Пост ДАІ

Не цягні з гумай!

З ПАЧАТКУ года на тэрыторыі вобласці зарэгістраваны 733 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 140 чалавек загінулі і 793 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, 42 ДТЗ учынілі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. Па-ранейшаму асноўнымі прычынамі аўтааварый з’яўляліся:
- няправільны выбар хуткасці ва ўмовах дрэннага надвор’я;
- недысцыплінаванасць пешаходаў;
- няўважлівасць вадзіцеляў падчас праезду скрыжаванняў і манеўрыравання.
Аналіз ДТЗ паказаў, што невыкананне правілаў дарожнага руху ў частцы невыкарыстання зімовых шын прыводзіць да няшчасных выпадкаў на дарозе.
10 снежня мінулага года ўвечары на дарозе каля в. Сёмкава Мінскага раёна вадзіцель, 1977 г. н., жыхарка гэтага раёна, не маючы права кіравання (пазбаўлена па арт. 18.17 ч. 1 і 18.17 ч. 4 КоАП Рэспублікі Беларусь), рухаючыся на аўтамабілі “Дэу-Нексія”, не справілася з кіраваннем і сутыкнулася ў спадарожным накірунку з аўтамабілем “БМВ-525”. У выніку аварыі жанчына з цяжкімі траўмамі шпіталізавана. Вядома, што яна не была прышпілена рамянём бяспекі, да таго ж на яе аўтамабілі былі летнія шыны.
У лютым гэтага года раніцай у  в. Копішча Мінскага раёна вадзіцель, 1968 г. н., кіруючы аўтамабілем “Фальксваген-Пасат”, на закругленні дарогі няправільна выбраў хуткасць і дапусціў занос транспартнага сродку, выехаў за межы праезнай часткі і патрапіў на пешахода. У выніку ДТЗ пешаход, 1992 г. н., з атрыманымі траўмамі шпіталізаваны. Вядома, што на пярэдняй восі аўтамабіля былі зімовыя шыны, на задняй — летнія.
З мэтай прафілактыкі і папярэджання ДТЗ у зімовых умовах, а таксама падрыхтоўкі аўтамабіляў да эксплуатацыі ў зімовы час 25 лістапада Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Не цягні з гумай!”.
Згодна з пунктам 207-1 правілаў дарожнага руху, дзе ўказана, што падчас удзелу ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай вагой да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай вагой да 5 тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі, якія ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны мець рэшткавую вышыню малюнка пратэктара не меншую за 4 мм.
У якасці зімовых шын будуць прымацца і маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма шпілямі са сняжынкай унутры яе ці знакамі “М+S”, “M&S”, “M.S”, “M S”, “All seasons”.
Адказнасць за невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын прадугледжана часткай 5 артыкула 18.22 КоАП (іншыя парушэнні правілаў дарожнага руху) і цягне за сабой папярэджанне і накладанне штрафу.
У выпадку, калі на транспартным сродку ўстаноўлены зімовыя шыны, але рэшткавая вышыня малюнка пратэктара складае менш за 4 мм, адказнасць наступае па частцы 3 артыкула 18.12 КоАП (кіраванне транспартным сродкам, які мае няспраўнасці) — цягне за сабой папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да базавай велічыні.
Пры паўторных парушэннях, адказнасць за якія прадугледжана часткай 3 артыкула 18.12 КоАП, на працягу года яны будуць кваліфікавацца па частцы 9 гэтага артыкула і пацягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да пяці базавых велічынь.
Канечне, цалкам спадзявацца на тое, што зімовыя шыны папярэдзяць ДТЗ, няправільна. Але падчас пэўных умоў, з улікам бяспечнай хуткасці аўтамабіль на шынах з зімовым пратэктарам больш устойлівы і лепш “трымае” дарогу.
Рыхтуючыся да зімовага сезона, трэба паклапаціцца яшчэ пра некаторыя рэчы. А менавіта:
- праверыць работу абагравальнікаў шкла, “дворнікаў”, тармазоў;
- праверыць узровень антыфрызу і заліць незамярзаючую вадкасць у бачок;
- не лішне апрацаваць замкі і петлі дзвярэй, капота, багажніка сіліконавай змазкай;
- звярнуць увагу на стан запаскі, дамкрата, буксіровачнага троса і знака аварыйнага прыпынку;
- калі ёсць сумненні ў надзейнасці акумулятара, лепш яго замяніць напярэдадні маразоў;
- калі своечасова не памяняць паліўны фільтр (асабліва дызель), то першы значны мароз стане прычынай няспраўнасці рухавіка ў дарозе.
ПАМЯТАЙЦЕ!
Летняя гума пры адмоўнай тэмпературы неэфектыўная, аўтамабіль можа весці сябе непрадказальна!
Падчас галалёду тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў!
Перыядычна правярайце спраўнасць тармазной сістэмы і рулявога кіравання!
Зношаны пратэктар шын пакідае вам мала шанцаў на зімовай дарозе!
Выбірайце карэктную хуткасць руху і правільную дыстанцыю!
Аддзяленне ДАІ РАУС. 
***

Бяспека на ўсе 100

У СТУДЗЕНІ-кастрычніку гэтага года на дарогах рэспублікі ў 296 дарожна-транспартных здарэннях (-3,9 % у параўнанне з аналагічным перыядам мінулага года) загінула 14 дзяцей (+40 %), 296 — атрымалі траўмы (-7,2 %). Удзельнікамі ДТЗ у якасці пасажыраў сталі 116 непаўнагадовых.
З пачатку года на тэрыторыі вобласці адбылося 30 ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў, у выніку якіх трое з іх загінулі, 31 — атрымаў траўмы. У 19-ці здарэннях дзеці не былі прышпілены рамянямі бяспекі, а малалетнія пасажыры знаходзіліся ў салоне аўтамабіля без спецыяльных аўтакрэслаў!
З улікам дадзенай сітуацыі дзяржаўтаінспекцыя па 27 лістапада гэтага года праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю па бяспечнай перавозцы дзяцей “Забяспеч бяспеку дзіцяці ў аўтамабілі на 100 %!”.
Падчас мерапрыемства супрацоўнікі ДАІ праводзяць кантроль за выкананнем патрабаванняў пункта 178 правілаў дарожнага руху, дзе пазначана, што ў Беларусі перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць іх вазе і росту. Калі правілы перавозкі дзяцей-пасажыраў парушаны, вадзіцель панясе пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь (да Br84), а за паўторнае падобнае парушэнне давядзецца заплаціць ад 2 да 8 базавых велічынь (да Br168).
Да ведама!
У многіх краінах ёсць меркаванне, што павага да правілаў паводзін у аўтамабілі павінна выхоўвацца ўжо ў немаўляці — з першай паездкі з раддома. І што цікава, у многіх замежных бальніцах адміністрацыя мае права забараніць перавозку малыша на неабсталяванай спецыяльнай люлькай машыне. У жыхароў Еўропы і ЗША зараз нават думкі не ўзнікае, што дзіця можна вазіць у аўтамабілі без спецыяльнага сядзення ці крэсла.
Справа застаецца за дробяззю. Кожны з бацькоў абавязаны падумаць пра бяспеку  дзіцяці і вырашыць для сябе, наколькі дорага ён ацэньвае жыццё і здароўе сваіх сына ці дачкі. Таму здзіўляе, што многіх матуль і татаў у першую чаргу хвалюе пытанне пра магчымы штраф за адсутнасць аўтакрэсла. Але ж якія грошы заменяць вашага малыша?
Акрамя гэтага, многія бацькі не разумеюць наступствы аварыі: трагедыя можа адбыцца ў выпадку ДТЗ нават на малых хуткасцях! Дзіця без аўтакрэсла можа быць выкінута з вялізнай сілай у лабавое шкло пры любым дарожным здарэнні, нават на хуткасці 45 км/г. А што будзе пры 90 км/г? Улічвайце, што большасць аварый адбываецца паблізу ад дому і ў недалёкіх паездках. І яшчэ. Ніводная маці не зможа ўтрымаць на руках дзіця падчас аварыі: у момант сутыкнення на хуткасці толькі 50 км/г яго вага павялічваецца ў 20 разоў.
Сумная статыстыка сведчыць, што гіне кожнае шостае дзіця, якое трапіла ў аварыю. Для далікатнага арганізма малога дастаткова нават рэзкага тармажэння. Аднойчы пацыенткай дзіцячай бальніцы стала шасцігадовая дзяўчынка. Яна ехала на пярэднім сядзенні мікрааўтобуса “Mercedes-Benz Sprinter”, сядзела на звычайнай падушцы і была прышпілена аўтамабільным рамянём бяспекі. Ніякай аварыі не адбылося. Яе бацька толькі рэзка затармазіў. Дзяўчынка выслізнула з-пад рамяня, стукнулася галавой аб лабавое шкло і атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму і страсенне.
Дзеці ў машыне — самыя неабароненыя пасажыры. У момант сутыкнення іх пачынае кідаць у розныя бакі, у выніку чаго яны атрымліваюць не адно, а некалькі пашкоджанняў: галавы, жывата, грудзіны, унутраных органаў і пераломы. Аўтакрэсла — адзіны варыянт, каб засцерагчы такога пасажыра.
Аддзяленне ДАІ РАУС. 


24 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Рэчка Нарачанка        _06-040 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела