Другасную сыравіну — у справу

ЗГОДНА з распараджэннямі аблвыканкама і раённага выканаўчага камітэта з 1 кастрычніка на тэрыторыі Мядзельшчыны распачаўся месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Па сутнасці, гэтыя работы не спыняюцца круглы год. Месячнік жа, як генеральная ўборка, толькі ўзмацняе і актывізуе іх, прымушае звярнуць больш пільную ўвагу на замацаваныя тэрыторыі, на вытворчыя аб’екты, населеныя пункты. У ліку асноўных задач падчас месячніка, як заўсёды, уборка смецця і ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, спілоўванне старых дрэў, навядзенне парадку ўздоўж дарог і ў лясных масівах, у населеных пунктах. Надвор’е дазваляе праводзіць азеляненне. Словам, справа знойдзецца ўсім, кожнаму ёсць дзе прыкласці рукі. Бо толькі дзякуючы агульным намаганням, наш горад, вёскі зменяць свой знешні выгляд, стануць больш чыстымі і прывабнымі.
Падчас месячніка асаблівая ўвага надаецца пытанням збору, нарыхтоўкі і перапрацоўкі другаснай сыравіны. Чаму? Па-першае, ад эфектыўнасці працы ў сферы абыходжання з адыходамі залежыць экалагічная бяспека дзяржавы. Па-другое, развіты рынак утылізацыі другаснай сыравіны і попыт на яе — адзін з фактараў павелічэння сыравіннай базы краіны, зніжэння матэрыяльных страт, што станоўча ўплывае на развіццё эканомікі. У нашым раёне свой уклад у збор другасных матэрыяльных рэсурсаў павінны ўносіць не толькі асобныя грамадзяне, але і арганізацыі. Для гэтага ёсць усе падставы. Што і пацвярджае праведзены санітарнай службай раёна маніторынг.
Вываз смецця на звалку — самы танны, але не самы дальнабачны спосаб утылізацыі. Таму многія краіны прыйшлі да высновы, што адзіным перспектыўным метадам вырашэння праблемы павінна стаць яго перапрацоўка. Тым больш, што ў складзе смецця 50% прыходзіцца на паперу і кардон, шкло, палімеры, металы і тэкстыль. Усё гэта — каштоўныя другасныя рэсурсы. А паколькі сартаванне — працэс працаёмкі і затратны, неабходна навучыцца адразу збіраць адыходы раздзельным спосабам, які ўкараняецца і ў Мядзеле. Ва ўсіх дваровых тэрыторыях горада ўстаноўлены кантэйнеры для збору шкла, пластыка, паперы.
Патрэбна сказаць, што не ўсе жыхары горада актыўна раздзяляюць камунальныя адыходы. Асабліва гэта датычыць жыхароў шматкватэрнага жылога фонду. Яны не задумваюцца, што, калі збіраем іх у тры сметнікі, асобна паперу, пластык і шкло, дапамагаем зменшыць колькасць звалак для захавання цвёрдых камунальных адыходаў, даем шанц апошнім ператварыцца ў другасную сыравіну, імкнёмся захаваць чысціню ў горадзе і ў населеных пунктах. Больш таго, асобныя гаспадары лянуюцца вынесці з кватэры смецце ў вызначаны час, калі прыходзіць смеццезборная машына, а пакідаюць пакеты ля кантэйнераў. Потым іх бадзялыя каты і сабакі разрываюць у пошуках ежы, смецце вецер разганяе па ўсёй дваровай тэрыторыі (здымак 1). З устаноўкай кантэйнераў для раздзельнага збору смецця адразу «ўсплыла» праблема добрасумленнасці грамадзян. Дарэчы, у нашым заканадаўстве прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за ўхіленне ад сартавання адыходаў — штраф складае ад 5 да 50 базавых велічынь. Толькі вось ля кожнага кантэйнера не паставіш работніка камунгаса, так што ў першую чаргу даводзіцца разлічваць на свядомасць жыхароў. Але яе пакуль не хапае. Выкідваючы другасную сыравіну ў агульны «кацёл», мы не задумваемся, ды і, напэўна, не ведаем, што поліэтыленавая плёнка ляжыць у зямлі 200 гадоў, поліэтыленавая бутэлька — 450, шкляная — 100 тысяч гадоў.
Не лепш у дадзеным накірунку працуюць прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы. Падчас маніторынгу выяўлены факт арганізацыі звалкі за складам мінеральных угнаенняў ля вёскі Міціненты. Менавіта сюды вывозяць з фермы «Міціненты» другасную сыравіну — поліэтылен і поліпрапілен. Затым і мясцовае насельніцтва сюды распачынае выкідваць бытавое смецце (здымак 2). Такая ж сітуацыя з поліэтыленавай плёнкай за сенасховішчам ля малочнатаварнай фермы «Старына» ААТ «Слабадская зара» (здымак 3). Кучы поліэтылену тут ляжаць не першы год. Падобны малюнак можна бачыць за сянажнымі траншэямі малочнатаварнай фермы «Пузыры» АСП «Вузлянка». Яшчэ горш, калі абрыўкі плёнкі і цюкавальнага шпагату трапляюць у гнаясховішча, а потым вывозяцца на палеткі.
Падобныя недахопы можна выявіць у гаспадарках практычна на кожнай ферме. Адны спрабуюць спаліць абрыўкі плёнкі і шпагат. Гэтага рабіць нельга. Пры спальванні ўтвараюцца атрутныя рэчывы — дыяксіны. Якое выйсце? Напэўна варта арганізаваць спецыяльныя пляцоўкі для часовага захоўвання гэтай другаснай сыравіны з далейшай здачай яе нарыхтоўчым арганізацыям.
Для даведкі можна сказаць, што поліэтыленавай плёнкі для рулонаў купляецца ў сярэднім кожнай гаспадаркай на сезон каля 4000 кілаграмаў. Фільтраў, якія зроблены з поліэфірнага валакна, для пярвічнай апрацоўкі малака ў мінулым годзе раён закупіў 22500 штук, фільтраў для тонкай ачысткі — 7700 штук. І амаль усё гэта потым трапляе на звалку. Параўнайце, 1 тона раздзельна сабранай другаснай сыравіны захоўвае 13 дрэў, 2,58 барэля нафты, эканоміць 4100 кВт/гадзін электраэнергіі, зберагае 32 літры чыстай вады!
Нямногія асэнсоўваюць, што ўсе мы разам жывём на адной планеце, дыхаем адным паветрам. Словам, жывём у адным вялікім доме. І калі пусцім на самацёк працэс са зборам другаснай сыравіны, то закідаем смеццем наша асяроддзе да такой ступені, што гэта абавязкова адаб’ецца на генетычным здароўі насельніцтва. Але ёсць і больш вясёлая перспектыва, калі пачнём збіраць смецце, выдаляючы тое, што можна перапрацаваць. Такое атрыманне матэрыяльных рэсурсаў дазволіць мець шэраг экалагічных, эканамічных і сацыяльных эфектаў: за кошт выдаленых кампанентаў цвёрдых бытавых адыходаў скарачаюцца затраты на захаванне смецця, наша прамысловасць атрымлівае танную сыравіну, змяншаецца шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, захоўваюцца рэсурсы для будучых пакаленняў, ствараюцца рабочыя месцы на перапрацоўчых прадпрыемствах.
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


14 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

возера Мястра Касцёл у Мядзеле  06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси