ЗАМЕСТ ПРАГРЭСУ – ПРЫКРАЕ ПАДЗЕННЕ

КАЛІ сёння зірнуць у аператыўную зводку па сутачных надоях малака ад каровы ў гаспадарках нашага азёрнага краю, то адразу звяртаеш увагу на мізэрны паказчык у таварыстве “Слабадская зара” — 4,49 кілаграма. Ён адразу кідаецца ў вочы, як нейкая недарэчнасць, бо ў сярэднім па раёне прадукцыйнасць кароў у два разы вышэйшая. Нават са значным запасам. Безумоўна, каб так безразважліва прыстасавацца да ролі бездапаможнага аўтсайдара, кадрам трэба нямала “пастарацца”. А больш правільна будзе сказаць: на працягу даволі вялікага часу пусціць справы на фермах на самацёк. Факты? Ды іх хоць адбаўляй! На асноўныя вытворчыя хібы звярталася ўвага літаральна пазаўчора на пасяджэнні райвыканкама пры абмеркаванні вынікаў работы гэтай гаспадаркі за дзевяць месяцаў. Адкрываючы яго, старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка адзначыў, што з прыходам у таварыства сем месяцаў таму новага дырэктара Сяргея Роўды жыла надзея на станоўчую дынаміку ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. На жаль, замест прагрэсу назіраецца прыкрае падзенне. Хаця аб’ектыўных падстаў для здачы пазіцый няма, у распараджэнні кіраўніцтва далёка не самая горшая ў рэгіёне матэрыяльна-тэхнічная база. Іншая справа, што яна не задзейнічана належным чынам. Сярод кадраў “кульгае” выканальніцкая дысцыпліна, аддача ад некаторых блізкая да нуля. Таму і не могуць яны забяспечыць у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі кармленне і ўтрыманне пагалоўя, а тым больш — даенне кароў. З вясны меліся планы па будаўніцтве, рэканструкцыі, вызначаліся накірункі развіцця жывёлагадоўлі, аднак, у рэшце рэшт, усё так і засталося толькі добрымі намерамі.
Якая праца, такія за яе і дывідэнды. Пра невясёлую фінансавую “арыфметыку” таварыства праінфармаваў выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Дытко. Так, сабекошт адной тоны малака, адпраўленага на прыёмны пункт, склаў 429, а сярэдняя цана рэалізацыі — 373 рублі. Па гэтых красамоўных лічбах бачна, што да прыбыткаў тут, не раўнуючы, як да Месяца. Вытворчасць ялавічыны таксама стратная, рэнтабельнасць — мінус ажно 36,5 працэнта. Адной з асноўных прычын такога становішча, апрача нізкай прадукцыйнасці пагалоўя, з’яўляецца перарасход кармоў. У прыватнасці, іх затраты на адзін кілаграм малака перавышаюць нарматыўныя на 0,65 кармавой адзінкі, а прыбаўлення ў вазе буйной рагатай жывёлы — на 6,3. І гэта, падкрэслім, на кожным кілаграме. А ўвогуле, пры пераводзе на грошы атрымліваецца буйная сума ў 250,9 тысячы рублёў. Да яе яшчэ варта дадаць і згубленую на продажы жывёлы нізкімі кандыцыямі і малака першым гатункам 131 тысячу рублёў. Зноў жа, неапраўданых страт, якія на сумленні спецыялістаў гаспадаркі.
Яшчэ адна з праблем у жывёлагадоўлі — крайне нізкі ўзровень селекцыйнай работы. Тут самая вялікая ў раёне колькасць кароў, якія заўчасна ідуць у запуск. Пры наяўнасці зааветспецыялістаў пальцам не паварушаць па дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы ялавасці кароў. Рамонтных цялушак на фермах дастаткова, але іх сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе нізкія — 395 грамаў. Вось і атрымліваецца, што да дасягнення злучной кандыцыі замест 16-18 месяцаў пагалоўю патрабуецца 30. Таму ў рэштцы маюць нікому не патрэбныя ператрымку цялушак на гадоўлі, перарасход кармоў, важкі недабор прадукцыі і адмоўны ўплыў на фінансавы дабрабыт таварыства. Яркае сведчанне прыкрых недапрацовак спецыялістаў і павелічэнне колькасці невытворчага выбыцця пагалоўя з грамадскага статка. Тым не менш, вінаватых у гэтым не знаходзіцца. Эканамічны ўрон ад паморку жывёлы за дзевяць месяцаў у памеры 8830 рублёў аднесены на страты гаспадаркі.
 Не парадавала сёлета і раслінаводства. Збожжавых і зернебабовых сабрана ледзь ці не напалавіну менш, чым летась — толькі 1180 тон, іх ураджайнасць упала да 17,6 цэнтнера з гектара. Значна горш справы і з нарыхтоўкай кармоў: усяго 16,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы пры сярэднераённым паказчыку — 25,2. Усё ніяк не могуць у гаспадарцы па-сапраўднаму разгарнуцца цяпер і з уздымам зябліва. Горш таго, не ўносяць пад яго калійныя ўгнаенні, хаця ляжыць іх на складзе ў Канстанцінаве “мёртвым грузам” 65 тон, ёсць іх рэшткі і ў прыстасаваным памяшканні без дзвярэй на цэнтральнай сядзібе ў Слабадзе. Пры існуючай выпрацоўцы выконваць заданне па ўздыме зябліва механізатары будуць да канца лістапада. Указвалася і на тое, што тэхніка на ворыве выкарыстоўваецца неэфектыўна, рабочы дзень заканчваецца заўчасна. Пры гэтым кіраўнік раёна Анатолій Вайнілка заўважыў, што тыя хлебаробы, якія добрасумленна і вынікова працуюць на зямлі, павінны атрымліваць дастойны заробак. “Ураўнілаўкі” быць не павінна! З сур’ёзных хібаў нельга не адзначыць і яўнае прамаруджванне з давядзеннем да пасяўных кандыцый 375 тон насення яравых культур пад ураджай 2017 года. І яшчэ, у гаспадарцы нямала палёў, якія пазарасталі пустазеллем, аднак тут засталіся не ўнесенымі 760 літраў гліфасатутрымліваючых прэпаратаў. Дзіва, дый годзе!
Марнатраўства, адсутнасць парадку на вытворчасці абыходзяцца нятанна. Толькі за восем месяцаў у таварыстве ад рэалізацыі прадукцыі атрымана 261 тысяча рублёў страт, рэнтабельнасць продажаў склала мінус 27,5 працэнта. Прытым, пад семдзесят працэнтаў усёй выручкі ідзе на зарплату, а на развіццё гаспадаркі практычна нічога не застаецца. Для параўнання: у сярэднім па раёне менш за сорак пяць. Варта адзначыць і тое, што сярэднямесячныя заробкі вяскоўцаў у параўнанне з мінулым годам узраслі, а вось прадукцыйнасць працы знізілася, чаго быць наогул не павінна. Жыць лепш за ўсё па сродках. Тады і не будзе такой вялізнай запазычанасці перад Нарацкім філіялам Маладзечанскага малочнага камбіната, якая на пачатак кастрычніка дасягнула 1,4 мільёна рублёў. Атрымліваецца, што прадпрыемства авансавала гаспадарку за малако, якое яна туды пастаўляе, амаль на два гады наперад…
Па меркаванні дырэктара таварыства Сяргея Роўды, усе беды ў жывёлагадоўлі тлумачацца тым, што ў галіне працуюць кадры, якія не маюць адпаведнай адукацыі. З такой пазіцыяй кіраўніка, калі і можна пагадзіцца, то толькі ў пэўнай меры. У гаспадарцы ёсць галоўны заатэхнік, на фермах — загадчыкі, ветурач. Яны гадамі займаюць пасады, атрымліваюць зарплату, а вось аддачы ад большасці, як бачна па выніках, кот наплакаў. Што, так складана арганізаваць, каб своечасова пакармілі і падаілі дойны статак, забяспечылі пагалоўе вадой, соллю і мінеральнымі дабаўкамі, навялі парадак на ферме, у выпадку неабходнасці замянілі пару лістоў шыферу на даху?! Бачна, тут спрацоўвае іншае: абыякавасць ды прыніжаная адказнасць кадраў за даручаны ўчастак работы. Сведчаннем таму і шэраг крытычных заўваг, якія выказалі ў іх адрас старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, дырэктар райплемстанцыі Максім Тачыцкі, начальнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолій Леонік, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Каркоцкі, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалай Паршута…
У прынятым па гэтым пытанні рашэнні работа ААТ “Слабадская зара” за дзевяць месяцаў па выкананні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў прызнана нездавальняючай. За сур’ёзныя вытворчыя недапрацоўкі яго назіральнаму савету рэкамендавана аб’явіць вымовы дырэктару таварыства Сяргею Роўду і галоўнаму заатэхніку Таццяне Васілевіч. Намечаны таксама комплекс мер па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, яе рэалізацыі, зніжэнні затрат, эканоміі матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў. Адно, што яшчэ можна дадаць на завяршэнне ўсім кадрам гэтай гаспадаркі: “Калі ўжо ўзяліся за справу, будзьце ласкавы, працуйце з толкам, адказна і вынікова!”.
Павел ЖУКАЎ.


28 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-043 на Блакітных азёрах        на Блакітных азёрах        Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси