А ў душы — любоў. Да людзей і жыцця

Гераіня гэтай газетнай публікацыі родам з Валожыншчыны, але даўно жыве на Мядзельшчыне і па праву лічыць яе сваёй другой радзімай.
Асабіста я ведаю Галіну Пятроўну Рызгунскую, а размова ідзе менавіта пра яе, з сярэдзіны васьмідзясятых. Тады яна працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Нарацкай СШ №1. Гэта ўстанова адукацыі пастаянна лічылася адной з лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Славілася яна выдатнымі педагогамі і таленавітымі вучнямі. Нездарма тут і семінары розных узроўняў праводзіліся, і за вопытам з многіх куткоў былога Саюза ў  школу з глыбінкі прыязджалі. Было тут чаму павучыцца, што пераняць!
Дарэчы, свае першыя самастойныя працоўныя крокі пасля заканчэння педінстытута малады спецыяліст рабіла ў в. Нарач. На той час раённы аддзел адукацыі ўзначальваў Іван Якімец, які быў не толькі земляком, але і класным кіраўніком дзяўчыны. Ведаючы вялікую адказнасць і стараннасць пачынаючага педагога, ён і накіраваў яе ў Нарацкую СШ №1. Вялікі псіхолаг чалавечых душ, якім быў Іван Іванавіч, не памыліўся ў сваім выбары, бо настаўніца не падвяла яго: у хуткім часе зарэкамендавала сябе з усіх бакоў станоўча. Яна адразу ж улілася ў калектыў, дзе спаткала аднадумцаў, цалкам аддавала сябе любімай рабоце, а школу лічыла сваім другім домам. Як падкрэсліў Іван Іванавіч Якімец, інакш і быць не магло, бо па сутнасці ўсё тое чыстае і светлае, што было ў душы Галіны, ёй далі бацькі. Яны самі былі прыкладам, эталонам сямейных адносін, гэтаму і сваіх дзяцей навучалі. І, найперш, шчырасці, дабрыні, чалавечнасці.
Менавіта ў Нарачы Галіна і сваё асабістае шчасце знайшла. А калі мужа накіравалі на працу ў Вузлу, як нітка за іголкай, паехала следам за ім. Працавала ў Вузлянскай васьмігодцы, была актыўнай удзельніцай народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Вузлянка”, створанага на базе гэтай установы адукацыі. І сёння ў памяці жанчыны выступленні, якія так падабаліся людзям. Не забыўся, як высветлілася, і тагачасны абрадавы рэпертуар, які быў фішкай “Вузлянкі”. Нездарма падчас святкавання саракагадовага юбілею гэтага цудоўнага калектыву, Галіна Пятроўна на адным дыханні без рэпетыцыі праспявала разам са сваімі любімымі самадзейнымі спявачкамі “Каравай”. Ды і ўвогуле, як справядліва лічыць, прайшла яна менавіта ў Вузле добрую школу жыцця, якая пастаянна дапамагала ёй на далейшай працы на ніве адукацыі сінявокай Мядзельшчыны. Вось як яна сама апавядае пра той цудоўны час:
“Цяпер адно магу сказаць:
Гадамі памяць не адняць.
Шчаслівы той, хто ў жыцці
Сяброў такіх здолеў знайсці”.
 З Вузлы праз 8 гадоў Рызгунскія зноў вярнуліся ў вёску Нарач. Муж стаў працаваць у мясцовай гаспадарцы, а Галіна Пятроўна — у школе. У гэтым населеным пункце яны пабудавалі ўласны дом і засталіся тут назаўсёды. Установа адукацыі з радасцю сустрэла педагога, які яшчэ на пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці ўсім прыйшоўся па душы — і дзецям з бацькамі, і калегам-педагогам. Сама ж Галіна з галавой акунулася ў работу. Яна не ўмела, не магла працаваць абы-як. Акрамя глыбокіх і грунтоўных ведаў па прадмеце, які выкладала, вучыла школьнікаў бачыць вакол сябе прыгожае, быць патрыётамі сваёй Айчыны, любіць родны край, зямлю, дзе нарадзіліся і выраслі, паважаць людзей за руплівасць і старанне. А колькі цікавых і змястоўных мерапрыемстваў правяла настаўніца са сваімі вучнямі — не злічыць! Яны краналі шчырыя дзіцячыя сэрцы і пакідалі ў іх глыбокі след. А ўсё таму, што педагог укладала ў падрыхтоўку кожнага сцэнарыя часцінку сваёй душы, узважвала кожнае слова.
Увогуле крочыла Галіна Пятроўна па жыцці актывісткай. Шмат год запар была нязменным старшынёй прафсаюзнай арганізацыі школы. На гэтай грамадскай пасадзе працавала з агеньчыкам. Вось і ведалі прафсаюзнага актывіста са звычайнай вясковай школы не толькі ў раёне і вобласці, але нават у рэспубліцы. Лепшае сведчанне таму — граматы самых розных узроўняў, якія атрымлівала за сваю бездакорную грамадскую працу. Ды і на выбарах па сутнасці ўсё жыццё ўдзельнічала. Пастаянна была сакратаром участковай выбарчай камісіі. Толькі ў апошнія гады  “збыла” з сябе гэтыя паўнамоцтвы, але ў складзе камісіі яна па-ранейшаму.
Старэйшыя нарачанцы і сёння захапляюцца артыстычнымі здольнасцямі Галіны Рызгунскай. Многія не забыліся пра цудоўныя вечары “Ад усёй душы”, якія па аналагу вядомай на ўсю краіну ў савецкія часы тэлеперадачы ладзіла пры перапоўненай зале ў мясцовым Доме культуры Галіна Пятроўна. Яна і сцэнарыі да іх рыхтавала, і сама праводзіла. Ды так, што плакалі людзі ад радасці і замілавання, шчыра дзякавалі нязменнай вядучай за падараваныя хвіліны душэўнасці і цяпла.
Акрамя здольнасцей вядучай, Бог надзяліў Галіну прыгожым мілагучным голасам, і яна з задавальненнем спявае. Дарэчы, гэты дар атрымала дачка ў спадчыну ад матулі, якая таксама мае ад прыроды добры голас. Дуэт у складзе стрыечных сясцёр — Галіны Рызгунскай і Ліліі Навіцкай — быў на працягу многіх дзесяцігоддзяў нязменным удзельнікам канцэртных праграм не толькі ў Нарачы. Іх спевам на два галасы ўсе заслухоўваліся. Нездарма неаднойчы вярталіся жанчыны з розных прадстаўнічых конкурсаў з дыпломамі і прызамі. Апошнім часам яны больш спяваюць у хоры ў касцёле Святога Андрэя Апостала ў аграгарадку.
Толькі з мінулага навучальнага года Галіна Рызгунская не працуе ў школе. Але без справы не сядзіць. З ранняй вясны да позняй восені корпаецца на агародзе. Нездарма там выключны парадак. Каб і хацеў, не знойдзеш нідзе пустазелля. А вось новаўвядзенняў хапае. Ёсць цёплыя градкі, а сёлета нават бахча з’явілася на агародзе — чарговы эксперымент. Каля дома гаспадыні растуць дрэўцы, кустоўе, шмат і кветак, якія ўпрыгожваюць дваровую тэрыторыю. А нядаўна, каб дагадзіць любімай унучцы, занялася Галіна Пятроўна развядзеннем трусоў. Жывёла пайшла рукой — на радасць і сабе, і Машы. Ёсць у гаспадарцы і куры…
Галіна Рызгунская — цудоўная матуля, бабуля. У яе сын і дачка. Юра жыве ў курортным пасёлку, а Вера — у Мінску. Ганарыцца жанчына і сваімі ўнукамі — Мішам, Дзімам і ўзгаданай вышэй Машай, якая стала сёлета першакласніцай. Яны для яе — найдаражэйшы скарб. Цудоўна ладзіць яна з нявеcткай, цешыцца зяцем. А яшчэ Пятроўна і клапатлівая дачка, якая з любоўю і пяшчотай даглядае сваю матулю.
Часта ў вокнах дома Рызгунскіх позна ўвечары можна ўбачыць святло. Гэта гаспадыня займаецца сваёй любімай справай — вышыўкай. Як расказала загадчыца Нарацкай сельскай бібліятэкі Лілія Грыцук, аддалася сур’ёзна жанчына свайму хобі, як перастала працаваць у школе. Зараз яна вышывае нацюрморт Хруцкага. А ўвогуле ў яе ёсць калекцыі звяроў, птушак, зімовых і асенніх пейзажаў, кветак, а таксама абразы.
— Нібы жывы пазірае з палатна гепард, — кажа Лілія Міхайлаўна. — Мне асабіста вельмі хочацца яго пацалаваць. А ўзяць “Апенькавы лес”. На вышыванцы паказаны немаладыя дрэвы, карчы. Звычайна такі лес увосень багаты на апенькі, якія проста немагчыма абмінуць. Далей за дрэвамі палянка, а непадалёку з ёй рэчка, якая быццам жывая… Мне яшчэ вельмі падабаецца работа, на якой вышыты перакулены кошык, напоўнены ландышамі. Любуюся прыгожымі беласнежнымі кветкамі і, здаецца, нават чую, як яны… пахнуць… Калі экспанаваліся работы Галіны Пятроўны на выставе ў нашай бібліятэцы, шмат людзей прыходзіла іх паглядзець. Многія адзначалі высокае майстэрства майстрыхі, а некаторыя нават і не верылі, пакуль не дакрануліся да палатна, што гэта вышыванкі, бо лічылі, што работы намаляваны фарбамі. Шмат творчых задумак у мясцовай умеліцы і наперадзе. Лічу, што асобныя яе новыя працы мы з часам абавязкова ўбачым.
Застаецца толькі парадавацца актыўнасці і неабыякавасці жыхаркі аграгарадка. А яшчэ пажадаць, каб яе вышыванкі і надалей радавалі навакольных сваімі незвычайнымі сюжэтамі, умела падабранымі колерамі нітак і адценнямі. Каб людзям хацелася паглядзець на выкананыя з любоўю работы, дакрануцца да гэтай прыгажосці.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: Галіна Рызгунская.
Фота Аляксандра Высоцкага.


25 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на Блакітных азёрах        Царква ў Слабадзе _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси