі і сацыяльную стабільнасць у грамадстве. Па выніках дзесяці месяцаў гэтага года тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі па ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 106 працэнтаў — самы вялікі ў рэспубліцы. Красамоўны такі факт: агульны яе аб’ём роўны аналагічнаму набытку дзвюх абласцей разам узятых — Магілёўскай і Віцебскай. Сталічны рэгіён на працягу апошняга дзесяцігоддзя трывала ўтрымлівае рэпутацыю галоўнай жытніцы краіны. Не выключэнне і 2016 — чацвёртая  частка ўсяго ўраджаю. Ніводнай вобласці, апрача Мінскай, не ўдалося ўзяць рубеж у два мільёны тон па валу збожжавых, зернебабовых і кукурузы на зерне. Як затым падкрэсліў у святочным дакладзе наш губернатар Сямён Шапіра, працаўнікі аграпрамысловага комплексу сталічнай вобласці на  лідзіруючых пазіцыях у рэспубліцы і па ўсіх астатніх паказчыках. За кошт павышэння ўраджайнасці, строгага захавання тэхналагічнай дысцыпліны, зніжэння энергазатрат і расходаў матэрыяльных рэсурсаў на атрыманне прадукцыі забяспечаны значны рост вытворчасці цукровых буракоў, рапсу, бульбы. Так, валавы збор клубняў у агульнарэспубліканскім аб’ёме склаў 35 працэнтаў. Столькі ж вырасцілі тры вобласці разам узятыя — Гомельская, Магілёўская і Віцебская. Ураджайнасць другога хлеба самая высокая ў краіне — 291 цэнтнер з гектара. Дастойныя прыклады для пераймання дэманструюць фермерскія гаспадаркі “Сула” Уладзіміра Радзевіча са Стаўбцоўскага раёна і “Цнянскія экапрадукты” Уладзіміра Адамовіча з Лагойскага, дзе сярэдняя ўраджайнасць бульбы склала адпаведна 420 і 549 цэнтнераў з гектара.
Добрых слоў у свой адрас заслугоўваюць работнікі жывёлагадоўлі, якая ў структуры сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці займае каля 60 працэнтаў. Прытым, кожны чацвёрты кілаграм малака, атрыманага ў рэспубліцы, паступае з ферм і комплексаў Міншчыны. Надой ад каровы за 10 месяцаў склаў 4292 кілаграмы, што на 191 кілаграм больш у параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года і на 183 кілаграмы — за сярэднерэспубліканскі паказчык. Уцешна, што 90 працэнтаў малака рэалізоўваецца вышэйшым гатункам і класам “экстра”. Сямён Барысавіч адзначыў дынамічнае развіццё жывёлагадоўчай галіны, у першую чаргу, у Лагойскім раёне — старшыня райвыканкама Віктар Каляда, Стаўбцоўскім — Юрый Горлаў і Смалявіцкім — Міхаіл Загорцаў. У гэтай тройцы лідараў найбольш важкіх вынікаў дабіліся ў першым: практычна па ўсіх паказчыках забяспечана значная прыбаўка. У прыватнасці, тэмп росту вытворчасці малака да адпаведнага перыяду мінулага года складае 114 працэнтаў, яго рэалізацыі вышэйшым гатункам і класам “экстра” — 115, сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы — 110,5 працэнта…
“Тэмп росту вытворчасці малака, — акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў свята Сямён Шапіра, — адзначаны ва ўсіх раёнах вобласці. Напрыклад, у Мядзельскім, дзе старшынёй райвыканкама Анатолій Вайнілка і Валожынскім — Мікалай Астрэйка, ён склаў 109,3 працэнта, а ў Крупскім — Ігар Часнок і Бярэзінскім — Аляксандр Бабічаў — 108. Някепская прыбаўка да ўзроўню мінулага года забяспечана ў большасці рэгіёнаў на вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Найбольшы плюс атрыманы ў Дзяржынскім раёне (старшыня райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч) — 117 працэнтаў. У чатырох раёнах прыбаўка перавышае 111 працэнтаў — Валожынскі (Мікалай Астрэйка), Любанскі (Сяргей Казецкі), Салігорскі (Аляксандр Рымашэўскі) і Мядзельскі (Анатолій Вайнілка)… Аддаючы даніну ўдзячнасці кіраўнікам раёнаў, дзе атрыманы добрыя вынікі, усё ж такі галоўнымі героямі жніва-2016 года (не пабаюся гэтага гучнага слова!) лічу кіраўнікоў гаспадарак, механізатараў, аграномаў, інжынераў, аператараў збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў, работнікаў жывёлагадоўлі”.
У ліку лепшых кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў былі названы Вольга Луцык — “Вялікі Двор” Стаўбцоўскага раёна, Іван Гаргун — “Маяк-78” Дзяржынскага, Мікалай Радаман — агракамбінат “Сноў” і іншыя. Адразу ў дзвюх намінацыях “Лепшы брыгадзір малочнатаварнай фермы” і “Лепшы аператар машыннага даення” перамаглі дзве работніцы закрытага акцыянернага таварыства “Вітэкс” Уздзенскага раёна: Ірына Ламака і Тамара Яскевіч. Надой ад каровы па іх ферме склаў 8490 кілаграмаў малака, а 96 працэнтаў яго рэалізавана вышэйшым гатункам і класам “экстра”. Уражваючых поспехаў дабіўся і аператар па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы з унітарнага прадпрыемства “Мінскаблгаз” Валожынскага раёна Сяргей Шумкоў. Сярэднясутачныя прывагі маладняку па яго групе ў параўнанне з мінулым годам узраслі на 9,2 працэнта і склалі 1115 грамаў пры стопрацэнтнай захаванасці пагалоўя.
Лепшым аграномам вобласці прызнаны Баляслаў Галась з таварыства “Гастэлаўскае” Мінскага раёна. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых па гэтай гаспадарцы склала сёлета 91,8 цэнтнера з гектара — самая высокая ў рэспубліцы! А найбольш важкі намалот у старшага камбайнера агракамбіната “Ждановічы” Міхаіла Саладухі — 3370 тон. З маладзёжных экіпажаў у прызёрах старшыя камбайнеры эксперыментальнай базы “Натальеўск” Чэрвеньскага раёна Андрыян Савіч, Віталій Куніцкі з агракамбіната “Дзяржынскі” і Раман Уласевіч з сельгаскааператыва Слуцкага мясакамбіната. “Дажынкі” — гэта і свята тых, хто займаецца перапрацоўкай вырашчанай на палях і фермах прадукцыі. Праведзеная за апошнія тры гады ў арганізацыях холдынгу “Мясамалпрама” мадэрнізацыя дала свае вынікі. Рост вытворчасці таварнай прадукцыі за тры кварталы склаў да ўзроўню мінулага года 107 працэнтаў. Пры заданні 4,9 працэнта рэнтабельнасць перавысіла 11. Сёння якасныя і смачныя тавары холдынгу рэалізуюцца ў краіны СНД, Еўрасаюза і Блізкага Усходу.
На Міншчыне працуюць звыш сямісот фермераў. І многія, апрача ўзгаданых вышэй Уладзіміра Адамовіча і Уладзіміра Радзевіча, дабіваюцца ў сваёй рабоце добрых вынікаў. Сярод іх Дзмітрый Касцюкоў — “Ягадка” Смалявіцкага раёна, Аляксей Крапіўка — “Агра-Ліга” Смалявіцкага, Дзмітрый Крылоў — вядучая ў нашай краіне племянная козагадоўчая гаспадарка “ДАК” на Дзяржыншчыне. Кіраўнік “Антэй-сада” на Мядзельшчыне Надзея Чабатар паспяхова займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай прадукцыі садоўніцтва і агародніцтва. Сямён Барысавіч выказаў фермерам удзячнасць за нялёгкую працу і ўклад у агульную справу. А яшчэ губернатар узгадаў добрым словам аўтарытэтных людзей, якія ў розныя гады ўзначальвалі вобласць, уваходзяць у склад савета старэйшын Міншчыны, ветэранаў сельскагаспадарчай галіны, дзякуючы якім сталічны рэгіён двойчы ўдастоены ордэна Леніна! У заключэнне Сямён Шапіра выказаў упэўненасць, што работнікі яго аграпрамысловага комплексу ўпішуць дастойныя старонкі ў навейшую гісторыю сваёй краіны, змогуць узняць эканоміку вёскі на больш высокі ўзровень.
Затым адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання шматлікіх пераможцаў спаборніцтва. Апрача гэтага, на сцэне ўшаноўвалі сямейныя дынастыі ў аграпрамысловым комплексе, уручалі маладым кіраўнікам гаспадарак, якія дабіліся добрых вытворчых паказчыкаў, падарачныя сертыфікаты на суму 100 тысяч рублёў для набыцця сельскагаспадарчай тэхнікі. А завяршыў фестываль-кірмаш святочны канцэрт з удзелам аматарскіх і прафесійных калектываў, асобных выканаўцаў Міншчыны і рэспублікі.
Дахаты госці накіроўваліся ў добрым настроі, бо свята ў Лагойску ўдалося. Пра багатыя і яркія ўражанні ад фестывалю-кірмашу, творчы падыход пры арганізацыі абласнога свята са мною падзяліліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Юрый Скармаховіч, вадзіцель ААТ “Сваткі” Пётр Скурко, якога на “Дажынках-2016” за плённую працу, прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу адзначылі Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Яшчэ Пятра Іванавіча кранула ўшанаванне сямейных дынастый хлебаробаў Голубаў, Кальвінкоўскіх, Ярашаў, Корзунаў. “Гэта проста цудоўна, — заўважыў ён, — калі на зямлі побач з бацькамі дружна працуюць трое сыноў і столькі ж нявестак”. А вось на думку дырэктара таварыства “Занарацкі” Аляксандра Бачко, усім вяскоўцам нашага краю трэба прыбаўляць у рабоце, каб на наступны год хлебаробаў Мядзельшчыны больш адчувальна адзначылі на абласных “Дажынках-2017”. І акцэнт варта зрабіць на павелічэнне пагалоўя кароў, валавой вытворчасці малака, павышэнне яго якасці. Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і яго вопытны калега са Сватак Мікалай Варабей. “Той, хто зарыентаваўся ў гэтым напрамку раней, — дадаў Мікалай Васільевіч, — змог, як сведчыць практыка, значна ўмацаваць эканоміку сваіх гаспадарак”. Ніхто не перашкаджае і нам пайсці гэтым перспектыўным шляхам. Тым больш, што рэзерваў хапае: як у жывёлагадоўлі, так і раслінаводстве. Галоўнае тут — не прамарудзіць у гаспадарках з іх выкарыстаннем.
 Павел ЖУКАЎ.
На здымках: 1. На падворках раёнаў старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіру сустракалі хлебам-соллю; 2. Вядомы хлебароб ААТ “Сваткі” Пётр Скурко з узнагародамі на абласных “Дажынках-2016”;
3. На вуліцы Савецкай у Лагойску дырэктары ПМС Юрый Скармаховіч, таварыстваў “Сваткі” Мікалай Варабей і “Занарацкі” Аляксандр Бачко; 4. Ксенія Шаўцова і Вольга Сасноўская прапаноўвалі гасцям свята паспытаць шкляначку кумысу; 5. Ля гандлёвага павільёна з мясной прадукцыяй ААТ “Занарацкі” пастаянна тоўпіліся людзі; 6. У трапнасці стральбы з лука мог выпрабаваць сябе кожны жадаючы; 7. Багата гледачоў збірала выступленне ансамбля “Журавінка”з Івянца Валожынскага раёна;  8. Арыгінальная кампазіцыя з яблыкаў на падворку Чэрвеньскага раёна; 9. На падворак “Мядзельшчына гасцінная” праходзячы люд шчыра запрашалі Людміла Грузд і Рыта Дрозд; 10. З густам аформілі каравай гаспадарак раёна з новага ўраджаю на Салігорскім падворку; 11. Заўзята весялілі гасцей нашага падворка Алена Грышкевіч, Валерый Драгун і Жанна Талкановіч; 12. Адзін з куткоў падворка “Мядзельшчына гасцінная”.
Фота аўтара.


25 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах на Блакітных азёрах        dsc_5774-3 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси