“Гэты горад — самы лепшы горад на зямлі…”

ЦЭНТР Мядзела ў мінулую суботу нагадваў адну вялікую святочную пляцоўку — тут адзначалася свята нашага горада. Горада, які мае сваю багатую гісторыю, напісаную не адным пакаленнем яго жыхароў, утульнага, светлага, прыгожага і самабытнага, прызнацца ў любові да якога прыйшлі і малыя, і вялікія. Нават дождж, які часам церушыў, не сапсаваў радаснага настрою і жадання весяліцца.
Дванаццаць пляцовак развярнулі сваю дзейнасць. Сярод іх літаратурная і дзіцячая, маладзёжная і спартыўная, арт-пляцоўка, гістарычная. А яшчэ — розныя фотавыставы і майстар-класы, прэзентацыі і акцыі, бліны і шашлыкі… Словам, усяго і не пералічыць. Сярод вясёлага тлуму і забаў асаблівым момантам стаў мітынг-рэквіем “Мужнасць, гонар і любоў”, які адбыўся на брацкай магіле райцэнтра. Памяць аддаўшых свае жыцці за вызваленне Айчыны ад нямецка-фашысцкай акупацыі ўшанавалі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і грамадскіх арганізацый.
Асноўнае багацце горада — людзі, якія сярод мноства цудоўных месцаў на зямлі выбралі менавіта Мядзел. Гэта яны — самаадданыя, працавітыя і творчыя — працягваюць традыцыі папярэдніх пакаленняў, прымнажаюць іх набыткі, ствараюць сучаснае аблічча горада. Тут нараджаюцца і растуць цудоўныя дзеці, якія звонкім і вясёлым смехам напаўняюць гарадскія двары. Павялічваецца і колькасць мнагадзетных сем’яў, адна з якіх адпаведнае пасведчанне атрымала непасрэдна на свяце. Гэта — сям’я Петручэняў, у якіх не так даўно на свет з’явілася трэцяе дзіця — дачушка Ксенія. Ад імя райвыканкама, усіх жыхароў Мядзела і гасцей свята бацькоў з ганаровым статусам павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Павіншавала Іна Іванаўна і маладую сям’ю Мароз, у якой напярэдадні свята нарадзілася дзяўчынка Мілана, і на гэты момант яна была самай маленькай жыхаркай горада. Бацькі і дзеці, якім пашанцавала быць адзначанымі на адметным мерапрыемстве, атрымалі шчырыя і цёплыя словы віншавання, а таксама падарункі на памяць.
У рамках работы пляцоўкі “Горад малады!” былі падведзены вынікі конкурсу па кіданні мабільных тэлефонаў. Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Марына Апанасёнак запрасіла на сцэну для ўзнагароджання пераможцаў, у якіх вынікі аказаліся самымі лепшымі — Рамана Чарняўскага і Кірыла Сенева. Хлопцы атрымалі падарункі і апладысменты гледачоў.
Недалёка ад галоўнай святочнай пляцоўкі размясцілася фотавыстава работ мастака з Пастаўшчыны Васіля Белякова. Адметнасць выставы ў тым, што на ёй можна пазнаць і родныя мясціны. Фотамастак не хавае сваёй любові да Мядзельшчыны і да яе краявідаў.
— Мне падабаецца свята, — дзеліцца ўражаннямі Васіль Белякоў. — Нягледзячы на дождж, людзі вясёлыя, жыццярадасныя, гучыць цудоўная музыка. Што тычыцца маёй выставы, то мядзяльчанам прывёз паказаць здымкі нашай цудоўнай прыроды. Я — мастак і падарожнік. За чатыры цёплыя сезоны асіліў 25 тысяч кіламетраў на веласіпедзе. І ўсё гэта з мэтай знайсці, сфатаграфаваць і паказаць тыя месцы, куды людзі не дабіраюцца. Справа ў тым, што ўсё самае прыгожае знаходзіцца далёка ад аўтамабільных дарог.
— А ці ёсць у вас любімае месца ў нашым азёрным краі?
— Так, мне вельмі падабаецца возера Мядзел. З-за чаго? Урочышча Дубавое, шмат астравоў, можна падысці з розных бакоў. Беларускае мора — возера Нарач — таксама не можа нікога пакінуць раўнадушным, мяне ў тым ліку. А Мястра? Асабліва від на яго з самай высокай кропкі ў Качэргах. Адтуль, дарэчы, і горад бачны. У мяне ёсць такія здымкі. Мне, як падарожніку, розныя месцы падабаюцца. Тым больш, што адно месца прыгожа выглядае ўзімку, а другое можа вабіць вока летам.  Люблю Мядзельшчыну, і не проста люблю, але і плённа супрацоўнічаю з некаторымі мясцовымі арганізацыямі. У музеі Народнай славы ўжо былі тры мае фотавыставы, шмат гадоў майму супрацоўніцтву і з Нацыянальным паркам “Нарачанскі”, дзе таксама арганізоўваюцца мае тэматычныя выставы.
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваў дзве выставы, на якіх былі прадстаўлены работы наведвальнікаў аддзяленняў дзённага прабывання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Супрацоўніца цэнтра Аксана Андрон расказала, што тут прадэманстраваны ўсе віды тэхнік рукадзелля, якімі займаюцца іх падапечныя: стужкавая аплікацыя — разнастайныя пано; вырабы з макароны — падсвечнікі, дэкаратыўныя талерачкі, шкатулкі; вырабы з газетных трубачак — кошычкі, збаночкі і іншае. Вырабы прадаюцца, а атрыманыя грошы, як напісана тут жа на  паперы, пойдуць на развіццё гуртковай дзейнасці аддзялення. На выставе прысутнічалі і некаторыя аўтары работ. Саша Малец і Крысціна Грузд — наведвальнікі гурткоў пры аддзяленні дзённага прабывання для інвалідаў. Саша з задавальненнем займаецца вышыўкай, у Крысціны цудоўна атрымліваюцца работы з бісеру і паперы. Што гэта сапраўды так, маглі ўбачыць многія госці свята.
Шыкоўным аздабленнем гарадскога мерапрыемства стала ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі шлюбу — цуд яднання любячых сэрцаў. Загучалі гукі вальса Мендэльсона…
— Дваццаць чацвёртага верасня 2016 года вузамі кахання і вернасці злучаць свае лёсы Аляксандр Альхімёнак і Святлана Апеннікава, — аб’яўляе ўрачыстым голасам начальнік аддзела загс Галіна Калмук.
Вось ён — гэты адказны і хвалюючы момант, калі на вачах усяго горада, у прысутнасці знаёмых і незнаёмых гучыць клятва вернасці. Няхай жа гэта публічнасць стане гарантам моцнага кахання маладых людзей і доўгажыхарства створанай імі сям’і. А што гэта цалкам магчыма, пацвердзілі сем’і, у якіх за плячыма юбілейныя даты сумеснага жыцця. Так, і іх таксама ўшаноўвалі на свяце. Дзесяць гадоў сумеснага жыцця адзначаюць у гэтым годзе Віталій і Лілія Шырокія, дваццаць — Сяргей і Наталля Баўтрамовічы. Юбілейную дату з сярэбранай пробай (25 гадоў) святкуюць Генадзь і Ірына Маслоўскія, а Пётр і Наталля Чапуковы разам ужо тры дзесяцігоддзі. Самыя працяглыя адносіны — ажно пяцьдзясят гадоў разам — у Зафіі і Анатолія Паласухіных. Усе гэтыя імёны занеслі ў Кнігу ганаровых юбілейных вяселляў, што і было замацавана іх подпісамі.
Тым часам на пляцоўцы “У добрым родзе ўсё ў згодзе” ва ўсю частавалі рознымі прысмакамі. Члены фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Вузлянка” прывезлі гараджанам пачастункі: сала, бліны з грыбамі, ліверам і тварагом, яблыкі з вузлянскіх садоў, печыва. І ўсё гэта было шчодра прыпраўлена звонкай песняй ды вясёлымі жартамі. Побач працавала выстава-конкурс печыва
“Сямейныя прысмакі”. Госці каштавалі пірагі і галасавалі. А ўдзел у конкурсе прынялі Наталля Мікалаеўна Амельяновіч, санаторый “Нарачанскі бераг”, Старагабскі сельскі Дом культуры, Лацвянскі Дом майстра, цэнтральная раённая аптэка № 131. Дарэчы, аптэка да свята падрыхтавала не толькі пірог, але і выставу-прэзентацыю лекавых сродкаў айчынных вытворцаў пад назвай “Кірмаш здароўя”. Удзел у выставе прынялі фармаколагі з Барысава, Лагойска і Мінска.
А вось і літаратурная пляцоўка “Мой родны край — натхнёнасці крыніца”, прысвечаная жыццю і творчасці нашага знакамітага земляка — паэта і грамадскага дзеяча Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). 17 верасня якраз споўніліся 104 гады з дня яго нараджэння. На пляцоўцы — з любоўю аформленая фотазона “У гасцях у Максіма Танка”: месца, стылізаванае пад вясковую хату, у якой жыў будучы паэт, а побач — імправізацыя дварышча, дзе на лаўцы стаіць кош з грыбамі, які быццам толькі што прынёс Яўген Іванавіч з лесу падчас візіту ў родную Пількаўшчыну. Адчуванне прысутнасці паэта стварае і выстава кніг як яго, так і падараваных паэту ў розныя часы іншымі аўтарамі з іх подпісамі. Адкрываем асобнік Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”: “Дарагі Яўген Іванавіч! Можа замахнуўся я і занадта, але выказаўся ў гэтых ямбах шчыра. Спадзяюся на літасцівы суд. З нязменна глыбокай павагай і любоўю, Ніл Гілевіч. 21 кастрычніка 1985 года”. І такіх унікальных і каштоўных кніг на паліцы — дзясяткі два, а то і больш. Крыху далей — магчымасць кожнаму госцю выказаць пісьмова свае адносіны да слыннага земляка. Чытаем прымацаваныя сёння рознымі людзьмі радкі, якія пачынаюцца аднолькава: Максім Танк для мяне…, а далей — мудры, добры чалавек; наш знакаміты зямляк, паэт, чалавек, які ў сваіх вершах услаўляў прыгажосць мядзельскай зямлі; гонар і слаўны сын зямлі мядзельскай; пясняр роднай мовы, талент мядзельскай зямлі… Аматары яго паэзіі маглі ў мікрафон прадэкламаваць творы, узяўшы ў рукі зборнік, ці паслухаць аўдыязапісы з яго голасам. Для дзяцей была падрыхтавана віктарына-красворд па творчасці і біяграфіі М. Танка. А вось і ўдзельнікі патрапіліся — васьмікласнік Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі Арцём Бабровіч і сямікласнік гэтай жа навучальнай установы Дзяніс Будзько. Хлапчукі расказалі, што вырашылі паспрабаваць свае веды ў віктарыне і засталіся задаволенымі: выцягнулі “дубовыя” лісточкі з пытаннямі і правільна на іх адказалі.
Публічна падводзіліся вынікі вясёлай гарадской эстафеты “Давай, народ здзіві!”, у якой прынялі ўдзел каманды чатырох арганізацый райцэнтра. Гэта — каманда аб’яднаных прафсаюзаў “Красаўчыкі”, райвыканкама — “Тры плюс два”, ПМС — “Пераможцы” і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пад “змястоўнай” назвай “Ё”. Весела, зладжана і аднадушна прайшла эстафета, каманды не столькі стаміліся, як уволю павесяліліся. Але і такія спаборніцтвы выяўляюць пераможцаў. Лепш за іншых выступіла каманда “Ё”, але без падарункаў не застаўся ніхто. Што ж наконт сваёй перамогі скажуць члены каманды — Аксана Роўда, Вадзім Івашка, Кірыл Сенеў, Таццяна Малько і Рыгор Хіла?
— Наша каманда маладая, спартыўная, таму выпрабаванні не выклікалі асаблівых цяжкасцей, — наперабой адказваюць хлопцы і дзяўчаты. — Але складаней за ўсё было на этапе “Бальніца”, калі ўсёй камандзе на час трэба было апрануць бальнічныя халаты, пальчаткі, бахілы, шапачку і маску, пакласці аднаго чалавека на насілкі, зрабіць яму “ўкол”, пранесці яго, а потым усё гэта зняць. Але, як бачыце, з усімі заданнямі справіліся выдатна!
Дастойны таго, каб іх узгадалі і гарадскія майстрыхі, якія прынялі ўдзел у выставе творчых работ. У тэхніцы “дэкупаж” выкананы работы Таццяны Жукавень, валяннем займаецца Святлана Купрэвіч, вышываюць бісерам Анастасія Чараповіч і Марыя Варанец, пляце з яго — Валянціна Лабуць, вязаныя шыдэлкам рэчы прадставілі Алена Нарэйка і Марына Трухановіч, здзіўлялі пышнасцю ўбранства лялькі-шкатулкі Аксаны Гурыновіч. Шмат было прадстаўлена работ, вышытых крыжыкам. Іх аўтары — Вольга Майсейчык, Тамара Грайчонак, Алена Радкевіч, Галіна Варабей, Вікторыя Арцёмава, Алёна Смолка, Часлава Малевіч. Вабілі вока вырабы з саломкі Марыны Новак і яе дачкі Машы, а з паперай выдатна працуе Тамара Мацкевіч. Розныя тэхнікі (шыццё,  вышыўка, вязанне і пляценне) выкарыстоўваюць у творчасці Святлана Панамарова, Наталля Цімановіч. А Таццяна Урбшас паказала вырабы з халоднага фарфору.
Квест на веданне гісторыі горада таксама меў сваіх пераможцаў, якія атрымалі памятныя падарункі. Самым мэтанакіраваным удзельнікам квесту “Гарадскія лабірынты” прызнана Анастасія Карзяёнак. Пётр Карабейнік стаў самым дапытлівым удзельнікам. А вось Дзяніс Барыеў атрымаў званне самага знаходлівага знаўцы горада. Кацярына Крыштафовіч атрымала званне самай эрудзіраванай. А самым азартным удзельнікам стала Аксана Роўда.
Сёлета на свяце горада прысутнічаў асаблівы госць — Янез Сіршэ, кіраўнік праекта Праграмы Еўрапейскага Саюза па падтрымцы ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі, які фінансуецца прадстаўніцтвам Еўрасаюза ў нашай краіне. Ён паведаміў, што прыехаў сюды з мэтай падтрымаць развіццё турызму ў нашым рэгіёне:
— Мядзельскі раён вельмі багаты для развіцця турызму. Тут шмат азёр, санаторыяў, месцаў для правядзення розных культурных і спартыўных мерапрыемстваў, якія могуць быць цікавыя турыстам. Лічу, што магчымасцей шмат, але перш за ўсё неабходна скласці план прыярытэтаў развіцця, а потым падтрымліваць яго і рэалізоўваць, прасоўваючы турыстычны прадукт як на беларускім рынку, так і за мяжой. Адзначу, што на дадзеным этапе ў санаторыях ужо шмат замежных турыстаў, якіх прыцягваюць у асноўным медыцынскія паслугі. Але трэба выкарыстоўваць максімальна рэкрэацыйны патэнцыял рэгіёну. У тым ліку павышаць кваліфікацыю работнікаў гэтай сферы, вучыць зацікаўліваць гасцей з замежных рынкаў. Тым больш, што ў вас побач рынак трох Прыбалтыйскіх дзяржаў, Расіі, краін Скандынавіі. А эфектыўнае прасоўванне турыстычных паслуг будзе мець пазітыўны вынік і поспех. Мне, напрыклад, спадабаўся турыстычны комплекс “Наносы-Наваселле”, дзе ўдала спалучаюцца старажытныя традыцыі і сучасны камфорт. Але я хачу наведаць яшчэ Нацыянальны парк “Нарачанскі”, іншыя санаторыі, вывучыць сітуацыю падрабязней, каб потым нешта прапанаваць для далейшага развіцця турызму.
І апошняе. Свята — не свята без артыстаў і музыкі. Таму за той добры настрой, які яны стваралі, шчыры дзякуй музычным калектывам горада і раёна, а таксама гасцям: народнаму клубу аўтарскай песні “Імпэт” з Ільянскага сельскага Дома культуры Вілейскага раёна і самадзейным артыстам з Астравеччыны. Думаю, засталіся задаволены госці і атрыманымі падарункамі, якія прадставілі раённыя арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ЗАТ “Аптэкарскі сад”, УП “Ілаўскае”, сялянская гаспадарка “Антэй-сад”. Прыгожым атрымаўся і фінальны акорд свята — феерверк, які расквеціў начное неба любімага горада.
Іна ЯРЧАК.
На здымках: 1. Пасведчанне мнагадзетнай сям’і на свяце атрымала Надзея Петручэня; 2. Тата самай маленькай жыхаркі горада Яўген Мароз; 3. Пётр Карабейнік стаў самым дапытлівым удзельнікам квеста; 4. Пераможца вясёлай гарадской эстафеты “Давай, народ здзіві!” каманда “Ё”; 5. Калі ласка, сямейныя прысмакі!; 6. На гістарычнай пляцоўцы; 7. У фотазоне на літаратурнай пляцоўцы; 8. Падчас святочнай рэгістрацыі шлюбу; 9.  Запрашае пачаставацца гарбатай прадавец-кансультант “Аптэкарскага саду” Марыя Сідаровіч; 10. Пачастункі ад “Вузлянкі”; 11-… Моманты свята.
Фота Аляксандра Высоцкага.


29 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

від на Мядзел возера Мястра 223_ на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси