Наўры

За лічаныя кіламетры ад Сватак і дарогі, што злучае Мядзел з Мінскам, прытулілася вёска Наўры.
— Людзі тут жывуць добрыя, працавітыя і спагадлівыя, — расказвае старшыня Сваткаўскага сельвыканкама Вера Хацяновіч. — Напрыклад, па вясне суботнік ладзілі. Прыйшлі вяскоўцы, прыехалі нашчадкі, якія жывуць у Сватках, а таксама з Мядзела, Мінска ды іншых гарадах. Сваімі сіламі абгарадзілі могілкі.
На вясковай вуліцы, ля раскідзістага клёна сустракаем Зінаіду Хацяновіч. Яна — карэнная жыхарка Наўраў, нарадзілася ў 1936 годзе. 
— Што з маленства помніцца?
— Вайну памятаю. Як праз раку пераязджалі, тата і мама нас везлі на кані ў кусты — немцаў баяліся. Помню, як немцы полем часалі — Божа-Божа, як страшна было. У вайну ў вёсцы лічаныя хаты папалілі: нашу, яна на рагу стаяла, яшчэ некалькі.
— Чым, можа, ваша вёска ад іншых адрознівалася?
— Нічым. Усе на зямлі працавалі, коней мелі. Прозвішчы ў нас раней такія распаўсюджаныя былі: Хіхічы, Касцевічы, Русакі, Хацяновічы, Губскія.
Успамінае Зінаіда Мацвееўна, як у маладосці моладзь хадзіла на танцы. Апроч сваёй вёскі, выбіраліся ў Даўжані, Сваткі, Кавалі, Ельніцу, Гарадзішча.
— Весела, добра было: ай, музыка кругом. Слаба і сварыліся: хлопцы калі і паб’юцца, то і памірацца, не тое што цяпер. У нашай хаце і ў іншых па чарзе  танцы ладзілі. Польку, вальс і кракавяк умелі. Адразу пасля вайны яшчэ ў лапцях танцавалі.
 У калгас яна пайшла працаваць у год 15:
— Нас чатырох дзяцей было, сям’і трэба пражыць,  — тлумачыць.
Парабіла ў сваім калгасе. А ў пачатку 1960-х стала паштальёнам. І разносіла пошту больш за трыццаць год.
— Зараз як  жывецца?
— Колькі тут нас у вёсцы засталося… Усе пажылыя, ва ўзросце. А я то пакуль кратаюся. Вёска наша дружная. Усе спакойна, ціха жывуць.
Зінаіда Мацвееўна яшчэ гаспадарку трымае: качкі, куры.
***
Як пачынала Зінаіда Хацяновіч працаваць паштальёнам, было ў вёсцы 62 двары, цяпер — толькі 19 гаспадарак.
У вёсцы — 28 жыхароў, пераважна пенсіянеры. Многім і за 80 год. Затое дачнікаў шмат: летам не менш за сваіх. Вёска ж размешчана ў добрым месцы:  побач возера, якое ўсе завуць Наўранскае, рэчка Вузлянка.
Таму тут і ўчасткі набываюць, і хаты купляюць, перабудоўваюць. Так што, побач са старэнькай хаткай можна ўбачыць абнесеную грунтоўным плотам прыгожую дачу. Кажуць, ёсць дачнікі з Масквы, Мінска, Маладзечна…
— З вясны ажывае вёска, як прыязджаюць дачнікі, — гэта ўжо расказвае Галіна  Грышкевіч. — Возера вабіць, улетку на выхадныя людзей поўна. А што: вёска прыгожая, лес, грыбы, ягады блізка.
Яна прыехала сюды на працу са Смаргонскага раёна. Выйшла замуж за мясцовага хлопца:  «з гэтай хаты, з гэтай вёскі».
З 1970 года рабіла аграномам, брыгадзірам, начальнікам участка, на ферме загадчыцай. Так што, кожнага чалавека тут ведае.
— Чым вёска адметная?
— Раней было шмат людзей — працавітых, старанных. Рабілі, атрымлівалі добрыя ўраджаі. За гэта вяскоўцы заўжды былі ў пашане, славіліся.
Успамінае Галіна Іванаўна, колькі ў 70-х гадах было працы на палях:
—  Не тое што цяпер. Каменне збіралі, насілі, дзялілі на дзялкі лён і буракі, за 6 кіламетраў. Столькі працы было, ды ўсё ўручную. Цяпер не зраўняць, якая тэхніка — глядзіш і любуешся. Клуба не было, мы сваёй брыгадай збіраліся. Пётр Маўчан падыгрываў нам, а мы спявалі. Выступалі, з іншай брыгадай у спевах спаборнічалі. А цяпер людзей мала, усе пажылыя, некаторыя на зіму да дзяцей з’язджаюць. Каля мяне нікога зімой няма, няма каму збірацца.
— Цяперака сышла тая вёска. Пазаставаўшыся людзей мала: каторыя старыя, па адным, — згодная з ёй яшчэ адна жыхарка вёскі Ірына Антонаўна Губская.
***
Вядомая вёска тым, што побач знаходзіцца курганны могільнік Наўры. Гэта могільнік крывічоў канца 10-пачатку 12 стагоддзяў. Першы раз археолагі раскопвалі яго яшчэ ў 1934 годзе. І ў апошнія гады раскопкі праводзяць. Знаходзяць ганчарны посуд, упрыгажэнні і прадметы побыту.
Вёска засталася ў мастацтве. Мясцовыя краявіды маляваў ураджэнец Наўраў, педагог і мастак Барыс Пястун. У вершы «Карані» прыгадвае родную вёску паэт Валерый Хіхіч (ён потым жыў у Крывічах, цяпер — у Маладзечне):
Зямлі маёй куточак слаўны!
Даўным-даўно, з дзіцячых дзён,
Пішу прывычна: вёска Наўры
І далей — Мядзельскі раён.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: 1. Карэнная жыхарка вёскі Зінаіда Мацвееўна Хацяновіч; 2. На сваім падворку — Галіна Іванаўна Грышкевіч.
Фота аўтара.
Гістарычная даведка
Наўры — у 1863 годзе вёска Княгінінскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні, 16 двароў, 133 жыхары. У 1904 годзе ў вёсцы было 266 жыхароў, працавала школа граматы. У ёй у 1896/97 навучальным годзе вучыліся 10 хлопчыкаў. У 1908 годзе — 38 двароў, 270 жыхароў. У 1921 годзе вёска Мядзельскай гміны Дунілавіцкага (з 1925 года Пастаўскі) павета Віленскага ваяводства, 43 двары, 231 жыхар.
У 1940 годзе налічваўся 51 двор, 175 жыхароў; створаны калгас «Бальшавік». У 1960 годзе — 221 жыхар. На пачатак 1997 года — 39 двароў, 82 жыхары.


04 лiстапада 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя, Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Касцёл у Засвіры   на Блакітных азёрах        Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси