Хто любіць і ўмее працаваць

ПРА тое, з якімі працоўнымі здабыткамі дарожнікі сустракаюць прафесійнае свята, расказвае прараб вытворчага ўчастка №3 філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” — ДРБУ-133″ Анатолій ШАБАН:
— Асноўныя вытворча-эканамічныя паказчыкі, прадугледжаныя на тры кварталы гэтага года, наш калектыў выканаў. У абавязкі дарожнікаў уваходзіць многае: утрыманне і рамонт аўтадарог і пешаходных дарожак, будаўніцтва тратуараў і парковачных пляцовак… Але ж вялікая колькасць прафесійных абавязкаў не палохае тых, хто ўмее працаваць, з адказнасцю ставіцца да сваёй прафесіі.
Мы абслугоўваем прыкладна 170 кіламетраў дарог мясцовага значэння на тэрыторыях Занарацкага, Нарацкага і Свірскага сельсаветаў. Каля 80 кіламетраў дарог маюць асфальтавае пакрыццё, астатнія — гравійныя і грунтовыя. Работы змяняюцца ў залежнасці ад сезона. Так, у зімовы перыяд пераважае ўтрыманне дарог, расчыстка іх ад снегу, пасыпка пясчана-солевай сумессю. Вясной і летам узрастае аб’ём работ. Трэба праводзіць ямачны рамонт дарожнага палатна, касіць траву на абочынах, сачыць за санітарным станам ля павільёнаў на аўтобусных прыпынках. Рэгулярна праводзім прафіліроўку гравійных і грунтовых дарог. Дарэчы, з-за нізкай культуры асобных грамадзян уздоўж дарог то там, то тут з’яўляюцца кучы гаспадарча-бытавога смецця. Даводзіцца прыбіраць, падчышчаць.
— Анатолій Мікалаевіч, а ці вялікі калектыў работнікаў участка?
— Не, усяго 16 чалавек. Сем дарожных рабочых, тры трактарысты, два шафёры і тры вартаўнікі. Калектыў дружны, стабільны. Людзі з адказнасцю адносяцца да даручанай справы.
— Каго вы жадаеце назваць у ліку лепшых?
— Толькі добрае магу сказаць пра дарожных рабочых Генадзія Кішко, Юрыя Малевіча, Андрэя Спірыдовіча. Стараннем і руплівасцю вызначаюцца вадзіцель пагрузчыка Генадзій Роліч, трактарыст
Сяргей Яковіч, машыніст аўтагрэйдара Аляксандр Юрскі. Дарэчы, менавіта Аляксандр у мінулым годзе атрымаў новы аўтагрэйдар. Няма заўваг і да вадзіцеля Станіслава Яцыны, за якім замацаваны аўтамабіль «Люблін». Гэта вопытны вадзіцель, акуратны. Больш дваццаці год працуе на ўчастку, а вадзіцельскі стаж мае з 1982 года. Ён падвозіць людзей да месца работы і дадому.
— Якая тэхніка ёсць у распараджэнні калектыву?
— Пагрузчык «ТО-18» і  малы пагрузчык «PAUS», трактар «МТЗ-1221», аўтагрэйдар, аўтамабілі «ГАЗ-66» і «Люблін», а таксама шэраг навясных і прычапных агрэгатаў.
— Дзе зараз працуюць вашы падначаленыя?
— Працаваць нам даводзіцца ў многіх месцах. Завіхаліся ў будучым беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Сёння, напрыклад, у Бараўлянах на добраўпарадкаванні тэрыторый ля новых дамоў працуюць Генадзій Кішко, Андрэй Спірыдовіч, Юрый Малевіч, Сяргей Яковіч. Генадзій Роліч і аператар устаноўкі «Тайфун» Дзмітрый Завадко заняты ямачным рамонтам асфальтавага пакрыцця дарожнага палатна. На ўездзе ў Баравыя павалілася дрэва. Яго ўбіраюць вадзіцель Станіслаў Яцына і рабочыя Аляксандр Роліч і Эдуард Чарняўскі. Словам, ніхто без справы не сядзіць.
Хачу адзначыць, што мы падрыхтаваліся да работы ў зімовых умовах. Падладзілі тэхніку, назапасілі 900 тон пяску, дастатковую колькасць солі. Думаю, з пастаўленай задачай калектыў справіцца. А на заканчэнне размовы хачу шчыра павіншаваць падначаленых, усіх калег і ветэранаў дарожнай службы з прафесійным святам. Ад усёй душы жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, міру і шчасця.
Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: 1. Рабочыя Аляксандр Роліч і Эдуард Чарняўскі; 2. Вадзіцель аўтамабіля «Люблін»Станіслаў Яцына.
Фота Аляксандра Высоцкага.


28 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Дарожная служба, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

0-178 на Блакітных азёрах        223_     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси