Упершыню: музыка Шастаковіча — у шэметаўскім храме

Для аматараў гісторыі роднага краю не будзе сенсацыяй, што карані аднаго з выдатных кампазітараў XX стагоддзя Дзмітрыя Шастаковіча сыходзяць на Мядзельшчыну.  Краязнавец з Камарова  Іван Драўніцкі «раскапаў» гэта яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму.
Зачэпкай стала даўнейшая размова з жыхаром вёскі Малая Сырмеж Сінефонам Артаевым. Той расказаў, што ў годзе 1939-м нейкі чалавек у акулярах прыязджаў з Ленінграда. Шукаў дарогі да Шэметава, казаў, што там павінна быць радзіма яго продкаў — Шастаковічаў. А вадзіцель казаў, што гэта вялікі музыкант.
Размова так і засталася б размовай, каб праз дзесяцігоддзі Іван Пятровіч не стаў сур’ёзна займацца краязнаўствам. З’явілася здагадка, што продкі кампазітара жылі ў былым маёнтку Калодна, што знаходзіцца за лічаныя кіламетры ад Шэметава.
Потым пачалася перапіска з гісторыкам-славістам Баляславам Шастаковічам з Іркуцка. Той адказаў, што сапраўды яго прадзеда Пятра хрысцілі ў Шэметаўскім касцёле. Пісаў: “Згодна з сямейнымі паданнямі, Шастаковічы заўсёды разглядалі сябе як выхадцы з польскага роду, якія некалі жылі ў літоўска-беларускім рэгіёне”.
А як апынуліся Шастаковічы ў Расіі?  Прадзед кампазітара па бацькавай лініі, збяднелы шляхціц з маёнтка Калодна Пётр Шастаковіч вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай Акадэміі. Пасля паўстання 1830-1831 года яго саслалі ў Сібір.
***
Дзмітрый Шастаковіч нарадзіўся 25 верасня 1906 года ў Санкт-Пецярбургу. І вось раўнютка праз 110 год у шэметаўскім касцёле адбыўся канцэрт, на якім гучалі творы кампазітара.
Ініцыятарам мерапрыемства стаў Аркадзь Валадось. Гэта вядомы оперны спявак, прэзідэнт Французскай асацыяцыі «Абмен: Францыя — Беларусь». Ён нарадзіўся ў Беларусі, тут вучыўся ў Беларускай акадэміі музыкі, цяпер жыве ў Францыі.
Для Аркадзя Валадося прозвішча Шастаковіч — беларускае, і ён шукаў яго карані. Калі ўпэўніўся, што продкі Дзмітрыя Шастаковіча з Беларусі, то з’явілася ідэя правядзення такога канцэрта. З гэтай нагоды ён летась прыязджаў на Мядзельшчыну, сустрэўся с ксяндзом Уладзіславам, мясцовымі ўладамі…
У выніку з’явіўся праект, які падтрымалі пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА і французская асацыяцыя «Абмен: Францыя — Беларусь». Праводзіўся ён пры ўдзеле аблвыканкама і райвыканкама.
***
Пасля імшы ў касцёле засталіся парафіяне, прыехалі аматары музыкі — так што, слухачоў быў поўны храм.
Сям’я Бялевічаў завітала на канцэрт з курортнага пасёлка Нарач. Ігар і Яніна прыхапілі з сабой маленькую дачушку Марту.
— Па тэлебачанні ўчора шмат расказвалі пра 110-годдзе Дзмітрыя Шастаковіча. Даведаліся, што тут будзе канцэрт, — расказвае Ігар. — Каля Шэметава ўсе ездзім. Нарэшце, вырашылі завітаць — з тым, каб разам аддаць даніну павагі знакамітаму кампазітару. Таму што яшчэ са школьнай праграмы ведаем пра яго 7-ю сімфонію, якая гучала і натхняла людзей у блакадным Ленінградзе. Адметна, што Дзмітрый Шастаковіч мае беларускія карані.
***
— Што вас прывяло сёння ў Шэметава? — пытаю ў народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя
І. Жыновіча прафесара Міхаіла Казінца:
— Безумоўна, вялікае імя Дзмітрыя Шастаковіча і той куток, дзе нарадзіліся яго продкі. Усё пачыналася вось з гэтай зямлі. Так здарылася, што ў сваім жыцці шмат дырыжыраваў сімфоніямі Шастаковіча. Наогул, для мяне ён — Бах XX стагоддзя, адна з найбольш адметных постацей, адзін з найвялікшых і геніяльных  людзей.
Падчас адкрыцця канцэрта Міхаіл Казінец зачытаў пасланне Пасла Беларусі ў Францыі, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі. У ім былі словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі канцэрта і спадзяванне, што ініцыятыва па ўшанаванні творчасці Дзмітрыя Шастаковіча будзе мець працяг.
***
На канцэрце выступалі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.  У іх выкананні прагучалі струнны квартэт №3, элегія, полька, прэлюдыя і скерца. Гралі натхнёна і ўзнёсла, за што ўзнагародай былі апладысменты слухачоў.
Цяпер пра ўражанні.
— Вельмі рада, што канцэрт адбыўся, — дзеліцца наша зямлячка, аглядальнік аддзела БелТА па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Беларусі, намеснік старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Аліна Грышкевіч. — Няпроста было арганізаваць мерапрыемства. Вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў гэты праект — абласным, раённым уладам, музыкантам. Заўсёды вельмі радасна, калі на родную Мядзельшчыну вяртаюцца такія вядомыя імёны і мы даведваемся пра яе ўклад у сусветную культурную скарбніцу.
На канцэрце пабывалі выкладчыкі Мядзельскай і Нарацкай дзіцячых школ мастацтваў. Дырэктар мядзельскай установы Алена Касарэўская кажа:
—  Шэметава — вельмі прыгожае, атмасфернае месца. Не дзіва, што тут нараджаюцца людзі, якія потым даюць жыццё геніям сусветнага мастацтва. Вельмі цікавае мерапрыемства і музыка. Атмасфера своеасаблівая, бо ўсё праходзіла ў храме. Па-мойму, і публіка цудоўна ўсё сустракала, хоць музыка дастаткова складаная для ўспрыняцця. Радуе, што падчас такіх мерапрыемстваў мы, жыхары правінцыі, маем магчымасць дакрануцца да сусветных шэдэўраў. Сёння практычна ўвесь калектыў нашай школы змог стаць саўдзельнікам гэтай падзеі.
Аркадзь Валадось не хаваў радасці:
— Я сёння — самы шчаслівы чалавек тут. Таму што ідэя рэалізавалася, музыка Шастаковіча  прагучала ў гэтым храме. Гэта маё шчасце. Мне здаецца, што гэта добра для Беларусі: тое, што адбылося сёння і што самы вялікі геній у музыцы XX стагоддзя — з беларускімі каранямі.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
 Фота аўтара.


29 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры _dsc1133-3 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси