Свая сярод сваіх

Найпрыгажэйшай восень была, бадай, у Пушкіна — Болдзінская. Ды яшчэ ў мядзяльчанкі Зінаіды Хіхіч, у якой прызімак жыцця сагрэты бязмежнай любоўю сямігадовай праўнучкі Кацюшы і яе мамы Ірыны. Менавіта ў гэтых двух людзях Зінаіда Уладзіміраўна бачыць сэнс свайго жыцця і звязвае з імі лепшыя моманты біяграфіі…
Жанчына родам з Замошша — вёскі, да якой са Сватак рукой падаць, але хутка не праехаць. Ды і якая розніца, калі пра бацькоў засталася толькі памяць. Тата загінуў на вайне, калі дзяўчынцы было ўсяго толькі пяць. Матуля памерла значна пазней, але не ў дакучлівай старасці. Любячая дачка і сёння дакарае сваё юнае сэрца: “Можа, каб дазволіла матулі выйсці замуж — яе жыццё было б больш доўгім? Не адбіліся б на здароўі гаспадарскія клопаты, якія жанчыне хоць і былі пад сілу, але не зусім да твару… Мне ж здавалася, што матуля толькі мая і дзяліць яе з кімсьці ніяк не хацелася…”.  Не думалася-не гадалася, што прайграе смерці Зінаіда Уладзіміраўна і свайго адзінага сына. А літаральна год таму жанчына аўдавела. І нават нягледзячы на гэта, Зінаіда Уладзіміраўна шчыра лічыць, што жыццё — цудоўнае. А самае прыгожае ў ім — яе Кацюша і Ірынка.
— У сваіх дзяўчатах я душы не чую, — дзеліцца жанчына. — Праўда, у адказ адчуваю такую ж цеплыню і шчырасць. Прыйду да іх на сяло, а Кацюшка: “Бабулечка, як тваё здароўе… табе не дрэнна… Пабудзь з намі…”. І я сяджу. Дзе ж мне лепш будзе? А Ірынка (выкладае ў гімназіі) сама ў абед падбяжыць: справамі пацікавіцца, бліноў паспытае. Так і жывём, хінёмся адзін да аднаго, клапоцімся. Дарэчы, унук (муж Ірыны) у мяне таксама найлепшы: сам чалавек добры і рукі залатыя мае… Вось бы пажыць яшчэ, пацешыцца імі!
Праўда, ёсць у жыцці Зінаіды Хіхіч і яшчэ купка людзей, з якімі трывала спрадзены яе лёс. Гэта калектыў раённага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Менавіта сюды Загадам №1 ад 14 ліпеня 1967 года Зінаіда Уладзіміраўна была прынята на пасаду галоўнага бухгалтара і, здаецца, не развіталася з вызначанай лёсам прафесіяй і сёння: штодня цікавіцца справамі былых калег і… станам дэбетаў з крэдытамі.
— Мой шлях у ахову быў не тое што скрозь церні, але і не па прамой, — расказвае Зінаіда Уладзіміраўна. — Пачынала піянерважатай у Пількаўшчыне, потым была загадчыцай хаты-чытальні ў Старынках, працавала ў райфінаддзеле (у гэты ж час атрымала спецыяльнасць). Калі пайшлі размовы пра стварэнне новага падраздзялення — прыслухалася. Прыйшла на новае месца — і засталася больш як на 40 год. Можа б, і даўжэй працавала, але саступіла месца новым тэхналогіям. Шлях ад драўляных лічыльнікаў да калькулятара прайшла — і хопіць. Камп’ютар асвойваць не стала…
— Дарэчы, якраз тыя драўляныя лічыльнікі мы Зінаідзе Уладзіміраўне на памяць падарылі, калі яна выходзіла на заслужаны адпачынак, — далучылася да размовы былая калега Раіса Кішко. — Каб памятала пра нас і працоўныя будні, пра тое, як разам “перажывалі” рэвізіі і поплеч былі ў жыццёвых радасцях і няўдачах. Хаця і сёння калектыў пад бокам. Калі што якое — дапаможам, падтрымаем. А ў кожны 29-ы дзень кастрычніка абавязкова сустракаемся — ахова адзначае сваё прафесійнае свята. І вось тут, як кажуць, ні час, ні месца сустрэчы змяніць нельга.
Юлія КАЗЛОВА.
На здымку: мядзяльчанка Зінаіда Хіхіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.


30 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-012 wjx6x-f4hhi  возера Мястра  _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси