“Без нашай прафесіі не было б іншых”

У ШКОЛЕ аддаленай ад райцэнтра вёскі Чашніцкага раёна цэлы год не выкладалася фізіка: не было настаўніка. Абураныя бацькі напісалі ў газету, і там з’явіўся артыкул “Прочырк у атэстаце”. Аблана зрэагавала — працаваць у школу накіравалі студэнта пятага курса Віцебскага педінстытута. Хлопец прыехаў туды вечарам другога кастрычніка — якраз на Дзень настаўніка. І адразу — на свята, дзе віншавалі педагогаў.  “Ты ў якім класе будзеш вучыцца?” — запыталіся ў яго школьнікі. …Маладога педагога ў першы ж  год “узнагародзілі” класным кіраўніцтвам у выпускным класе. І фізіку давялося выкладаць усю — з шостага па дзясяты…
 З таго памятнага Дня настаўніка міне сорак гадоў у бліжэйшую нядзелю. Пётр Дзмітрыевіч Гаралевіч чатыры дзесяцігоддзі ля дошкі: фізіка, матэматыка, інфарматыка…  Лія Мікалаеўна, жонка Пятра Дзмітрыевіча, — настаўніца замежнай мовы (дарэчы, карэнная мядзяльчанка). Іх пазнаёміла тая самая школа ў аддаленай вёсцы Чашніцкага раёна. А ў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Гаралевічы працуюць з 1982 года. “Уладкавацца сюды было досыць складана, — узгадвае Лія Мікалаеўна. — Прафесія настаўніка тады была паважанай… Гэта цяпер яна не вельмі папулярная ў моладзі, але, спадзяюся, у далейшым сітуацыя зменіцца. Вартыя прыклады ёсць: замежную мову ў нашай школе выкладае былая вучаніца Юлія Аляксандраўна Купрэвіч — маладая, таленавітая, перспектыўная. …Я вельмі ўдзячна людзям, якія прывялі мяне ў прафесію — сваім настаўнікам: Канстанціну Арсеньевічу Каратаю, Зінаідзе Іванаўне Лісоўскай, Таісіі Андрэеўне Жук, Марыі Іванаўне Унучак, Васілю Аляксандравічу Гудкову, Ніне Кузьмінічне Валасевіч, Івану Аляксандравічу Гаўрысу, Аліне Іосіфаўне Санюк, Валянціне Сяргееўне Давыдзенка, Клаўдзіі Уладзіміраўне Няверы, Уладзіміру Іванавічу Малько…”
 За дзесяцігоддзі працы Гаралевічы не аднойчы прыводзілі сваіх вучняў да поспеху. Вось і сёлета ёсць падстава для гонару: сто балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы атрымаў вучань Пятра Дзмітрыевіча Яўген Лушчык. Але настаўнік лічыць гэта найперш заслугай самога юнака: “У Яўгена ж добрыя вынікі і па іншых прадметах: дзевяноста сем балаў па рускай мове, дзевяноста тры — па фізіцы”. Лія Мікалаеўна пагаджаецца з мужам: “Ад настаўніка, вядома, залежыць шмат. Але яшчэ больш — ад самога дзіцяці. Бо педагог працуе з усім класам, але не кожны вучань дасягае высокіх вынікаў”. Што ж, сціпласць уласцівая многім прафесіяналам…
 Напярэдадні Дня настаўніка Гаралевічы выказваюць найлепшыя пажаданні калегам…
 Пётр Дзмітрыевіч: “Без нашай прафесіі не было б ніякіх іншых. Ламаносавых, якія могуць вучыцца самі, не так шмат — астатніх трэба вучыць. А свае складанасці і праблемы ёсць у кожнай працы. Таму напярэдадні прафесійнага свята ўсім педагогам хачу пажадаць найперш здароўя і аптымізму”.
Лія Мікалаеўна: “Віншую ўсіх педагогаў: і тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку,  і тых, хто працуе цяпер. Жадаю моцнага здароўя, творчых поспехаў, каб не слабела ініцыятыва. І хацелася б, каб у школу прыходзілі маладыя настаўнікі”.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымку: настаўнікі Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Лія і Пётр Гаралевічы.
Фота Аляксандра Высоцкага.


30 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Кадры, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-043 1-12 возера Глубелька на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси