Асенні марафон

БОЛЬШАСЦЬ людзей імкнецца пазнаць нешта новае, пабачыць новыя мясціны, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і невядомымі старонкамі гісторыі. Вось і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, малявання ў рамках “Педагагічнага марафону”, што праводзіцца напачатку кастрычніка штогод, здзейснілі падарожжа ў …Афіны. Дакладней кажучы, Паўночныя Афіны. Магчыма, не ўсе ведаюць, але менавіта так у 19 стагоддзі  называлі мястэчка Залессе каля Смаргоні, дзе 20 год жыў сусветна вядомы кампазітар, грамадскі і палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі.
Сама вёска Залессе знаходзіцца побач з ракой Драя, плаціна на якой яшчэ ў другой палове 18 ст. стварыла вялізную сажалку з востравам. Менавіта ад сажалкі і пачынаўся прыгожы парк, у якім размяшчалася сядзіба з дрэва. У першай палове 19 стагоддзя адбылася сур’ёзная рэканструкцыя сядзібы. У гэты час узвялі мураваны палац і заклалі яшчэ адзін парк уздоўж ракі. Сучасны палац сям’і Агінскіх — гэта помнік архітэктуры эпохі класіцызму 19 ст. Меліся таксама капліца, млын, піваварня, дом садоўніка, канюшня, аранжарэі. У парку размяшчаліся два звярынцы, альтанкі, аглядныя пляцоўкі.
Менавіта тут, у Залессі, нарадзіліся сын і тры дачкі Агінскага. Але, акрамя сям’і, Міхала Клеафаса заўсёды цікавіла грамадскае і культурнае жыццё. Яшчэ ў маладосці, займаючы пасаду пасла Рэчы Паспалітай у Галандыі і Англіі, ён завязаў кантакты і сяброўскія адносіны з уплывовымі палітыкамі розных краін. Гэтым скарыстаўся расійскі імператар Аляксандр I, таму М. Агінскі стаў пасрэднікам у перамовах паміж Пецярбургам і Парыжам, у 1807 годзе яго прымаў сам Напалеон. Імператар Аляксандр I у 1810 годзе даў Агінскаму званне сенатара, тытул тайнага саветніка, узнагародзіў ордэнамі Святога Уладзіміра і Аляксандра Неўскага.
Агінскі з’яўляўся аўтарам праекта частковага адраджэння незалежнасці Беларусі ў выглядзе стварэння Вялікага герцагства Літоўскага, але вайна 1812 года ўнесла свае карэктывы…
Падчас бытнасці Міхала Клеафаса Агінскага ў сядзібе праводзіліся балі, прыёмы вышэйшага ўзроўню, у гэтым месцы кампазітар стварыў сусветна вядомы паланэз “Развітанне з Радзімай”, шмат іншых музычных твораў, пісьмовыя ўспаміны.
Апошнія гады свайго жыцця кампазітар і палітык правёў у Фларэнцыі, дзе памёр і пахаваны ў саборы побач з Галілео Галілеем, Мікеланджэла Буанароцці і іншымі сусветна вядомымі прадстаўнікамі навукі і культуры.
Яшчэ адно месца, якое мы наведалі, — Кушляны, што зноў жа непадалёку ад Смаргоні. Побач з аграгарадком, на невялічкім узгорку, сярод векавых вязаў нас сустрэў велічны драўляны будынак, узведзены яшчэ ў 1896 годзе і без сур’ёзных змен прастаяўшы да нашых дзён. Каштоўным з’яўляецца і тое, што ў доме захавалася шмат арыгінальных рэчаў 18-19 стагоддзяў. Гэта — сядзіба вядомага беларускага паэта Францішка Багушэвіча, які менавіта тут пражыў апошнія гады свайго жыцця.
Наогул, сям’я Багушэвічаў была дастаткова заможнай. Яны мелі ўласную сядзібу, 320 гектараў зямлі, 120 гектараў лесу, з соснаў якога і быў пабудаваны дом. Але нават пры такой маёмасці Багушэвічы ў 19 ст. лічыліся сераднякамі. Сам жа Францішак Багушэвіч быў чалавекам вельмі здольным і меў розныя таленты. Але ў першую чаргу ён вядомы як абаронца сялян, паэт, аўтар зборнікаў вершаў “Смык беларускі” і “Дудка Беларуская”. Менш вядома, што ён меў, напрыклад, матэматычныя здольнасці.
Ф. Багушэвіч на выдатна закончыў Віленскую гімназію, змог паступіць на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Праўда, па палітычных прычынах вымушаны быў яго пакінуць. Цэлых 20 год адпрацаваў следчым на тэрыторыі сучаснай Украіны, а затым — адвакатам, і да яго звярталіся людзі з Варшавы, Мінска, Вільні. Праславіўся тым, што, нягледзячы на свае вядомасць і статус, заўсёды абараняў правы сялян і не браў за гэта грошы.
Францішак Багушэвіч — абаронца беларускай мовы і культуры, актыўны ўдзельнік нацыянальна вызваленчага руху, паўстання 1863-64 гадоў.
Пахаваны наш вядомы зямляк на могілках у вёсцы Жупраны. А яго партрэт размешчаны ў касцёле, што ўжо само па сабе з’яўляецца рэдкасцю і сведчыць пра яго вялікія заслугі перад людзьмі і перад Богам.
Хочацца выказаць падзяку арганізатарам падарожжа, супрацоўнікам сядзіб, экскурсаводам і захавальнікам гістарычнай спадчыны, дзякуючы якім мы ўбачылі і даведаліся пра новыя факты з жыцця нашых знакамітых землякоў.
В. ІЛЮКОВІЧ.
Настаўнік гісторыі ДУА “Сваткаўскі ВПК д/с-СШ імя Максіма Танка”.


13 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька 1-12 на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси