У Крывічы… за мясам

ЗМЯНШАЕЦЦА колькасць жывёлы ў прыватным сектары. Паменшыўся статак кароў, ды і свіней трымаюць далёка не ўсе вяскоўцы. Каму сілы не стае даглядаць за рагулямі ці свінкамі, каму нельга з-за блізкага знаходжання са свінагадоўчым комплексам, хтосьці не можа забыцца пра захворванне (афрыканскую чуму свіней), якое паразіла не толькі дзікоў, але і дамашніх «пятачкоў». А свежанькім мясам не супраць пачаставацца многія. Калі ў горадзе гэта зрабіць прасцей, многія магазіны гандлююць ахалоджаным салам і мясам, то ў вёсцы праблема. Вось і вырашыла індывідуальны прадпрымальнік з Крывічоў Галіна Макарэвіч адкрыць у гарадскім пасёлку «Мясны магазін».
— З чаго пачыналі? — задаю традыцыйнае пытанне гаспадыні.
— Гэту ідэю выношвалі даўно. А ў пачатку студзеня распачалі рыхтаваць неабходныя дакументы. Безумоўна, клопатаў хапіла. Давялося пастукацца ў дзверы многіх інстанцый. Не раз ездзілі ў сталіцу, каб падпісаць тую альбо іншую паперку, — адказвае Галіна Раманаўна. — Нам выдзелілі кавалачак зямлі. Перш, чым пабудаваць павільён, неабходна было ўсё навокал добраўпарадкаваць. Выдалілі зараснікі кустоўя, пні дрэў. Словам, папрацавалі шмат…
— Хто найбольш дапамагаў? — цікаўлюся.
— Муж Яўген. Ён дамаўляўся з кіраўнікамі арганізацый і прыватнікамі наконт тэхнікі, шукаў работнікаў, — чую ў адказ.
Адкрыць магазін — справа не з простых. Тым больш такі — дзе прадаецца мяса і іншыя прадукты харчавання. Санітарная служба не дасць дазволу на адкрыццё, пакуль усё не будзе адпавядаць патрабаванням. Вось і Макарэвічам давялося набыць некалькі халадзільнікаў і халадзільных вітрын, шмат іншага абсталявання.
— Спачатку планавалі прадаваць толькі свежае сала і мяса. Неяк прыйшла пажылая жанчына і кажа, што вельмі цудоўна будзе, калі з’явіцца тут магазін. Але будзе яшчэ лепш, калі ў ім змагу купіць і хлеб, і малако. Гэта і падштурхнула нас значна пашырыць асартымент тавараў, — працягвае размову Галіна Раманаўна.
Сёння ў краме, якая носіць назву «Мясны магазін», можны купіць практычна ўсе прадукты харчавання. Акрамя свежага сала, мяса і каўбас (яны падобныя на дамашнія), тут ёсць куры, замарожаная рыба, рыбныя кансервы, сокі і напіткі, кава і заварка гарбаты, цукеркі і пячэнне, марожанае і сокі, напіткі і  хлеб, цукар і соль. Ды хіба ўсё пералічыш?!
— У цесным кантакце працуем з Дзяржынскай птушкафабрыкай, адкуль атрымліваем курэй. Заключылі дагавор з УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў». Яны маюць падсобную гаспадарку, дзе гадуюць свіней. Два разы на тыдзень па аўторках і пятніцах адтуль прывозяць нам свініну свежую, каўбасы, субпрадукты. Усё якаснае, а таму хутка раскупляецца. Што датычыць цэн, то яны прымальная. Плануем заключыць дагавор з іншымі мясакамбінатамі з тым, каб пастаўка прадукцыі была і ў іншыя дні, каб вітрыны не пуставалі. Свежае (не замарожанае) мяса і сала, згодна з санітарнымі нормамі, мы павінны рэалізаваць на працягу двух дзён, — працягвае размову Галіна Раманаўна. — Малако пастаўляюць нам віляйчане, хлеб прывозяць таксама з Вілейкі і Глыбокага. На паліцах ёсць прадукцыя кампаніі «Савушкін прадукт». Складоў не маем, таму прадукцыю завозім невялікімі партыямі і больш часта. Яна заўсёды свежая.
Магазін знаходзіцца непадалёку ад аўтобуснага прыпынку, ды і бальніца побач. Таму гандлёвая зала практычна не пустуе.
— У нас складваецца кола пастаянных наведвальнікаў, якія толькі тут набываюць неабходныя прадукты харчавання. Гэта вельмі прыемна, — кажа прадавец Любоў Казак.
— Працуем мы і па заказах, — дадае Галіна Раманаўна. — Людзі просяць, каб прывезлі, скажам, кумпячок. Імкнёмся заказ выканаць. І вы прыязджайце, наведвальнікам заўсёды рады…
Застаецца дадаць, што новая гандлёвая кропка, якая з’явілася ў Крывічах, стала не толькі месцам, дзе можна набыць якасныя прадукты харчавання, але і сапраўдным упрыгажэннем гарадскога пасёлка.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: прадавец Любоў Казак, новая гандлёвая кропка «Мясны магазін».
Фота Аляксандра Высоцкага.


12 кастрычнiка 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  dsc_5774-3  возера Мястра  Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела