І вечная памяць людская

ПАГОДЛІВЫ верасень сорак трэцяга года накрыў наш сінявокі край чорным крылом. Фашысцкія карнікі са сваімі ліхімі памагатымі масава палілі вёскі, знішчалі мірных жыхароў, а маладзейшых гналі на катаржную работу ў Германію. І найбольш, бадай, ад іх звярынай лютасці, якой не будзе даравання і праз стагоддзі, пацярпелі на Мядзельшчыне Сваткаўскія ваколіцы. На месцы некаторых паселішчаў заставаліся адны галавешкі, ды, навяваючы на выпадковых падарожнікаў жуду, глядзелі ў блакітнае неба чорныя коміны печаў. Ад края ў край гарэлі Новікі, Брусы, Шкленікова… І хаця с таго дня мінуў не адзін дзясятак год, гэтыя чорныя падзеі надоўга застаюцца ў памяці народа. Людзі не забываюць таго гора і процьму няшчасцяў, якія выпалі на іх цяжкую долю ў Вялікую Айчынную вайну, яны свята ўшаноўваюць і сваіх герояў, і схіляюць галаву, узгадваючы яе шматлікіх ахвяр. Пацвярджэннем таму мітынг-рэквіем, які адбыўся ў мінулы аўторак у Шкленікове. 

Сюды, да помніка ахвярам фашызму, сабраліся прадстаўнікі раённай і сельскай улады, жыхары і школьнікі. Людзі папрыходзілі нават з суседніх вёсак. Вядучая Аня Казакевіч узгадала тыя трагічныя падзеі 73-гадовай даўніны. Даваеннае Шкленікова мала адрознівалася ад суседніх населеных пунктаў. Людзі працавалі на зямлі, вырошчвалі хлеб і жывёлу, гадавалі дзяцей, імкнуліся даць ім адукацыю. Тут налічвалася сорак пяць дамоў і сто сорак сем жыхароў. Усё пайшло пад адхон з 22 червеня 1941 года, калі пачаўся адлік суровых выпрабаванняў, якія выпалі на долю беларускага народа. Карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва фашысцкія захопнікі праводзілі, лічыце, з самага пачатку акупацыі. У час іх вораг не шкадаваў ні жанчын, ні старых, ні дзяцей. Вялося татальнае знішчэнне міралюбівых людзей, каб не заставалася сведкаў злачынстваў, каб ніхто і не падумваў паўставаць супраць “карычневай чумы”. Не мінула бяда і Шкленікова. 26 верасня 1943 года вёску акружылі карнікі. Частцы жыхароў да гэтага ўдалося ўцячы і прытаіцца ў балоцістай мясціне пад Няверамі. Астатніх ворагі сагналі ў адзін з будынкаў і пад страхам смерці забаранілі выходзіць. Усю ноч людзі правялі без сну, чакаючы, які лёс напаткае іх заўтра. А назаўтра з раніцы фашысты пачалі сартаванне: старых і хворых у адзін бок, мацнейшых ды маладзейшых — у другі, якіх чакала далучэнне да калоны іншых нявольнікаў і адпраўка ў Германію. Тых жа, хто застаўся, акупанты разводзілі па хлявах і гумнах, расстрэльвалі з аўтаматаў, дабівалі з пісталетаў. Пад варожымі кулямі ўпалі Аляксандра і Аўдоцця, Марыя і Вінцуся, Адам і Дзмітрый Чарняўскія, Магдалена, Ілья і Уладзімір Малько, маці з дачкой Глінскія, Адам Грышкевіч, Марыя Місуна, Ксенія Паршута і Хрысціна Гердзей. А затым карнікі ўзяліся за хаты, надворныя пабудовы. Вёску спалілі ўшчэнт: не засталося ніводнага ні кала, ні двара, адны галавешкі…
Да мікрафона запрашаюць старшыню раённага выканаўчага камітэта Анатолія Вайнілку.
— Вось ужо звыш сямі дзясяткаў год, — адзначае Анатолій Мар’янавіч, — як прагучалі апошнія залпы той страшэннай і жудаснай вайны. Мы бачым на нашай зямлі сотні і тысячы помнікаў і абеліскаў, брацкіх магіл і курганоў Славы. Гэта — памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай, пра велічны подзвіг слаўных герояў, якія цаной свайго жыцця адваявалі народам свабоду і незалежнасць, мірнае неба над галавой. Дзякуючы гэтаму, можам спакойна жыць і ствараць у такой цудоўнай краіне, як наша Беларусь. І па якой яе дарозе не пойдзеш альбо не паедзеш, абавязкова патрапіш у такое святое месца. Сёння адна з іх прывяла ў Шкленікова, дзе семдзесят тры гады таму адбылася жудасная трагедыя: фашысты расстралялі пятнаццаць ні ў чым не вінаватых людзей, знішчылі цэлую вёску, якая змагла адрадзіцца толькі пасля вайны. А сённяшняе мерапрыемства — напамін пра тую страшную бяду, пра загінуўшых людзей, а яшчэ і пра тое, што нам і будучым пакаленням неабходна цаніць і берагчы мірнае, цудоўнае і прыгожае неба над сваёй галавой.
На гэта зроблены акцэнт і ў выступленні ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Гардона. Ён падкрэсліў, што дзякуючы слаўнай Перамозе савецкага народа над фашызмам, мы жывём у мірнай краіне, не чуючы свіста куль, разрываў снарадаў. Нашы дзеці ходзяць у школы, атрымліваюць вышэйшую адукацыю, працуюць на сучасных прадпрыемствах. Разам з тым, мы ніколі не павінны забываць тых грозных падзей Вялікай Айчыннай вайны, аддаваць, як і зараз, даніну павагі ахвярам фашызму. Шчыра выказваючы яе, удзельнікі мітынгу ўсклалі да помніка вянкі і кветкі, ушанавалі памяць бязвінна загінуўшых хвілінай маўчання…

Павел ЖУКАЎ.

***

Мы прыходзім слухаць цішыню…

Уцалеўшы з жорсткага агню,
Полымя, што нас не дапаліла,
Мы прыходзім слухаць цішыню —
Цішыню над брацкаю магілай…
Семдзесят тры гады таму фашысты бязлітасна перакрэслілі лёсы дзясяткаў мірных жыхароў вёскі Брусы: у агні згарэлі бязгрэшныя малыя і ні ў чым не вінаватыя бацькі і дзяды. Загінулі ў страшных муках, паклаўшы свае жыцці на алтар Вялікай Перамогі…
У мінулы аўторак у Брусах прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны вераснёўскім падзеям 1943-га. Сціснуў у камякі сэрцы сведак карнай акцыі, навеяў слёзы на вачах нашчадкаў.
— Мы сабраліся, каб аддаць глыбокую даніну павагі гістарычнай памяці, — слова мае старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. — Гэты жудасны ўчынак гітлераўцаў быў не адзіным, ён меў багатую геаграфію і забраў сотні, тысячы чалавечых жыццяў па ўсёй Беларусі. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 206 лагераў смерці, 70 — гета. За тры гады акупацыі фашысты ператварылі ў руіны 209 гарадоў, 9200 вёсак… Сёння мы ганарымся подзвігам савецкага народа і шчыра дзякуем за мірнае неба над галавой. Мы працуем у імя любай Айчыны і перадаём з пакалення ў пакаленне лепшыя якасці свайго народа.
Вядома ж, пра мірнае заўтра марылі і тыя, хто вераснёўскім днём 43-га трапіў пад руку ненавіснага карніка. Хто да апошняга трымаўся за жыццё і верыў у цуд выратавання…
— Магу забыцца словы любімай песні, магу не ўспомніць, дзе была на тыдні, а верасень 1943-га года памятаю да крупінак, — расказвае сведка тагачасных падзей Галіна Балаховіч. — Як цяпер, бачу і тое, што было за нейкі час да карнага дня. Драпежнымі птахамі на вёску наляцелі варожыя самалёты і бамбілі-бамбілі… Мы з матуляй схаваліся  пад мяжу. Бачу бяжыць жанчына, заламаўшы рукі за галаву, крычыць, плача. Куды бяжыць? Ад смерці ўцякае, ад жаху: згарэла яе хата, а ў хаце — дзеці… Не паспела вёска акрыяць ад той навалы, як фашысты прыехалі зноў. Сагналі людзей. “Пасартавалі” па працаздольнасці, узросту…  Расправу ўчынілі ў таку Івана Ходзіна. Аблілі будыніну бензінам і падпалілі. Кажуць, чуліся стрэлы, людзі крычалі. А як жа: пакуль жыццё цепліцца — яно рвецца на волю… Кажуць, нясцерпна пахла смерцю, а воблака чорнага дыму было бачна ажно пад Мікасецкам… Вестку аб брусоўскім пажары мы пачулі ў Кухальскіх. І мама праз ноч, праз Зані,  Азаркі, Ліпава прыбегла на гарышча. А там?.. Там нікога не пазнаць. Знайшла толькі бацькоўскі медны кубак, набіты пяском. Ён быў напоўнены, вядома ж, не проста так: каб пасудзіна не зліплася, не ператварылася ў неапазнавальны камячок металу, каб дачка ведала, дзе знайшлі вечны спачын яе родныя людзі… Іншыя ж адшукалі сваіх па ключах, кавалку посцілкі, рэштках рукава… Пахавалі вяскоўцаў тут жа, на месцы іх пакутлівай смерці. Гэта пасля ўжо астанкі перанеслі на вясковы могільнік… Дарэчы, у той дзень карнікі вырашылі цалкам сцерці вёску з зямлі і, ад’язджаючы, падпалілі нават той дом, дзе самі “кватаравалі”. Але ці то ў памяць аб ахвярах, ці ў падарунак выжыўшым — неба заплакала, і кроплі дажджу прытушылі пажар. Пасля ў тым доме месцілася школа…
Я не веру ў містыку, але ведаю, што спачылыя заўсёды побач з намі. Я не ў стане пацвердзіць духоўнае, але шчыра лічу, што яно заўсёды вышэй за матэрыяльнае… У мінулы аўторак у Брусах якраз тады, калі Галіна Уладзіміраўна ўсімі фарбамі мовы старалася перадаць пах смерці, які вітаў над вёскай 73 гады таму, тэхніка дала збой — і прысутныя адчулі непрыемны пах гары. Калі сведка расказвала пра выратавальны дожджык над будучай брусоўскай школай — на твары удзельнікаў мітынгу-рэквіему леглі сціплыя кроплі вады…
Вечная памяць тым, хто у мінулы аўторак мог быць з намі і хто, магчыма, там быў…
Юлія КАЗЛОВА.


30 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

0-170 від на Мядзел 223_ _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси