Перашыць і… нанава насіць

КАСТРЫЧНІК сёлета выдаўся сцюдзёным. Халады прымусілі і старых, і малых, не чакаючы бабінага лета, даставаць з шафаў цёплыя рэчы і мяняць свой гардэроб. І вось тут (маю на ўвазе ў шафах) могуць быць розныя сюрпрызы: паліто, якое трэба ўшыць, сапсаваная маланка ў куртцы, якую трэба памяняць, світэр, які моль папсавала. Можна, канечне, выкінуць і купіць усё новае. Але можна надаць рэчам другое жыццё. Калі не можаш ці не ўмееш сам, заўсёды можна звярнуцца да прафесіяналаў. У Мядзеле такую магчымасць прадастаўляюць у швейным цэху райспажыўтаварыства ў будынку, дзе і зараз здалёку бачны подпіс “Дом быту”.
Вось і вырашыла туды накіравацца, каб памяняць замок-маланку ў дзіцячай куртцы. У фае наведвальнікаў сустракае касір-прыёмшчык, які накіруе вас ці ў цырульню, ці на рамонт абутку, ці, як у маім выпадку, да закройшчыкаў. І ўжо тут можна абмяркоўваць варыянты рамонту: ці ёсць у наяўнасці замок патрэбнай даўжыні і колеру, колькі гэта будзе каштаваць, тэрміны выканання заказу, а калі ў мяне з сабой “маланка”, наколькі гэта будзе танней і так далей.
Тэхнолаг швейнага цэха Наталля Чарняўская згадзілася больш падрабязна расказаць, як, скарыстаўшыся іх паслугамі, можна сэканоміць ці вярнуць да новага жыцця любімыя рэчы.
— Калі казаць пра рамонт адзення, то ім у нас займаюцца вопытныя людзі, — кажа Наталля Андрэеўна. — Заўсёды знойдуць выхад з сітуацыі закройшчыцы Альдона Кавальчук і Ганна Куцкевіч: выслухаюць пажаданні, падбяруць тканіны, замкі, усё замераюць і разлічаць. Потым выпішуць накіраванне на касу, дзе аплачваецца паслуга і выдаецца квіток. Наступны раз кліент прыходзіць у вызначаны дзень забраць сваю рэч.
— Наколькі складаны рамонт могуць выканаць вашы майстрыхі?
— Абсалютна любы, за выключэннем рамонту дублёнак, бо машын такіх не маем. Можам і скураныя вырабы падладзіць, і паліто. Але часцей за ўсё да нас звяртаюцца нешта пакараціць, ушыць, памяняць.
— Гэта значыць, што за швейнымі машынамі ў вас прафесіяналы?
— Так. У нас толькі адна жанчына працуе на паўстаўкі швачкай, астатнія — краўчыхі. Для іх не складае праблемы ці за летнюю сукенку брацца, ці за драпавае паліто, балоневую куртку. Дарэчы, яны вам і новую рэч пашыюць. Нягледзячы на тое, што зараз людзі ў асноўным купляюць гатовае адзенне, ёсць і такія, хто заказвае індывідуальны пашыў.
— Ведаю, што паслугамі вашага цэха карыстаюцца і жыхары раёна. Наколькі актыўна?
— Ёсць такія заказы. Прымаюць іх прадаўцы магазінаў. У асноўным гэта рамонт, які не патрабуе прымерак. Улетку заказаў з раёна менш, зараз жыхары Мядзельшчыны больш актывізаваліся.
— А калі кліент не задаволены вынікам, што робіце?
— Такіх у нас мала, але ўсялякае здараецца. Бывае, перарабляем, высвятляем, што не так. Нядаўна, напрыклад, чалавек прынёс ушыць няспраўную “маланку”. Таму ў гэтым выпадку ў невыкананні заказу не мы былі вінаватыя. Некаторыя скардзяцца, што паслугі ў нас дарагія.
Але замена той жа “маланкі” ў штанах каштуе каля 4,5 рубля: наш матэрыял плюс праца краўчыхі. Дорага? Гледзячы, з чым параўноўваць. Зашыць тую ж кішэню. Гэта дома можна зрабіць павярхоўна. А вось выканаць работу акуратна, каб і следу не засталося ад дэфекту, трэба не ў адным месцы распароць і потым зашыць. Не кожнаму пад сілу
нават пры наяўнасці швейнай
машыны. І зрабіць гэта за дзесяць хвілін таксама не атрымаецца.
— Ці можна ў вас адрамантаваць трыкатажныя вырабы?
— Можна не толькі адрамантаваць, але і новыя заказаць. Асабліва гэта актуальна цяпер, у халодны перыяд. Гольфікі, камізэлькі, джэмперы, рэйтузы і так далей. Дарослыя рэчы, дзіцячыя. Можна выбраць мадэль, колер і нават вышыўку. Зараз у нас у наяўнасці нядрэнныя паўшарсцяныя ніткі. Атрымаецца якасна і танна.
Што паслугі якасныя, сама ўпэўнілася — замочак у куртцы, якую прынесла, замянілі акуратна. І з тэрмінам справіліся. А пра кошт? Як мне, дык лепш было аддаць названую суму за рамонт, чым купляць новую рэч. І эканомна, і па-гаспадарску.
Іна ЯРЧАК.
На здымках: 1. Краўчыхі Святлана Астроўская і Антаніна Шушко; 2. Краўчыхі Наталля Варабей і Наталля Купрэвіч, тэхнолаг швейнага цэха Наталля Чарняўская, закройшчыца Альдона Кавальчук.
Фота Аляксандра Высоцкага.


27 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Рэчка Нарачанка        06-012

Пабрацімы Мядзела