Памолімся за памерлых

ПРАЗ некалькі дзён будзем адзначаць Дзень памяці. Фактычна гэта час роздуму і ўспамінаў пра тых, каго ўжо няма побач з намі. А для нас яшчэ адна магчымасць спыніцца ў штодзённым патоку імклівага жыцця, неадкладных спраў і клопатаў і задумацца аб вечнасці.
Традыцыя ўшанавання памерлых захоўваецца на Беларусі здаўна. У народным календары
ў гэтыя дні спрадвеку святкаваліся Дзяды — урачыстасць, якая дайшла да нас яшчэ з дахрысцiянскіх часоў. Людзі верылі, што на Дзяды душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць нашчадкі. Акрамя наведвання могілак, адным з абавязковых атрыбутаў гэтага дня з’яўлялася сямейная вячэра ў гонар продкаў, у час якой людзі ўспаміналі дзядоў і клікалі іх да сябе на вячэру.
Цяпер аб’ядналіся праваслаўная і каталіцкая традыцыі памінання памерлых. У гэты дзень варта прыйсці ў храм, каб памянуць памерлых родных і блізкіх, пабываць на могілках, прынесці свечкі і кветкі, памаліцца за тых, хто адышоў у вечнасць.
Святы абавязак кожнага — аддаць даніну павагі і памяці продкам. І не так ужо многа для гэтага і трэба: наведаць і прыбраць могілкі, запаліць лампадку. У гэтыя дні абуджаецца не толькі наша памяць, але і аб’ядноўваецца род. Звычайна сем’і збіраюцца разам, каб наведаць могілкі. Гэта найлепшы час, каб перадаць памяць аб сваіх продках з пакалення ў пакаленне, расказаць дзецям і ўнукам, якімі былі іх дзяды і прадзеды, чым займаліся, як склаўся іх жыццёвы лёс. Памінанне продкаў з’яўляецца жывой сувяззю з імі, бо вядома, што пакуль жыве памяць аб чалавеку — чалавек таксама жыве ў нашых сэрцах.
Могілкі — гэта святое месца. Тут знайшлі вечны спачын нашы блізкія памерлыя. Часта ў штодзённых клопатах нам не хапае часу праведаць іх, успомніць добрым словам. Часта закінутымі і парослымі пустазеллем становяцца магілы сваякоў. У імклівым бегу часу не трэба забываць пра мімалётнасць жыцця, пра тое, што яно можа абарвацца ў любы момант. І тыя, хто сёння яшчэ жыве, праз некаторы час ужо самі будуць чакаць, каб пра іх успомнілі ў малітве.
Маліцца за памерлых — гэта наш абавязак. І не толькі ў лістападзе, але круглы год. Праз малітву мы скарачаем час прабывання ў чыстцы для душ, якія там знаходзяцца. А яны потым на небе моляцца за нас. І гэта еднасць святых.
Малітва за памерлых з’яўляецца для нас таксама напамінам пра тое, што кожны з нас калі-небудзь памрэ — хоча ён гэтага ці не, мае шмат грошаў ці мала. Ніхто з нас не можа сказаць: «Я яшчэ занадта малады, каб думаць пра  смерць і да яе рыхтавацца!». А хто так думае, няхай пойдзе на могілкі і паглядзіць, колькі маладых там ляжыць — здавалася, што жыццё было перад імі, а так хутка яно абарвалася.
Наша памяць — гэта тое, што мы можам даць нашым памерлым блізкім як удзячнасць за сваё жыццё, за любоў да нас, за ўсё добрае, што яны зрабілі на гэтай зямлі, гэта жывая сувязь пакаленняў на парозе вечнасці.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


28 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi 0-178 Царква ў Крывічах 06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси