Пакаранне — заслужанае!

Судовыя справы, пра якія пойдзе гаворка ніжэй, не выдуманыя, а рэальныя. Усе падзеі не так даўно адбываліся ў зале пасяджэнняў суда раёна. І хоць розныя яны па змесце, назначаным пакаранні, але ёсць у іх і агульнае. Так, сапраўды, яны абедзве ўчынены жанчынамі, схільнымі да ўжывання спіртных напіткаў, якія даўно забыліся пра свае абавязкі, прыстойныя паводзіны, паважлівыя адносіны да іншых людзей. Якія “апусціліся” з-за гарэлкі і апынуліся ўрэшце на лаве падсудных. Дарэчы, абедзвюм абвінавачваемым суд не толькі вынес пэўнае пакаранне, а прыгаварыў, у адпаведнасці з артыкулам 107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прымяніць прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад алкагалізму. Але аб усім па парадку.
Першая абвінавачваемая — маладая жанчына, ураджэнка г. Таліна, грамадзянка Рэспублікі Беларусь, не працуючая, замужняя, не судзімая, зарэгістраваная ў Пастаўскім раёне, пражывае ў Мядзеле. За дзень да ўчыненага злачынства яна распівала спіртныя напіткі ў кватэры свайго знаёмага. Падвечар да іх зайшоў сусед гаспадара. Ён быў нецвярозы і не мог знайсці ключы ад дзвярэй свайго жылля. Жанчына прапанавала паглядзець іх у кішэнях вопраткі і нават дапамагла яму іх шукаць. Ключоў яна не знайшла, а вось на грошы, якія там ляжалі, звярнула ўвагу. “Госць” пайшоў, але хутка вярнуўся, сеў за стол, дзе стаяла віно, і п’янка працягвалася. Дадому ён у той вечар не патрапіў, заснуў у суседа. Абвінавачваемая таксама засталася тут пераначаваць. Ноччу яна ўкрала ў соннага мужчыны грошы ў суме 1653900 рублёў, пераважна купюрамі па 200000 рублёў (да дэнамінацыі — аўт.) і тым самым наўмысна завалодала чужой маёмасцю з карыслівай мэтай. Грошы схавала, а раніцай пайшла да сваёй знаёмай, дзе была яшчэ адна прыяцелька, якую абвінавачваемая адправіла за віном, даўшы на яго пакупку 200000 рублёў з украдзенай сумы. Тут іх кампанію і знайшоў пацярпеўшы. Ён, як высветлілася, зрання заўважыў, што з кішэні прапалі грошы і пашпарт, і адправіўся на іх пошукі. Па дарозе сустрэў знаёмую, якая ішла ў магазін. Ад яе даведаўся, што 200000 рублёў на віно ёй дала К., з якой п’янстваваў увечары. Такім чынам мужчына і прыйшоў да высновы, што грошы ў яго ўкрала менавіта яна. Хоць жанчына адмаўляла сваё дачыненне да крадзяжу, аднак ён забраў у яе грошы, якія засталіся.
Суд, заслухаўшы абвінавачваемую, пацярпеўшага, разгледзеўшы сабраныя па крымінальнай справе матэрыялы, ацаніўшы прадстаўленыя дзяржаўным абвінавачваннем доказы, прыйшоў да высновы, што дзеянні грамадзянкі К. належаць кваліфікацыі па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, як тайнае выкраданне маёмасці (крадзеж). Пры назначэнні віду і меры пакарання ён улічыў  змякчаючыя і абцяжарваючыя адказнасць абставіны. Змякчаючыя — гэта прызнанне віны і шчырае раскайванне ва ўчыненым, а таксама тое, што яна раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Абцяжарваючыя — гэта ўчыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення. Такім чынам суд прызнаў жанчыну вінаватай у тайным выкраданні маёмасці і на падставе часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе 200 гадзін грамадскіх работ.
 Другая нядаўняя справа датычыць выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях”, паводле якога абавязаныя асобы павінны штомесячна кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Абвінавачваемая — ураджэнка вёскі Равячка Мядзельскага раёна, грамадзянка Рэспублікі Беларусь, незамужняя, раней неаднаразова судзімая. Жанчына на падставе вызначэння аб судовым загадзе суда Вілейскага раёна ад 20 красавіка 2007 года, пачынаючы з 1 красавіка 2007 года была абавязана штомесячна кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне на дзяржаўным забеспячэнні сына. 15 снежня 2015 года яна ў чарговы раз прыцягвалася да адказнасці за ўхіленне  ад кампенсавання выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне сына, і была асуджана судом Мядзельскага раёна на падставе часткі 3 артыкула 174 да трох месяцаў арышту. Пасля адбыцця пакарання грамадзянка Р. была працаўладкавана жывёлаводам на ферму “Пузыры” АСП “Вузлянка” КГУП “Мінскі Камароўскі рынак”. Аднак на працягу трох месяцаў выходзіла на работу толькі чатыры дні. З-за пастаянных прагулаў не ў поўным аб’ёме пагашалася запазычанасць па кампенсаванні расходаў, затрачаных на ўтрыманне дзіцяці. Па стане на 30 чэрвеня бягучага года яна склала на  карысць аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама 2499 рублёў 25 капеек, а на карысць УА “Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж” — 1998 рублёў 9 капеек (сумы пасля дэнамінацыі — аўт.).
Абвінавачваемая сваю віну прызнала поўнасцю. Яна паведаміла, што ўважлівых прычын, каб не хадзіць на работу, у яе не было. Што за  прагулы давядзецца несці крымінальную адказнасць, ведала, бо аб гэтым папярэджвалася. Аднак высноў адпаведных не зрабіла, што пацвердзілі спецыялісты сельскагаспадарчага прадпрыемства, куды яна была працаўладкавана, і старшы судовы выканаўца. Па словах абвінавачваемай, калі не працавала, збірала грыбы і ягады, якія прадавала, а на выручаныя грошы купляла прадукты  харчавання, тавары першай неабходнасці і… спіртное.
Заслухаўшы паказанні дапрошаных на пасяджэнні асоб,  ацаніўшы доказы, прадстаўленыя дзяржаўным абвінаваўцам, праверыўшы матэрыялы крымінальнай справы, суд раёна пацвердзіў вінаватасць грамадзянкі Р. і кваліфікаваў яе дзеянні па частцы 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, як ухіленне бацькоў ад кампенсавання расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, якое выразілася  ў няяўцы на работу дзесяць і больш рабочых дзён на працягу трох месяцаў, і прывяло да няпоўнага выканання абавязацельстваў па кампенсаванні расходаў, затрачаных дзяржавай  на  ўтрыманне дзяцей, учыненае асобай, якая раней асуджалася за аналагічнае злачынства. Дарэчы, пры назначэнні абвінавачвання названай грамадзянцы былі ўлічаны абставіны, якія змякчаюць і абцяжарваюць яе адказнасць за ўчыненае. Паколькі яна раней прыцягвалася да крымінальнай адказнасці (у тым ліку за крадзеж) і зноў учыніла наўмыснае злачынства, у яе дзеяннях у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 43 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь утрымліваецца рэцыдыў злачынстваў. Кіруючыся артыкуламі 356, 358-361, 365 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд прызнаў грамадзянку Р. вінаватай ва ўчыненым і на падставе часткі 3 артыкула 174 назначыў пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту.
Справы закрыты, вінаватыя справядліва прыцягнуты да адказнасці. Але ці задумаюцца яны над сваімі паводзінамі? Ці зробяць пасля суда адпаведныя высновы? Калі па праўдзе, то невядома. Па крайняй меры, пакуль будуць адбываць пакаранне, ім хопіць часу падумаць, усё аб’ектыўна ўзважыць.
І. МАЛЕВІЧ.
Старшыня суда раёна.
М. ЛУБНЕЎСКАЯ.
Намеснік рэдактара газеты “Нарачанская зара”.


25 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 Касцёл у Шэметава   0-178 06-043

Пабрацімы Мядзела