“Добрага ўсім настрою і толькі зялёнага святла!”

ВЫБАР прафесіі — адзін з самых адказных і складаных крокаў у жыцці кожнага маладога чалавека. Для адных гэты крок просты і лёгкі. Яны з маленства ўяўляюць сябе настаўнікамі ці ўрачамі, механізатарамі ці прадаўцамі ў краме. Тым больш, калі штодзённа бачаць прыклад бацькоў ці старэйшых братоў альбо сясцёр. Іншым маладым людзям, перш чым выберуць для сябе справу па душы, даводзіцца паспрабаваць сябе на розных пасадах. Вось і Алег Шусціцкі, які працуе вадзіцелем аўтамабіля «МАЗ» у Нарачанскім філіяле ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», не адразу стаў шафёрам.
Пасля заканчэння Княгінінскай сярэдняй школы юнак падаўся на вучобу ў тагачаснае Нарачанскае кааператыўнае вучылішча. Прафесію повара, якую вырашыў набыць, лічыў вельмі адказнай, патрэбнай і сур’ёзнай. Гэта і сапраўды так. Але быць сапраўдным майстрам не проста. Патрэбна, каб прафесія стала часцінкай штодзённага жыцця, без якой чалавек не ўяўляе свайго існавання. Алег жа ў гатаванні страў не ўбачыў свайго прызвання. А тут прыйшла павестка ў армію. Тры гады адслужыў ён на Паўночным флоце. Не кокам, па іншай спецыяльнасці.
Вярнуўшыся дадому, юнак канчаткова вырашыў стаць шафёрам, хаця пра гэта думаў яшчэ падчас службы.
— А дзе набыў прафесію? — пытаюся ў Алега.
— У Вілейцы. Туды з Княгініна прасцей дабірацца — цягніком. Працаваў спачатку ў колішнім саўгасе «Крывічы». Потым — у прыватніка. А ў 2008 годзе ўладкаваўся сюды, — адказвае Алег Уладзіміравіч.
— У вас працуе шмат вадзіцеляў. Чаму вы параілі мне сустрэцца менавіта з Алегам Шусціцкім? — спрабую высветліць у дырэктара філіяла Віктара Боўфала.
— Людзей у нас сапраўды многа працавітых, руплівых. Вось і Алег старанна і дакладна выконвае службовыя абавязкі, праяўляе высокую свядомасць. Ён адказны і ініцыятыўны работнік. Ні разу не дазволіў калегам усумніцца ў яго прафесіянальных якасцях. Ашчадна і ўмела адносіцца да транспартнага сродку, якім кіруе. Падтрымлівае яго ў спраўным тэхнічным стане, не падводзіць ні кіраўніцтва, ні іншых працаўнікоў. Таму і карыстаецца Алег Уладзіміравіч заслужаным аўтарытэтам у калектыве, — гаворыць Віктар Уладзіміравіч. — Ды і вытворчую дысцыпліну імкнецца ніколі не парушаць. За рулём заўсёды ўважлівы, выконвае Правілы дарожнага руху. Такі ўжо характар у гэтага работніка — калі рабіць, дык з толкам, каб не сорамна было за вынікі. Таму і не дзіўна, што не раз заахвочваўся за плённую працу. Яго фотаздымак змяшчалі на Дошцы гонару прадпрыемства, ён быў прызнаны лепшым па прафесіі. Але не гэта лічыць галоўным Алег, а тое, каб быў вынік яго дзейнасці, каб выконваемая работа была патрэбнай і карыснай для іншых.
Спачатку на прадпрыемстве Шусціцкаму даручылі аўтамабіль «ГАЗ-53». Яго старанне і руплівасць не засталіся незаўважанымі. І таму неўзабаве менавіта за ім замацоўваюць аўтамабіль «МАЗ», якім кіруе і зараз.
— Дарогі раёна, напэўна, добра знаёмыя, — працягваю размову.
— Так, я, як і многія іншыя нашы вадзіцелі, дастаўляю малако з ферм гаспадарак на прадпрыемства. Маршруты бываюць розныя. Фактычна давялося пабываць, прычым не адзін раз, на кожнай малочнатаварнай ферме. Сёння, напрыклад, забіраў малако з Габскай і Пузыроўскай ферм. Акрамя таго, што прывозім малако з гаспадарак раёна, даводзіцца дастаўляць яго, а таксама вяршкі з Нарачы ў іншыя філіялы таварыства — у Вілейку, Валожын, Маладзечна, — расказвае Алег Уладзіміравіч. — Працаваць у нас някепска. Рэгулярна маем выхадныя, ды і з заробкам не крыўдзяць…
Патрэбна зазначыць, што Алег добра ўсведамляе, які вязе груз. Тут нельга марудзіць у дарозе, асабліва летам, калі гарачыня. Пасля кожнага рэйсу — мыйка ёмістасці. Прычым акуратная і старанная, каб пры наступнай транспарціроўцы малако не губляла сваю якасць.
— Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх нашых вадзіцеляў, а таксама калег з іншых арганізацый і ўстаноў Мядзельшчыны. Жадаю моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту. Няхай вашы машыны ніколі вас не падводзяць у дарозе, тады і груз будзе дастаўлены ў тэрмін. Добрага ўсім настрою і толькі зялёнага святла! — дадаў на развітанне Алег Уладзіміравіч.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: вадзіцель аўтамабіля «МАЗ» Нарачанскага філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» Алег Шусціцкі.
Фота Аляксандра Высоцкага.


28 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Дарожная служба, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   лебедзі на Мястры Царква ў Слабадзе 0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси