Па прыступках прафесіі

У ЗАНАРАЧ Таццяна Барадуліна прыехала разам з мужам Алегам і маленькім сынам Уладзіславам, якому нядаўна споўнілася дзевяць месяцаў. Родам яны — са Слуцка, у Занарацкую СШ трапілі па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. І калі муж узяў на сябе абавязкі па доглядзе за Уладзікам, то жонка выйшла на працу (пралічылі лепшы варыянт). Такім чынам, эпітэт “маладая” ў дачыненні да Таццяны можна прымяніць тройчы: маладая жонка, маладая матуля і маладая настаўніца.  Па спецыяльнасці яна — настаўнік працы і чарчэння.
— У першай чвэрці вучыла дзяцей працаваць на дрэваапрацоўчых станках, — расказвае дзяўчына. — Яшчэ, хто хацеў, вучыўся пілаваць лобзікам. Вяду таксама гурток па квілінгу, дзе вучні спасцігаюць майстэрства вырабу кампазіцый са скручаных у спіралькі палосак паперы. Мне далі класнае кіраўніцтва ў пятым класе — цікавы і вельмі адказны ўчастак работы. З падтрымкай старэйшых калег спадзяюся, што ўсё ў мяне атрымаецца.
Першыя ўражанні ад прафесіі ў пачынаючага педагога самыя лепшыя. Кажа, што і з дзецьмі працаваць падабаецца, і калектыў добры. Дырэктар навучальнай установы Вікторыя Генадзьеўна Кумішча дапамагла маладой сям’і хутка знайсці здымную кватэру. Але Таццяна з мужам мараць пра ўласнае жыллё:
— Думаем, калі ўсё добра складзецца, будзем у Занарачы ці купляць нешта, ці станавіцца на чаргу. Тым больш, што я — сірата, таму маю пэўныя льготы, якімі хачу скарыстацца.
Выдатна адгукаецца пра маладога спецыяліста намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Генадзьеўна Жыхар:
— Таццяна Аляксандраўна з тых, хто ўмее вучыцца. Яна добра ўспрымае тое, што ёй кажаш. Больш таго, не саромеецца звярнуцца да нас, калі што незразумела, задае пытанні, кансультуецца. Няма такога, што спачатку зрабіла, а потым пытаецца. Працаваць з такім маладым спецыялістам — задавальненне. Таццяна (часам, так да яе звяртаюся) вельмі простая ў зносінах, шчырая і добразычлівая. Мне яна імпануе. Мы, настаўнікі, разумеем таксама, што ёй зараз цяжкавата: новае месца, калектыў, маленькае дзіця, якое патрабуе шмат матулінай увагі. Таму кожны стараецца дапамагчы ці то добрым словам, ці то парадай.
Спадабалася Таццяне Аляксандраўне і Занарач. Кажа, што аграгарадок прыгожы, да таго ж на беразе цудоўнага возера Нарач. Хочацца спадзявацца, што гэта прыгажосць з цягам часу стане для маладой сям’і месцам, якое яны назавуць родным куточкам.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: маладая настаўніца Занарацкай СШ Таццяна Барадуліна.
Фота Аляксандра Высоцкага.


24 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Моладзь

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

84 _06-040 Царква ў Слабадзе Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси