Якая веліч, якая прыгажосць!

ПРАГА да падарожжаў у мяне ў крыві з дзяцінства. І “прышчапіла” мне яе бабуля Тамара Цімафееўна, якая амаль паўстагоддзя адпрацавала ў Старагабскай сярэдняй школе і часцяком брала мяне з сабой у шматлікія паездкі. Геаграфія вандровак ахапіла тады Мінск, Хатынь, Курган Славы, Брэст, Ленінград і нават пушкінскае кола Паволжа. Дзіцячае захапленне ад новых месцаў і яркіх уражанняў памятаю дагэтуль, таму і не магу спыніцца. Калі адпраўляюся ў дарогу, перада мною нібыта разгортваецца Сусвет, новыя веды дапамагаюць па-іншаму зірнуць на ўласнае жыццё, новы досвед пачынае ўплываць на штодзённасць і ўдасканальваць яе.
Гэтым летам мы з сям’ёй вырашылі павандраваць па поўдні Міншчыны і па Гродзеншчыне. Ведай, як кажуць, сваё! Загадзя склалі маршрут, праз інтэрнэт вывучылі ўсе славутыя мясціны, якія можна разгледзець па шляху, расклад працы розных музеяў. Прыхапілі “тармазок”, фотаапарат — і ў дарогу! У першую чаргу скіраваліся на Стаўбцоўшчыну — радзіму народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, дзе даўно марыла пабываць, бо гэта мне і для настаўніцкай працы прыдасца. Засценак Акінчыцы, які колісь знаходзіўся сярод панскіх лясоў, ужо даўно ў рысе горада Стоўбцы, аднак цудоўна захаваўся, дбайна аберагаецца і прымае ледзь ці не штодня шматлікіх гасцей з розных куточкаў свету. Невялікі падворак, хлеў, асвер і хата — усё гэта захавала вясковы каларыт канца XIX стагоддзя. Здаецца, гаспадары толькі на хвілінку адлучыліся: на стале блішчыць ад тлушчу “пальцам пханая” каўбаса, позірк вабіць тварожны клінок, на падаконні ляжыць недавязаная шкарпэтка, а на куфры — капыл, з дапамогай якога дзядзька Антось валяе рукавіцы з воўны… На печы чакаюць вялікія клубкі льняных нітак на добрага паўпуда кожны, на прыпечку акуратна складзена бяроста, каб увечары хуценька засмажыць яечню… На месцы і лыжкі, відэльцы. Ціха калышацца люлька, у якой, здаецца, нядаўна гушкалі маленькага Кастуська. Хаціна мае варыўню і толькі адзін пакойчык, палову якога займае печ. Як тут месцілася сям’я з трох дарослых і трох дзяцей? Напэўна, добра і дружна жылі, бо панавалі ў сям’і спакой і лагода, любоў да ўсяго навакольнага, гумар і паэзія.
Паэзія тут і зараз жыве, бо сустракае гасцей жонка Коласава ўнука Соф’я Пятроўна Міцкевіч, якая цудоўна размаўляе на беларускай мове, цытуе на памяць паэму “Новая зямля”, дасціпна жартуе і дазваляе ўсё памацаць рукамі. Яна падзялілася з намі цікавымі звесткамі. У прыватнасці, што многія іншаземцы ведаюць “Новую зямлю” лепш за некаторых суайчыннікаў, а карэйцы лічаць Коласа сваім народным паэтам! Нас настолькі захапіла экскурсія, што цяжка было пакідаць гэтае месца. Але час прыспешваў, і мы рушылі далей.
Наступны прыпынак — горад Нясвіж, старажытны культурны цэнтр Беларусі. Менавіта тут заснавалі першы тэатр, Нясвіжскі палац з’яўляўся асноўнай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў — некаранаваных каралёў Еўропы, як іх тут называюць, праваднікоў культуры, навукі і мастацтва на нашых землях. Цікавасць уяўляюць гарадская ратуша, касцёл Божага Цела, чатыры найпрыгажэйшыя паркі, ну і, безумоўна, палац Радзівілаў. Гэта — брэнд, візітоўка, турыстычная мека Беларусі. Яго адрэстаўравалі, стварылі атмасферу сярэдневякоўя, і зараз ён займае ў краіне першае месца па колькасці наведвальнікаў у год. Надзвычай велічны і прыгожы як звонку, так і ў сярэдзіне. Шматлікія залы дэманструюць раскошу, у якой жылі князі — самыя багатыя людзі Еўропы. Апісаць усё гэта даволі складана: лепш пабачыць на свае вочы! А на памяць набыць сабе што-кольвечы ў сувенірнай краме, напрыклад, шакаладку “Чорная Панна Нясвіжа”. Паблукаўшы па парках і вуліцах горада, а таксама па яго крамах і кавярнях, рушылі на начлег. Яго месцам абралі сядзібу побач з Нясвіжам. Скажу адразу, што дагэтуль у мяне было іншае меркаванне пра сутнасць адпачынку на аграэкасядзібе. Дызайн, інтэр’ер, стыль… Аднак тут мне не хапіла душэўных зносін, зацікаўленасці ў пастаяльцах, “знаёмства з прыродным і гісторыка-культурным патэнцыялам мясціны” — менавіта так заяўлялася ў дамове. Словам, аграсядзібы на Мядзельшчыне куды лепшыя!
Раніцой накіраваліся ў гарадскі пасёлак Мір. Там варта паглядзець цэрквы і касцёлы, сінагагальны двор, парк і палац князёў Мірскіх. Ён істотна адрозніваецца ад папярэдняга. Тут шмат сярэдневяковых экспанатаў, але няма адноўленай раскошы. Караскаючыся па стромкіх, вузкіх вінтавых лесвічках то ў вежу, то ў скляпенне, адчуваеш сябе даследчыкам даўніны, зазіраеш у паўразбураныя слыхавыя хады і чакаеш прывідаў ці прытоеных стогнаў. У скляпенні ёсць магільны склеп, а таксама цямніца для зняволеных. Далей нас чакаў Навагрудак, старажытная сталіца Вялікага княства Літоўскага. Горад пабудаваны на пагорках, таму ўжо сам рэльеф, вуліцы ўяўляюць цікавасць. Апрача храмаў, варта наведаць Дом-музей беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча, паглядзець на руіны палаца, а яшчэ пабываць на гары Міндоўга — там ляжыць знакавы камень. Затым пераехалі ў горад, названы жаночым імем Ліда. У мясцовым замку Гедыміна князі не жылі — ён абарончага тыпу. Ва ўнутраным двары хаваліся гараджане падчас войнаў, а таксама адбываліся рыцарскія турніры. А яшчэ лідчане і госці горада заўсёды з нецярпеннем чакаюць тэатралізаванага прадстаўлення “Жаніцьба Ягайлы”. Уздоўж унутраных сцен замка пароблены стрэшкі, пад якімі самыя розныя экспазіцыі. Нас, напрыклад, уразілі прыстасаванні для пакарання няверных жонак, плеткароў, людзей, якія прапусцілі царкоўную службу. У Лідзе ўсталяваны помнік першадрукару Францыску Скарыну з вельмі лаканічным надпісам: “Бярыце і чытайце!”. Вабяць Фарны касцёл і Свята-Міхайлаўскі сабор, адзіны ў краіне помнік воінам-чыгуначнікам, сонечны гадзіннік і бронзавыя скульптуры лазеншчыка і камандзіровачнага…
У гэты ж дзень мы перабраліся ў пасёлак Берагавое пад Гродна, дзе нас гасцінна сустрэлі сваякі. Увечары выйшлі на шпацыр, прагуляліся па лесе і нечакана апынуліся на высокім беразе Нёмана. Які прастор, якая веліч, якая прыгажосць! Нёман тут шырокі і самавіты. Ён ціха і спакойна нясе свае воды да Балтыйскага мора. Глядзець на яго — не наглядзецца! “Ці ёсць на свеце дзе другая, як Нёман, рэчачка такая?” — пытаўся Якуб Колас. А я адкажу: “Не! Канкурыраваць з ёй можа толькі возера Нарач!”.
Вельмі спадабаўся Гродна. Ён мае заходнееўрапейскі каларыт: вузкія брукаваныя вулачкі, вытанчаныя старадаўнія пабудовы, Стары і Новы замкі. У абласным горадзе дзейнічаюць некалькі храмаў — усе дзівоснай прыгажосці, ёсць два цудатворныя абразы і свой пешаходны “Арбат” — вуліца Савецкая. У старадаўняй аптэцы бясплатна знаёмяць з экспанатамі — лекавымі травамі, сушанымі жабкамі і хвастамі яшчарак у адмысловых пасудзінах. Шмат цікавага ўбачылі ў музеі рэлігіі, доме-музеі Максіма Багдановіча і парку Жылібера — французскага вучонага XVIII стагоддзя, які па просьбе Антонія Тызенгаўза пераехаў у Гродна, дзе заснаваў Урачэбную акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову на Беларусі і лепшы ў Еўропе батанічны сад. У Гродна проста немагчыма разгледзець усё за адзін дзень. Таму мы вырашылі пра сябе абавязкова сюды вярнуцца. А зараз нас чакалі яшчэ і “Каробчыцы”.
Панскі маёнтак Каробчыцы — месца для забаў і адпачынку. Нагадвае Наносы, Дудуткі, Строчыцы і Станькава. Шмат вады, зеляніны і кветак, альтанак і дзіцячых горак, кавярня і рэстаран, шматлікія вальеры з жывёламі і птушкамі, конныя дыліжансы і катанне верхам. Казулі, трусы, нутрыі, лебедзі, ослікі не баяцца людзей, шпацыруюць па дарожках, ідуць да рук, выпрошваюць хлеб. Палац Зяваны, памесце Бабы-Ягі — усё зроблена з выдумкай. Тут можна правесці цэлы дзень, сумна не стане. Па дарозе дадому наведалі вёску Гярвяты, падзівіліся на тамтэйшы касцёл Святой Тройцы, які лічыцца найпрыгажэйшым у Беларусі. З шашы добра разгледзелі будучую беларускую АЭС. Яна таксама сімвалізуе веліч і сілу, толькі ўжо нашых сучаснікаў — людзей XXI стагоддзя. Наша падарожжа атрымалася вельмі насычаным, а ўражанні — незабыўнымі.
В. СЯКЛЮЦКАЯ.
 


22 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах від на Мядзел возера Глубелька 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси