З улікам індывідуальных асаблівасцей

Праблемы псіхічнага здароўя і фізічны стан чалавека непарыўна звязаны. Часта прычынай расстройстваў (стану трывогі, дэпрэсіі і г. д.) з’яўляецца звычайная хвароба. Фізічныя нагрузкі даюць добры эфект у справе ўмацавання здароўя. Прытым, псіхічнае не менш важнае за фізічнае. Толькі не ўсе ведаюць, што рабіць для яго захавання. Хоць любую хваробу прасцей папярэдзіць, чым вылечыць.
 Псіхіка чалавека пачынае закладвацца яшчэ ва ўлонні маці. Ад эмацыянальнага стану цяжарнай залежыць фарміраванне псіхікі дзіцяці. А таксама ад таго, як будуць абыходзіцца з малым пасля яго нараджэння… Ці будзе яму камфортна, ці адчуе яно сябе абароненым? Ад гэтага залежаць не толькі індывідуальныя асаблівасці дзіцяці, але і тое, ці поўна яно зможа рэалізавацца, развіць закладзенае прыродай. Генатып кожнага ўнікальны. Будучыня дзіцяці істотна залежыць ад таго, ці адпавядаюць яго прыродным асаблівасцям асяроддзе, выхаванне і навучанне.
 Трэба ўлічваць асаблівасці памяці і тэмпераменту дзіцяці, яго матывацыю, пол, узрост і г. д. Ужо ў пачатку навучання звярніце ўвагу школьніка на:
* РЭЖЫМ ДНЯ. Трэба чаргаваць розныя віды дзейнасці, прытрымлівацца рэжыму сну, удзелу ў жыцці сям’і і г. д.
* АСАБЛІВАСЦІ ПАМЯЦІ. Ёсць розныя тыпы памяці, і важна вызначыць, які ў дзіцяці пераважае. Яго і трэба задзейнічаць пры вывучэнні новага. Неабходна трэніраваць і іншыя тыпы памяці.
* РАБОЧАЕ МЕСЦА ВУЧНЯ ДОМА. Па прычыне няправільнай яго арганізацыі псуецца настрой, губляецца час на пошук патрэбных прадметаў, моцна напружваецца зрок і г. д.  Усё гэта дрэнна ўплывае на здароўе дзіцяці.
* КАЛІ І ЯК РАБІЦЬ УРОКІ…
- Выконваць дамашнія заданні трэба па магчымасці ў адзін і той жа час.
- Перад выкананнем трэба добра адпачыць пасля школы.
- Памяшканне трэба праветрыць. Тэмпература паветра па магчымасці павінна быць у межах +18..+20ОС.
- Нічога не павінна адцягваць увагу дзіцяці.
- Грунтоўна абедаць трэба не пазней, чым за 2-2,5 гадзіны да пачатку выканання дамашніх заданняў. Таксама недапушчальна рабіць урокі галоднаму.
- Актыўна займацца фізкультурай можна не пазней, як за 2-2,5 гадзіны да выканання дамашняга задання.
- Падрыхтоўку да ўрокаў нельга зацягваць да часу, калі трэба класціся спаць. У адваротным выпадку цяжка заснуць і сон будзе непаўнавартасным.
- Выбраць індывідуальны парадак выканання дамашніх заданняў (у кожнага вучня ёсць урокі любімыя і нелюбімыя, складаныя або нецікавыя) і прытрымлівацца яго.
- Праз кожныя 45-50 хвілін рабіць перапынкі, у час якіх выконваць комплекс практыкаванняў для паляпшэння мазгавога кровазвароту, аднаўлення ўвагі, выпраўлення паставы, папярэджвання празмернага псіхічнага напружання і парушэння зроку. У час перапынкаў нельга займацца тым, што нясе новую інфармацыю (глядзець тэлевізар, працаваць на камп’ютары).
* ВЫХАДНЫЯ ДНІ. Іх трэба выкарыстоўваць для аднаўлення фізічных і псіхічных рэзерваў. Яны павінны быць актыўнымі і прыносіць задавальненне. Карысна пагуляць за горадам, сустрэцца з сябрамі, пабываць на экскурсіі, заняцца любімай справай…
 Дзіця трэба любіць, абыходзіцца з ім, як з самастойнай асобай, паважаць. Клапаціцца: забяспечваць харчаванне, эмацыянальную і інтэлектуальную стымуляцыю. Аберагаць ад моцных стрэсаў, фізічных і эмацыянальных траўмаў, занадта строгага выхавання і жорсткага стылю сямейнага жыцця. Для развіцця важны баланс паміж тым, што дазволена, і тым, што кантралюецца.
Вучэбная дзейнасць, індывідуальны падыход фарміруюць у школьніка псіхалагічныя ўстаноўкі, якія ў той ці іншай меры адбіваюцца на яго здароўі. Чым больш у дзіцяці станоўчых прыкладаў да пераймання — тым здаравейшым у фізічным і псіхічным плане яно будзе. А гэта прывядзе да ўдасканалення і дасягнення пэўнага сацыяльнага статусу.
 С. НАДТАЧЭЕВА.
Урач-педыятр установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”.


13 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры 06-043 dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела