На барацьбу з сацыяльным злом. І ніякіх кампрамісаў!

ХОЧАЦЦА нам таго ці не, аднак вельмі многае ў нашым жыцці ды і само яно залежыць ад людской дысцыплінаванасці. І выключэнняў тут няма ні для адказных асоб розных сфер народнай гаспадаркі,ні для кухаркі. Сёння паўсюдна ў цане здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і быту. Аднак, на вялікі жаль, мы пакуль нярэдка чуем пра трагедыі на дарогах, пажары з чалавечымі ахвярамі, няшчасныя выпадкі на вытворчасці. У аснове ўсяго гэтага негатыву ляжыць звычайна нечыя безразважнасць, нядбайнасць, абыякавасць, прыніжанае пачуццё адказнасці за сябе і тых, хто побач, нягодніцтва, няўцямнасць… Звесці яго ў краіне да мінімуму і заклікана Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Наконт таго, як яна выконваецца на Мядзельшчыне, а таксама пра эфектыўнасць работы па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын і вялася размова на пашыраным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў мінулую пятніцу. З грунтоўным дакладам па гэтым пытанні выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Напачатку Іна Іванаўна спынілася на той аб’ёмнай прафілактычнай дзейнасці па фарміраванні ў жыхароў азёрнага краю правапаслухмяных паводзін, прывіцця здаровага ладу жыцця, навыкаў па асабістай і маёмаснай бяспецы.
Так, з мэтай выключэння надзвычайных здарэнняў і вытворчага траўматызму пастаянна ажыццяўляецца кантроль за тэхнічным станам механічных транспартных сродкаў. Перад выездам у рэйс вадзіцелі праходзяць абследаванне з абавязковым медыцынскім аглядам наконт знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення. З рызыкай для сябе ігнаруюць гэта ў таварыствах “Зані”, “Слабадская зара”. У апошняй гаспадарцы, а таксама ў “Мядзелаграсэрвісе”, “Прудніках-Агра” не арганізавана правядзенне штогадовага медыцынскага агляду работнікаў. Не можа не радаваць, што пасяўная, корманарыхтоўчая і ўборачная кампаніі прайшлі ў раёне без выпадкаў вытворчага траўматызму. Ды і наогул, сёлета ў нашым азёрным краі  не зарэгістравана ніводнага выпадку  са смяротным ці цяжкім зыходам, прафесійных захворванняў людзей у працэсе вытворчай дзейнасці.  Тым не менш, падстаў для самазаспакаення няма, бо супрацоўнікі ДАІ выявілі дзевяць механізатараў, якія пры ўпраўленні транспартнымі сродкамі знаходзіліся ў нецвярозым стане. Большасць іх з таварыстваў “Свір-Агра” і “Сваткі”. Адказнасць для такіх жорсткая. Як кажуць, “на ўсе чатыры бакі” пайшлі за ўжыванне спіртнога на вытворчасці два падсобныя рабочыя прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Дзе-нідзе ў разрэз з патрабаваннямі Дырэктывы №1 адказныя асобы дапускаюць да эксплуатацыі абсталяванне і механізмы, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця і здароўя працуючых, не адхіляюць ад работы тых, хто не выкарыстоўвае сродкі індывідуальнай аховы. І гэта не проста словы. За дзевяць месяцаў Маладзечанскі міжраённы аддзел Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы выдаў тры прадпісанні на прыпыненне сарака адзінак абсталявання. Калі некалькі больш канкрэтна, то галоўны інжынер таварыства “Будслаўскае” Ягор Рачкоў дапусціў да эксплуатацыі на слясарным участку свідравальны станок з няспраўным устройствам для вяртання шпіндаля ў зыходны стан; энергетык ААТ “Сваткі” Мікалай Грышкевіч — у кароўніку фермы “Няверы” транспарцёр гноевыдалення без ахоўнай засцярогі прывадаў; загадчык рамонтнай майстэрні “Мядзелаграсэрвісу” Валерый Камінскі — тачыльна-шліфавальны станок без наяўнасці на яго дакументаў завода-вытворцы. Сотні парушэнняў патрабаванняў аховы працы пры абследаванні арганізацый выяўляе і мабільная група райвыканкама. Іншая справа, што на яе рэкамендацыі далёка не ўсе рэагуюць аператыўна, што можа прывесці да траўміравання і гібелі людзей. У ліку рызыкоўна-недысцыплінаваных называліся кіраўнікі таварыстваў “Слабадская зара”, “Зані”, “Пруднікі-Агра”, “Будслаўскае”, “Свір-Агра”, “Занарацкі”, “Мядзелаграсэрвіс”, СГФ “Дзягілі”. Для дасведчаных людзей нескладана ўявіць, чым можа закончыцца выкарыстанне выпадковых прадметаў у якасці падставак пад аўтатрактарную тэхніку, якая рамантуецца, не правераных належным чынам кран-балак, адсутнасць у вытворчых памяшканнях пярвічных сродкаў пажаратушэння…
Вымушае да больш актыўных прафілактычных дзеянняў і павелічэнне колькасці загінуўшых у раёне ад розных знешніх прычын: за дзевяць месяцаў — 29 чалавек. У іх пераліку лідзіруюць атручванні, самазабойствы, утапленні… У прыватнасці, вада забрала чатыры жыцці. Усе мужчыны, сярэдні ўзрост 34 гады. Аб многім сведчыць той факт, што ў крыві траіх з іх выяўлена больш двух праміляў алкаголю. За выключэннем аднаго выпадку, адбылося гэта ў начны час, тройчы — на возеры Мядзел. І можна ніколькі не сумнявацца, калі б не прафесійная работа выратавальных станцый “Мядзел”, “Нарач”, “Зубраня”, такіх трагедый было б значна больш. Станоўчую ролю адыграла і тое, што раённы выканаўчы камітэт сваім рашэннем вызначыў адзінаццаць пляжаў, якія замацавалі за суб’ектамі гаспадарання. За красавік-май усе іх абследавалі на гатоўнасць да летняга сезона і выдалі дазвол на эксплуатацыю. На будучае кіраўнікам Нацпарку “Нарачанскі”, санаторыяў “Нарач”, “Белая Русь”, “Нарачанка”, “Спадарожнік”не пашкодзіць, па прыкладу санаторыя “Сосны”, стварыць на падведамасных пляжах выратавальныя пасты з падрыхтаваным персаналам.
Другая лічба з прыкрай статыстыкі: роўна паўдзясятка жыхароў атруцілася алкаголем. Трое жанчын і двое мужчын. Большасць з іх стаяла на ўліку ва ўрача-нарколага. Кожны такі выпадак разгледжаны на пасяджэнні раённага савета па дэмаграфіі. Пры гэтым выказвалася крытыка ў адрас старшынь сельвыканкамаў, участковых інспектараў. Яны павінны працаваць у больш цесным кантакце са старастамі, старэйшынамі вёсак, дасканала ведаць усіх пражываючых на сваёй адміністрацыйнай тэрыторыі і ў выпадку неабходнасці прымаць разам з кіраўнікамі мясцовых арганізацый эфектыўныя меры па папярэджанні бяды. Сюды ж трэба дадаць і дванаццаць суіцыдаў, восем з іх адбыліся ў сельскай мясцовасці. Прытым, палавіна добраахвотна пайшоўшых з жыцця былі ў нецвярозым стане, практычна кожны неаднойчы дзяліўся сваімі намерамі з навакольнымі. Значыць, мелася рэальная магчымасць утрымаць іх ад фатальнага кроку. На неабходнасці цеснага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых структур у справе прафілактыкі розных негатыўных праяў, павышэння яе эфектыўнасці акцэнтаваў увагу кадраў і старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Забяспечым на ўсіх узроўнях сапраўдную і бескампрамісную барацьбу з сацыяльным злом, прымем дзейсныя меры па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, тады і не будзе ў нас на дваццаць шэсць тысяч жыхароў больш за тысячу стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага…
На тэрыторыі раёна за студзень-верасень у параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года назіраецца некаторы рост колькасці агульнакрымінальных злачынстваў са 167 да 174, дарожна-транспартных здарэнняў з 15 да 17, а параненых у іх з 17 да 25. У той жа час зафіксавана менш пажараў, людзей, якія загінулі ў агні і ў аварыях на дарогах — па адным чалавеку. Дакладчыка істотна дапоўнілі начальнікі аддзялення ДАІ  Валянцін Пяткоўскі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Каркоцкі, галоўны ўрач раёна Генадзь Русак. За істотныя недапрацоўкі давялося трымаць справаздачы кіраўнікам таварыстваў “Слабадская зара” Сяргею Роўду і “Зані” Уладзіміру Шмару. А ў прынятым рашэнні намечаны меры па далейшым выкананні патрабаванняў Дырэктывы №1, ухіленні існуючых хібаў, звернута ўвага кіраўнікоў структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў арганізацый на недастатковую эфектыўнасць захадаў па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын. У той жа час адзначана станоўчая работа раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на чале з Мікалаем Паршута за недапушчэнне выпадкаў прафесійных захворванняў работнікаў у працэсе вытворчай дзейнасці.
Павел ЖУКАЎ.


04 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

    Паруснікі                          возера Мястра на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси