“Пасланне настаўніку”

НАПЯРЭДАДНІ прафесійнага свята педагогаў сярод вучняў Мядзельскай гімназіі праводзіўся конкурс «Пасланне настаўніку». Мелі слова і навічкі — пяцікласнікі. І хаця яны займаюцца ў гэтай прэстыжнай установе толькі першы месяц, многія ўжо займелі любімых выкладчыкаў. Работы атрымаліся шчырыя і прыгожыя, якія могуць зацікавіць многіх нашых чытачоў. Ды і настаўнікам, лічым, зусім неабыякава, што пра іх думаюць школьнікі. Таму і змяшчаем ніжэй вытрымкі з вучнёўскіх сачыненняў. 
Адкрывае «ўрачысты парад» шасцікласніца Марыя ІВАНОВА: 
Паважаныя настаўнікі! Я вучуся ў шостым класе. За гады, праведзеныя ў школе і гімназіі, вы сталі для мяне не толькі мудрымі дарадцамі, але і сапраўднымі сябрамі. Вы заўсёды з намі, але на крок уперадзе. Вашу падтрымку, суперажыванне і дабрыню нельга забыць. Вы штодня даруеце нам, разумееце нас і ўсміхаецеся нам. У вашых вачах заўжды гарыць агеньчык, які падтрымлівае, надае ўпэўненасці і вабіць за сабой у краіну нязведанага.
 Дзякуй вам за тое, што не ведаеце стомы і не шкадуеце для нас ні сіл, ні часу. Вы не толькі даяце веды па прадмеце, але і вучыце сумленна жыць, праўдзіва глядзець на свет і быць сапраўднымі людзьмі.
Я вельмі люблю вас, мае настаўнікі, — патрабавальныя, строгія, сумленныя, прынцыповыя, праўдзівыя, разумныя, кемлівыя, цікавыя і бясконца чалавечныя!
Заходзіш у клас, мой любімы настаўнік,
У вачах — дабрыня і спакой.
А мы, затаіўшы дыханне,
Глядзім і глядзім за табой.
Праверыў дамашнюю працу
І новую тэму ты нам расказаў,
А самае важнае — любоў і спагаду
Ты кожнаму падараваў.
* * *
Настаўнік… Якое прыгожае слова і як шмат азначае для кожнага з нас! Як і без бацькоў, без настаўнікаў мы ніхто. Менавіта настаўнік адкрывае перад дзецьмі краіну ведаў і дапамагае вызначыцца з далейшым шляхам у жыцці. Праца настаўніка вельмі адказная, бо да кожнага шкаляра патрэбна знайсці свой ключык, убачыць таленты і дапамагчы ім раскрыцца. Настаўнікі нашай гімназіі — вельмі апантаныя і творчыя людзі. Яны ўкладаюць у кожнага вучня сваю душу, свае веды. Напярэдадні свята хочацца ад усёй душы павіншаваць настаўнікаў і пажадаць ім здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў і натхнення!
(Мікіта ЖУКОЎСКІ, 6 клас).
* * *
У сённяшнім свеце кожны чалавек павінен валодаць глыбокімі і трывалымі ведамі ў розных галінах. А каб былі веды, трэба вучыцца. У гэтым дапамагае наш найлепшы сябар — настаўнік. Яму патрэбна быць строгім і патрабавальным, а мы абавязкова павінны слухаць яго вельмі ўважліва і паважаць гэту няпростую прафесію. Дзякуй усім настаўнікам на зямлі, без вас жыццё не было б такім цікавым!
(Лізавета МІХАЙЛАВА, 6 клас).
* * *
Мне вельмі падабаецца вучыцца ў гімназіі, дзе працуюць закаханыя ў сваю прафесію і дзяцей людзі. Жадаю вам добрага настрою і каб усе вашы спадзяванні збыліся. Няхай вашы вучні не падводзяць вас. А я, калі вырасту, хачу стаць такім жа добрым чалавекам, як мае настаўнікі.
(Аляксандр ВАЙЦЯХОВІЧ, 6 клас).
* * *
А я хачу звярнуцца да чалавека, які ўвёў нас у цудоўны свет ведаў, — да маёй першай настаўніцы Алены Вячаславаўны Паршута (Мядзельская школа №1). Вы атрымалі нас маленькімі дзецьмі. Усё ў школе было для нас новым і незвычайным. У незнаёмым свеце патрэбен быў надзейны і вопытны правадыр. Гэтую ролю з вялікім цярпеннем і любоўю ўзялі на сябе Вы. Дакладна ведалі, калі з намі можна пажартаваць, а калі трэба прыструніць. Умелі з намі і пагуляць, і даходліва расказаць  самы складаны матэрыял. Паступова мы пачалі не толькі разумець асновы прадметаў, але і палюбілі іх. Атрыманыя веды дазволілі мне паступіць у гімназію. Тут я пакуль пачатковец, але пераканаўся ўжо, што і ў гімназіі працуюць добрыя і захопленыя педагогі. А зараз я хачу сказаць Вам, Алена Вячаславаўна, шчыры дзякуй за Вашу працу і цярпенне. Я заўсёды буду памятаць Вас і Вашы ўрокі, як самыя яркія падзеі майго школьнага жыцця.
(Уладзіслаў ПАГУДА, 6 клас).
* * *
Самым лепшым настаўнікам для мяне была мая бабуля Раіса Мікалаеўна Шынкарова (вёска Лотва). Яна адпрацавала ў школе каля сарака гадоў, выкладала рускую мову і літаратуру. Вяскоўцы паважалі бабулю, а вучні — любілі. Бабуля захоўвала безліч паштовак са словамі ўдзячнасці, якія адрасавалі ёй школьнікі. Мне прыемна, калі ў вёсцы мяне пазнаюць, як унучку Раісы Мікалаеўны. Я ганаруся сваёй бабуляй.
(Ксенія РОГАЧ, 7 клас).
* * *
У гімназіі настаўнікаў шмат, і ўсе яны майстры сваёй справы. Аднак я хачу сказаць некалькі добрых слоў пра нашага класнага кіраўніка Таццяну Васільеўну Казельскую. Гэта — Чалавек з вялікай літары. Яна мае добрае сэрца і шчырую душу, з’яўляецца для нас другой мамай. Таццяна Васільеўна ўмее згладзіць любы канфлікт, даць слушную параду, растлумачыць самы складаны матэрыял і рашыць цяжкую задачу. Яна робіць наша школьнае жыццё цікавым і запамінальным. Наш клас жадае ёй цярпення, добрага здароўя і доўгіх год жыцця.
(Юлія ЦЕРАШКЕВІЧ, 7 клас).
* * *
Настаўнік — гэта агонь, які раздае свае іскрынкі ўсім навокал, не шкадуючы цяпла і святла. Настаўнік — гэта ткач, які тчэ жыццё сваіх вучняў, паціху распускаючы сваё. Настаўнік — гэта сябар, які заўсёды прыйдзе на дапамогу. Настаўнік — гэта самая складаная прафесія. Трэба любіць чужых дзяцей і ўсміхацца ім пры любым настроі і ўласных праблемах. Паважайце настаўнікаў і шануйце іх працу.
(Аліна ВАЛЮК, 7 клас).
* * *
Прафесія настаўніка нагадвае айсберг. Мы бачым толькі вярхушку. Мала хто задумваецца, колькі ўсяго трэба зрабіць настаўніку, перш чым прыйсці на ўрок. Праверыць сшыткі, перачытаць гару літаратуры, прыдумаць захады да ўрока, каб кожны вучань зразумеў складаны матэрыял, падрыхтаваць заданні, напісаць планы… Усё гэта настаўнік робіць неяк непрыкметна для нас, як сапраўдны цудатворца. Як ён усё паспявае? А дома ж яшчэ сям’я, хатнія клопаты і праблем, мабыць, хапае…
Паважаныя настаўнікі, прабачце нам за тое, што часам не слухаемся. Побач з вамі мы абавязкова зменімся ў лепшы бок.
(Дар’я ЖЫХАР, 7 клас).
* * *
Мы не надта хочам вучыць тое, што вы нам задаяце, але шчыра любім вас, дарагія педагогі! Мы добра разумеем, як моцна вы стараецеся, каб укласці ў галовы вучняў трывалыя веды. Як шчыра вы перажываеце, калі нешта не атрымліваецца. Як бескарысліва аддаяце кавалачак сябе кожнаму вучню. Мы жадаем вам моцнага здароўя, старанных вучняў і цярпення на ўвесь год!
(Кацярына ВАСІЛЬЕВА, 7 клас).
* * *
Я вучуся ў гімназіі. Усе нашы настаўнікі вельмі цудоўныя і таленавітыя. Урокі з імі праходзяць хутка і цікава. Але зараз хачу расказаць пра маю першую настаўніцу. Яе завуць Галіна Андрэеўна Савасцян (Мядзельская школа №1). Усё жыццё яна прысвяціла дзецям. Зараз ужо на заслужаным адпачынку, але ўсё роўна не пакідае роднай школы. За некалькі дзясяткаў год Галіна Андрэеўна навучыла добраму, мудраму, вечнаму шмат дзетак. Яна не толькі таленавіты настаўнік, але і цудоўны, добразычлівы чалавек. Для нашага класа  Галіна Андрэеўна была як другая маці. Мы вельмі любім і паважаем яе. Цяпер я ўжо ў восьмым класе. Але сваю першую настаўніцу буду памятаць заўсёды. Кожны год віншую яе з днём нараджэння, Днём настаўніка. Калі мы часам сустракаемся на вуліцах нашага невялічкага гарадка, абавязкова гутарым. Тады маёй душы становіцца святлей  і цяплей, нібы сонечныя праменьчыкі трапілі да самага сэрца і абагрэлі яго. Напярэдадні свята хачу пажадаць Галіне Андрэеўне моцнага здароўя, радасці і шчасця, творчага натхнення і добрых вучняў.
(Дар’я ЦЕРАШКЕВІЧ, 8 клас).
* * *
Маёй першай настаўніцай была Людміла Анатольеўна Каўгарэня (Мядзельская школа №1). Яна вельмі добрая і клапатлівая. Уявіце: калі захварэў, яна не толькі прыйшла мяне адведаць, але і прынесла слоічак найсмачнейшага варэння з брусніц. Суцяшала, падбадзёрвала, тлумачыла матэрыял, каб не адстаў ад класа. Я ніколі не забуду яе дабрыні. Гэта самы лепшы настаўнік.
(Максім ЛАЎРЫНАЙЦЬ, 8 клас).
* * *
Лічу, што настаўнік — гэта не проста прафесія, гэта покліч душы. Менавіта ад яго залежаць лёсы сотняў вучняў, настаўнікі дапамагаюць нам стаць асобамі. Педагогі закладваюць тую аснову, на якой пазней выбудуецца наша жыццё. Даючы нам веды і жыццёвыя парады, настаўнікі аддаюць нам часцінку сваёй душы, прычым робяць гэта зусім бескарысліва.
(Маргарыта КРУЦЬКО, 8 клас).
* * *
Сярод нашых шчырых і спагадлівых настаўнікаў Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая — самая аптымістычная. Яшчэ ніколі не бачыў яе ў дрэнным настроі. З ёй заўсёды весела і цікава размаўляць. А як яна любіць свой прадмет — беларускую мову і літаратуру! Шануе, паважае і аберагае. І гэта не магло не перадацца нам. Цяпер мы таксама ў клопаце за родную гаворку. А яшчэ Вікторыя Вячаславаўна піша вершы. Якімсьці неразгаданым спосабам яна і дзяцей вучыць паэтычнаму майстэрству. Многія гімназісты пачынаюць пісаць вершы, у нас штогод выдаецца зборнік “Спробы пяра”.
(Міхаіл ЯНАЧКІН, 8 клас).
* * *
Школьнага настаўніка можна назваць настаўнікам жыцця. А таксама — незвычайным экскурсаводам. Ён вядзе нас па краіне ведаў такім чынам, каб кожны ўрок стаў своеасаблівай экспедыцыяй. Следам за цікавым настаўнікам мы бясстрашна спускаемся ў недры зямлі і ўзлятаем да зор, плывём па акіянах і брыдзём па пустэльнях. Мы вяртаемся на тысячы гадоў таму і сягаем у будучыя стагоддзі. Нас не палохаюць ні лінгвістычныя, ні матэматычныя тэрміны… Сотні вачэй сочаць за табой, дзясяткі сэрцаў давяраюць табе, школьны настаўнік. Лічу, што настаўнік — лепшая прафесія на зямлі.
(Ягор ЧАРНЯЎСКІ, 8 клас).
* * *
Не ўяўляю, якім было б наша жыццё, калі б не было настаўнікаў. Усе раслі б чэрствымі людзьмі ды невукамі. Хто, акрамя бацькоў, перажываў бы за нас?
Я адчуваю, што настаўнікі любяць нас, нібы ўласных дзяцей. Інакш як бы ім хапала цярпення кешкацца з намі, часам безадказнымі і гультаяватымі! Настаўнік не накрычыць, не пакарае, ён заўсёды дасць шанц. І гэтым ён вучыць самаму галоўнаму — дабрыні. Думаю, што школьныя настаўнікі будуць адным з нашых лепшых успамінаў, калі мы станем дарослымі.
(Павел БАЖЭЛКА, 8 клас).
* * *
Мой любімы настаўнік — Вольга Іванаўна Нагорнава. Яна добрая, вясёлая, пазітыўная.  Настаўніца душу ўкладвае ў наша развіццё. Я ведаю, што мы не заўсёды паслухмяныя, але будзем старацца вучыць родную мову і ведаць яе на “дзесяць”.
(Лізавета НАРЭЙКА, 5 клас).
* * *
А мая любімая настаўніца — Зоя Віктараўна Кабяк. Яна вучыць нас рускай мове і літаратуры.  Зоя Віктараўна  самая добрая і ласкавая.  Я хачу пажадаць ёй здароўя і выдатных вучняў.
(Максім КУЦКЕВІЧ, 5 клас).
* * *
Я люблю і паважаю ўсіх настаўнікаў. І тых, якія вучылі мяне ў першай школе, і гэтых, якія цяпер вучаць у гімназіі.  Віншую сваіх настаўнікаў з прафесійным святам і жадаю поспехаў у працы.
(Анастасія БАРОДЗІЧ, 5 клас).
* * *
Нашы настаўнікі вучаць нас быць добрымі, ветлівымі, разумнымі, справядлівымі, актыўнымі. Яны з’яўляюцца для нас праваднікамі  да добрага, шчаслівага, мірнага жыцця. Жадаю ўсім настаўнікам здароўя і радасці.
(Павел КЛІМОВІЧ, 5 клас).
* * *
Дарагія настаўнікі! Са святам Вас! Я ведаю, што з намі бывае цяжка, але мы вельмі стараемся вывучыць усё тое, што Вы нам даяце. Жадаю Вам плёну ў працы!
(Ілья КАКАДЗЕЙ, 5 клас)…


30 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   84 Рэчка Нарачанка        Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси