Ордэн за мацярынскую любоў | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Ордэн за мацярынскую любоў

СЁЛЕТНІ Дзень маці для дзвюх нашых зямлячак запомніцца на ўсё жыццё: яны ўдастоіліся высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці. Ва ўрачыстым прыёме ў Мінску прынялі ўдзел 28 матуль са сталічнага рэгіёну, якія нарадзілі і выхоўваюць не менш за пяцёра дзяцей. Нарачанскі край на ім прадстаўлялі мядзяльчанка Таццяна Нікончык і жыхарка аграгарадка Баяры Валянціна Мычка. Ганаровыя ўзнагароды за мацярынскую любоў, клопат і пяшчоту ўручыў старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. Такім чынам, у радах тытулаваных жанчын Мядзельшчыны значацца ўжо чатыры дзясяткі матуль.
***
Таццяна Валянцінаўна і праз некалькі дзён поўная самых лепшых уражанняў ад свята:
— Вельмі прыемнае мерапрыемства, столькі ўвагі, падарункаў, зала прыгожая. Усё было цудоўна арганізавана, для нас правялі экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы, дзе мне раней не даводзілася пабываць. Таму ўражанняў — шмат, усё вельмі спадабалася.
Таццяна Валянцінаўна разам з мужам — айцом Віктарам, які служыць святаром у прыходзе храма Святога Прарока Іліі ў вёсцы Ілья, выхоўваюць пяцярых дзяцей. Самы старэйшы Данііл, якому хутка споўніцца пятнаццаць гадоў, вучыцца ў дзявятым класе. Серафім у гэтым годзе стаў гімназістам, Кірыл перайшоў у другі клас, а дачушка Еўфрасінія хоць і ведае ўсе літары, але ў школу пойдзе толькі праз год. Самы ж малодшы — Архіп, няўрымслівы і жыццярадасны паўтарагадовы непаседа, якому пакуль што дастаецца больш за ўсіх бацькоўскай увагі.
— Мы не загадвалі, што ў нас будзе пяцёра дзяцей, — расказвае жанчына. — Але магу сказаць, што ўсе нашы дзеці — чаканыя і любімыя. Напрыклад, нарадзіўся Архіп, і праз нейкі час з’яўляецца думка: “Як мы без яго раней жылі?” Ужо не ўяўляю, як гэта — адно дзіця ці два. Старэйшыя вельмі любяць маленькага, і ён да сваіх братоў і сястры вельмі цягнецца. Прыемна назіраць, як дзеці клапоцяцца адзін пра аднаго, пакідаюць, напрыклад, нешта смачнае. Я сама з мнагадзетнай сям’і, таму для мяне тут няма нічога дзіўнага.
Дзень у матулі пяцярых дзетак насычаны рознымі клопатамі і справамі: раніцай старэйшых трэба адправіць у школу, усім прыгатаваць ежу, меншага некалькі разоў пакарміць, прыбраць у доме, глядзіш, ужо дзеці са школы прыйшлі. Адзін ідзе на спартыўную секцыю, другі — на заняткі па музыцы. А яшчэ праверыць урокі, пачытаць з меншымі, памаляваць. Дзе ж усё і пералічыш?
Муж і жонка Нікончыкі — з Брэстчыны, а ў Мядзеле жывуць ужо больш за дзесяць гадоў. За гэты час пабудавалі дом, разлічыцца за які дапамагла дзяржаўная палітыка ў адносінах да мнагадзетных сем’яў, і ўлюбіліся ў гэты край:
— Нам тут вельмі падабаецца. Прыгожа, няма мітусні, як у вялікім горадзе, ды і спакус розных менш. Прыжыліся ўжо.
Бацькі далучаюць дзяцей да розных спраў: малодшыя дапамагалі клумбы ўбіраць восенню, старэйшыя — агарод перакопваць, ды і вясной, летам шмат клопатаў на вуліцы. Таццяна Валянцінаўна разам з мужам стараюцца, каб іх сыны і дачушка былі занятыя карыснымі справамі, каб менш часу заставалася на камп’ютарныя забавы і розныя пусткі. Абое жывуць з разуменнем, што за дзяцей яны ў адказе адзін перад адным, перад людзьмі і Богам.
***
У Валянціны Іванаўны з мужам Мікалаем таксама пяцёра дзяцей, і таксама чатыры сыны і дачушка. Жанчына зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за меншым Дзімкам, якому не так даўно споўніўся год. А вось старэйшы сын Ілья мае ўжо сваю сям’ю і  дачушку, якая прымала ўдзел у сустрэчы нованароджанага дзядзькі з раддома.
Падчас размовы Валянціна Іванаўна прызналася, што пятая цяжарнасць стала для яе выпрабаваннем. Не, не колькасць дзяцей іх палохала, бо абое — з мнагадзетных сем’яў, а ўзрост. Усё-такі ўжо за сорак. Узгадалася, што ў няпоўныя пяцьдзясят гадоў памерла маці і сіратой застаўся сярод іншых і яе шасцігадовы брацік. Але супакоіў муж, якога маці нарадзіла таксама позна (у 44 гады), аднак, не толькі выгадавала, але і ўнукаў ад малодшага дачакалася.
Тры старэйшыя сыны заўсёды былі надзейнымі памочнікамі ў сям’і. Яшчэ калі жылі ў Старых Габах, Валянціна і Мікалай трымалі вялікую гаспадарку. Таму ў хлопцаў заўсёды былі абавязкі, якія яны часам і праз “не хачу”, але выконвалі. “Я іх строга выхоўвала, — кажа жанчына. — Улетку суседскія хлопцы на возера ездзілі, а мае — на сена”. А потым здарыўся цуд. Валянціна Іванаўна зацяжарыла і нарадзіла дзяўчынку. Насуперак прагнозам урачоў, якія пасля перанесенага жанчынай захворвання жартам далі ёй пару працэнтаў, што ў яе яшчэ будуць дзеці. Зараз ужо яна жартуе, што Вікторыя і Дзімка і ёсць гэтыя два працэнты. Яшчэ яе папярэджвалі, што па пэўных выніках аналізаў крыві яе і мужа, нараджэнне дзяўчынкі было амаль немагчымым. Цуд, па-іншаму і не скажаш.
Другі сын таксама дарослы. Ігарку, як яго ласкава называе матуля — 22 гады. Жыве і працуе ў Мінску, мае сваю сям’ю. Ванечку споўнілася 18 гадоў, а Вікулі — 8. Дарэчы, з Ванем таксама звязана цікавая гісторыя, а дакладней, з яго імем. У бацькоў, якія марудзілі з рэгістрацыяй дзіцяці, некалькі разоў аднавяскоўцы пыталіся: “Ну як там ваш Ванечка?”. “Ну чаму Ванечка?” — дзівілася сама сабе жанчына. Не так збіраліся называць сына. Тым больш, што і бацька яе Іван, і яшчэ некалькі чалавек з радні маюць такое імя. Але пасля чарговага “Як ваш Ванечка?” Валянціна згадзілася на тое, што і ў іх будзе свой Іван. Зараз сын — курсант Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
А вось на пытанне “Ці цяжка?” Валянціна адказвае так:
— Калі б мы жылі адны, без радні, то тады, напэўна, было б вельмі цяжка. А так нам шмат дапамагаюць сваякі. Асабліва гэта тычыцца дзіцячага адзення. Яны — нам, а мы ім пакеты складваем. Калі якое свята, то дамаўляемся, хто што прыгатуе, прывязе. Трэба сена нарыхтаваць — тэлефаную брату, цяжка з грашыма (усялякае ў жыцці здаралася) — таксама звяртаюся. Яны нам дапамогуць, а мы ім вясковых прысмакаў дадзім. Лягчэй стала, як памочнікі падраслі. Падтрымка родных вельмі важная і моцная. Ды і самі мы ад работы не ўхіляемся. Гэта зараз у сувязі са станам майго здароўя і нараджэннем Дзімкі гаспадаркі не маем, але гэту сітуацыю абавязкова будзем выпраўляць. Сваё ёсць сваё.
Дарэчы, дружна жыць і клапаціцца пра братоў і сястру бацькі прывучаюць і сваіх дзяцей. Старэйшыя малодшых па чарзе ў дзіцячы садок вадзілі, дома за імі даглядалі. Валянціна Іванаўна кажа, што як іх гадавалі, так і яны сваіх дзяцей гадуюць. А яшчэ са смехам узгадвае, як Ванечка скардзіўся суседцы, што, маўляў, няхай сабе бацькі і не думаюць, што буду з сястрычкай нянькацца. А як нарадзілася, то лепшага памочніка і заступніка і не адшукаць было. Калі маці на капрызы малой неяк павысіла голас, то хлопчык тут жа прыбег з іншага пакоя: “Ты што, нараджала, каб крычаць на яе?”. Узяў на рукі і панёс у іншы пакой. Вось і расце, па словах маці, Вікуля пястушкай, атуленая клопатам не толькі таты і матулі, але братоў, іншых сваякоў.
Ордэн маці, які атрымала Валянціна Іванаўна, стаў і своеасаблівым падарункам да сямейнай даты — 9 лістапада муж з жонкай будуць адзначаць сярэбранае вяселле. З гэтай нагоды ў доме збяруцца дзеці, унукі, прыедуць госці. На стале будзе ўсімі любімая страва — калдуны, нешта прыгатуецца з дапамогай мультываркі, якую жанчыне падаравалі на ўрачыстым прыёме. Ну а на грудзях матулі ў гэты дзень будзе зіхацець ганаровая ўзнагарода — ордэн Маці.
Іна ЯРЧАК.
На здымках: 1. Таццяна Нікончык на ўрачысты прыём прыехала разам з мужам — айцом Віктарам; 2. Мікалай і Валянціна Мычка з малодшым сынам Дзімам.


28 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька Рэчка Нарачанка            Паруснікі                          img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси