Зюзя, Лёля і лялькі-абярэгі

Трава, палена і нават бульба — з такіх матэрыялаў зроблены лялькі, якія можна пабачыць у Мядзельскім музеі Народнай славы. На выставе «Лялька: абярог, гульні, памяць» іх прадстаўлена каля 120. Гэта вырабы з фондаў клуба фальклорнай і народнай лялькі «Папараць-кветка» з Мінска.
— Згодна са старадаўнім паданнем, таму, хто знайшоў папараць-кветку, адкрываюцца  схаваныя ў зямлі скарбы, — пішуць яго ўдзельнікі. — Мы дорым вам сваю «Папараць-кветку», каб вы маглі палюбавацца  скарбамі беларускай культуры: гэта народны строй і беларуская міфалогія, беларуская лялька.
Тут ёсць аўтарскія керамічныя лялькі ў традыцыйных беларускіх строях. Іншыя   знаёмяць з персанажамі міфалогіі беларусаў: Зюзям, Лёляй, Цёткай, Жыценем… Багата на выставе лялек, сабраных падчас экспедыцый па рэгіёнах краіны.
— Яны — самабытныя і ўнікальныя, — расказвае навуковы супрацоўнік музея Любоў Грыцкевіч. — Увогуле, на выставе можна пазнаёміцца з народнай лялькай, зробленай не толькі з тэкстылю, але і з зусім нечаканых матэрыялаў — пяску, травы, шэрсці жывёл, моху, пілавіння, воску і нават кукурузы.
Сярод іх шмат лялек-абярэгаў.
— Імі не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер ці гулялі дзеці. Яны заўсёды былі вельмі моцнымі памагатымі ў побыце, грамадскім і асабістым жыцці нашых продкаў, — дадае суразмоўца. — Лялькі рабіліся з нагоды народных святаў, у якасці падарункаў або абрадавых сімвалаў для адзначэння сямейных падзей, такіх як вяселле ці нараджэнне дзіцяці, а таксама проста як захавальніцы спакою, здароўя, дастатку, кахання. Лялькі-абярэгі заўсёды рабіліся з белым тварам — для таго, каб праз іх нельга было перанесці злыя думкі і ўчынкі на ўладальніка ці ўладальніцу. Таксама белы колер вобразна выказваў адухаўленне і чысціню намераў гаспадароў. Заўсёды яны рабіліся без прымянення іголак, нажніц, нажоў, клею, каб не нанесці шкоду тым, чыё здароўе і дастатак будуць яны потым захоўваць. Нітачкі абрываліся рукамі ці перакусвалі зубамі, а калі што і трэба было абрэзаць, то перш рэзалі, а потым ужо прыкладвалі да лялькі.
Таксама на выставе можна ўбачыць традыцыйныя рускія народныя гульнявыя і лялькі-абярэгі. Скажам, абрадавая лялька «Дзесяціручка». Яе рабілі з лыка або саломы 14 кастрычніка на Пакроў, калі садзіліся за рукадзелле. У вырабе выкарыстоўвалі ніткі чырвонага колеру, які з’яўляецца абярэжным.
Наведваюць выставу і дарослыя, і дзеці. Прадстаўнікі маладога пакалення параўноваюць экспанаты з сучаснымі лялькамі. А юнай мядзяльчанцы Ксеніі Чарняўскай найбольш спадабалася кампазіцыя «Час піць гарбату (беларускія памешчыкі)». Бо тут усё так дасканала зроблена, з дробнымі дэталямі.
Пазнаёміцца з багаццем лялечнага свету ў мядзельскім музеі можна да 10 снежня.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: адна з наведвальніц выставы —  Ксенія Чарняўская; лялькі з выставы.
Фота аўтара.


24 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 0-170 0-178 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела