З рэдакцыйнай пошты

Да вышынь дакаціліся словы імшы

Традыцыйнае восеньскае свята Дзяды не пакінула раўнадушным нікога. У кожнага чалавека хтосьці адышоў з гэтага свету — мо бацькі і дзяды, мо браты, сёстры ці іншая радня. Цяпер на іх магілках і дарагія помнікі, і безыменныя камяні. Ля адных — раса горкіх слёз нядаўняй незваротнай страты, ля другіх — нямое маўчанне. Праўда, у гэты своеасаблівы дзень 2 лістапада ніхто не застаўся забытым. Прыклад — малая вёсачка Пруднікі.
Раней у ёй было нямала хат і людзей. Цяпер — адзін, два, тры… І ўсё насельніцтва. Дзеці, унукі, праўнукі раз’ехаліся, хто куды. Але добрая, пахвальная традыцыя збірацца на могілках усталявалася цвёрда. Цэлымі сем’ямі, нягледзячы на дрэннае надвор’е, пешшу ішлі людзі за вёску, ля ляснога астраўка са шматлікімі крыжамі (заўважу, з-за дрэннай дарогі транспартам сюды не даехаць). Напярэдадні навялі парадак, прынеслі мноства кветак. Падмялі, пасыпалі пясочкам, прыбралі нават забытыя магілы. Як заўсёды, старанна папрацавалі сем’і Калошкаў, Таразевічаў, а сёлета — і Маркевічаў, Несцярэнкаў і іншых.
Доўга гарэлі свечкі, разам з айцом Юрыем з Мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай памаліліся за душы памерлых, за іх вечны спачын побач са светлымі нябеснымі зоркамі.
Ушанаванне памерлых продкаў прайшло ва ўсіх населеных пунктах раёна. Адпаведнае мерапрыемства падчас восеньскіх Дзядоў адбылося і ў раённай бібліятэцы. Наладзілі яго ўдзельнікі клуба “Задушэўная размова” пад кіраўніцтвам Ірыны Цыгельнікавай. Па прапанове Галіны Шукелы была запалена свечка памяці. Яна перадавалася з рук у рукі, і кожны з прысутных расказваў пра дарагіх сэрцу людзей, пра іх добрыя справы і мудрыя наказы.
Крануў пачуцці многіх верш Рычарда Федарца з такімі радкамі:
Цішыня. Пасвятлела асенняе неба,
Да вышынь дакаціліся шчырыя словы імшы.
Гэта месца з радамі крыжоў пасівелых
Будзе вечным, святым ачышчэннем і нашай душы.
В. ЯФІМАВА.
 г. Мядзел.

***

Царква ў полі

На Мядзельшчыне шмат храмаў. А вось у Дзягілях святыні, на жаль, няма. Праваслаўныя вернікі з нашага населенага пункта наведваюць Слабадскую царкву. Каталікі ж ездзяць на службу ў касцёл у райцэнтр.
Я сама родам з Лагойшчыны, але за той час, што жыву на Мядзельшчыне, даўно лічу яе сваёй другой радзімай. Не забываю і бацькоўскую зямлю. Калі дабіраюся туды, па дарозе абавязкова абмінаю Мікасецк. І заўсёды любуюся тамтэйшай драўлянай царкой.
Ля святыні на святы і ў нядзелю шматлюдна. Калі толькі падыходзіш да яе, яшчэ здалёк чуеш магутны голас мясцовага святара айца Пятра. Прыгожыя, узнёслыя малітвы, спевы, здаецца, далятаюць да нябёсаў. Складваецца ўражанне, што вернікі з глыбінкі разам са святымі і анёламі вітаюць Пана Бога і Найсвяцейшую Багародзіцу.
Радуецца сэрца, што і старэйшыя, і моладзь зараз зусім па-іншаму, чым у гады маёй маладосці, адносяцца да рэлігіі. Наведваюць Богаслужэнні, прыступаюць да споведзі і прычасця. Дбаюць не толькі аб зямных дабротах, але і аб духоўным жыцці. Прычым прыходзяць у святыні не толькі тады, калі напаткае бяда, але калі і на сэрцы радасць. Каб падзякаваць Богу за ўчыненыя ласкі. Папрасіць дапамогі і падтрымкі ў справах надзённых. Памаліцца за свае сем’і і Айчыну, каб і надалей усе жылі ў міры і згодзе.
Р. ВЕРАБЕЙ.
в. Дзягілі.


11 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Нам пішуць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

06-043 1-12 возера Глубелька img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси