БЕЗ ПРАМАРУДЖВАННЯ НЕ АТРЫМЛІВАЕЦЦА

ЯК толькі пахмурнымі восеньскімі дзянькамі з поўначы пачынае цягнуць пранізлівы сівер, мы спахопліваемся: ці ўсё ў нас падрыхтавана да зімы? Калі лецейка яснае “не праспявалі”, то нястрашныя нам ні маразы, ні завеі. На жаль, у жыцці рэдка бывае ўсё гладка. Наконт гэтага вялася размова і на чарговым пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу. Усяго разгледжана пад тры дзясяткі самых розных пытанняў. Аднак дамінуючым сярод іх з’яўляецца гатоўнасць народна-гаспадарчага комплексу азёрнага краю да работы ў асенне-зімовы перыяд. З інфармацыяй выступіў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктар Сіськевіч. Ён адзначыў, што папярэдняе выпрабаванне прыроды холадам Мядзельшчына вытрымала някепска — жыллёвы фонд, аб’екты сацыяльнага і культурна-бытавога прызначэння бесперабойна забяспечваліся цяплом і гарачай вадой. Прытым, усе суб’екты гаспадарання прымалі меры па эканомным выкарыстанні паліва-энергетычных рэсурсаў. Цяпер паўсюдна завяршаецца падрыхтоўка да чарговага асенне-зімовага перыяду. Праўда, не абыходзіцца і без прамаруджвання.
У выступленні Віктара Міхайлавіча прагучала, што райвыканкам яшчэ некалькі месяцаў таму зацвердзіў графікі атрымання пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў энергіі. На пачатак верасня дзевяноста працэнтаў іх павінны былі выканаць усе неабходныя падрыхтоўчыя работы і атрымаць адпаведныя дакументы. Тым не менш, дзесяць дзён таму са 120 зарэгістраваных спажыўцоў цеплавой энергіі іх мелі ўсяго 65. А па-сапраўднаму на такіх аб’ектах заварушыліся толькі напярэдадні пасяджэння райвыканкама. На мінулы аўторак пра гатоўнасць да зімы рапартавалі ўжо больш за сотню спажыўцоў. Як бачна, мы ўсё ніяк не можам навучыцца працаваць рытмічна, без залішняй спешкі і псавання нерваў, бо ніяк не пазбавімся ад кепскай звычкі адкладваць важныя справы на апошні момант.
Найбольшая нагрузка ва ўсёй гэтай рабоце да асенне-зімовага перыяду, зразумелая справа, прыпадала на нашу жыллёва-камунальную гаспадарку. Згодна з адпаведным планам, ёй прадпісвалася выканаць дзесяць мерапрыемстваў па падрыхтоўцы цеплавых аб’ектаў, пятнаццаць — вадаправодна-каналізацыйных, дванаццаць — жыллёвага фонду, чатыры — па аснашчэнні дамоў прыборамі ўліку расходу вады, цеплавой энергіі і сістэм рэгулявання яе падачы, пяць — па стварэнні запасу паліва для кацельняў. Намечанае ажыццёўлена. Аднак ёсць і сур’ёзнае выключэнне: пры заданні замяніць на ПІ-трубу 3 кіламетры цеплавых сетак на 19 верасня зроблена толькі 2,52 альбо 84 працэнты. Не абышлося без прамаруджвання і пры падрыхтоўцы кацельняў у райцэнтры, курортным пасёлку. З рыпеннем даводзяцца яны да ладу ў Парубках, а таксама ў доме № 12 па вуліцы 1 Мая ў аграгарадку Занарач — таварыства ўласнікаў “Хваля-2014”…
Са станоўчага боку варта адзначыць установы аховы здароўя, дзе перавыкананы заданні па назапашванні дроў і торфабрыкету. Адрамантавана 180 квадратных метраў фасадаў будынкаў. Усе пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі атрыманы ў вызначаны тэрмін. Надзейна падрыхтавана да зімы і аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле. Катлы, якія працуюць на дрывах, спраўныя, паліва — дастаткова. А вось з дарожных арганізацый неабходна “падцягнуцца” “ДРБУ-133”. Маецца на ўвазе назапашванне пясчана-гравійных матэрыялаў, тэхнічнай солі.
У прынятым рашэнні перад кіраўніцтвам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, даччынага ўнітарнага прадпрыемства “Санаторый “Нарачанка” і таварыства “Занарацкі”, дарожных філіялаў “ДРБУ-133” і “ДЭУ № 66” пастаўлены канкрэтныя задачы па завяршэнні падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2016-2017 года да канца верасня.

***

ЯК УПЛАЧВАЕМ АБАВЯЗКОВЫЯ СТРАХАВЫЯ ЎЗНОСЫ?

АКАЗВАЕЦЦА, далёка не лепшым чынам. Наконт гэтага на пасяджэнні райвыканкама таксама вялася патрабавальная размова. Забяспечанасць уласнымі сродкамі азёрнага краю на фінансаванне выплат пенсій і дапамог за першае паўгоддзе склала летась 49,7 працэнта, сёлета — 50,9. Быццам, нават праглядваюцца невялічкія змены да лепшага, аднак у нас нямала арганізацый, якія маюць перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва пратэрмінаваную запазычанасць. У якасці “лідара” тут выступае таварыства “Пруднікі-Агра” — 161348 рублёў. Вялікія сумы таксама завінаваціліся ААТ “Мядзелаграсэрвіс” з сельскагаспадарчым філіялам — 70910 рублёў, “Свір-Агра” — 47639, “Слабадская зара” — 16726, “Будслаўскае” — 16635… Патрапілі ў гэты спіс і некаторыя прыватныя фірмы: “ФСК-буд”, “Дэкаміс-трэйд”, “Брызгандаль”. А менавіта з гэтых сродкаў і выплачваюцца людзям працоўныя і прафесійныя пенсіі, дапамогі па цяжарнасці і родах, звязаныя з нараджэннем дзіцяці і доглядзе за ім да трох год, па часовай непрацаздольнасці, беспрацоўі…
Па інфармацыі начальніка раённага аддзела Мінаблупраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Ірыны Лукашэвіч, да неплацельшчыкаў прымаюць розныя меры ўздзеяння. Так, за першыя шэсць месяцаў гэтага года спісалі ў бясспрэчным парадку з іх рахункаў і дэбітораў 394490 рублёў, вынеслі 124 пастановы аб прыпыненні аперацый плацельшчыкаў па бягучых банкаўскіх рахунках. Акрамя таго, для спагнання запазычанасці ў эканамічны суд сталічнай вобласці пададзена 17 заяў аб узбуджэнні загаднай вытворчасці на суму 380000 рублёў, з якіх паступіла звыш 90 тысяч. Прыцягваюць віноўных і да адміністрацыйнай адказнасці. Складзены пратаколы на дзесяць юрыдычных асоб і адзінаццаць — на службовых на суму 6490 рублёў.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях сельскагаспадарчых арганізацый” прадастаўлена адтэрміноўка пагашэння запазычанасці па пені дзевяці таварыствам да 2025 года. Але з іх толькі “Занарацкі” выконвае яго ўмовы. Зразумела адно: абавязковыя страхавыя ўзносы, калі нават хтосьці і не хоча, плаціць давядзецца. А каб на гэта ў касах гаспадарак былі фінансы, неабходна лепш працаваць. Гэта датычыцца як комплексу работ у раслінаводстве, так і вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. З надоямі ад каровы ў пяць-шэсць літраў, ды сеючы за цэлы дзень у разгар асенняй кампаніі 12-15 гектараў збожжавых, як назіраецца ў той жа “Слабадской зары”, фінансавых праблем ніколі не павырашаеш! На гэта і акцэнтаваў увагу прысутных старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Ад шэрагу кіраўнікоў патрабавана забяспечыць выкананне зацверджаных графікаў пагашэння пратэрмінаванай запазычанасці па плацяжах дзяржаўнаму пазабюджэтнаму Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, асобных з іх вырашана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці.
Павел ЖУКАЎ.


30 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Засвіры   0-178 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси