…І пара воблераў з “Рыбацкага куфэрачка” | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

…І пара воблераў з “Рыбацкага куфэрачка”

НАПРЫКАНЦЫ ліпеня ў будынку магазіна “Гасцінец”, што насупраць аўтабазы, адкрыўся новы павільён для аматараў рыбнай лоўлі. Пра прыблізны асартымент можна здагадацца і па назве — “Рыбацкі куфэрачак”. Як ідуць справы ў новай гандлёвай кропцы, пацікавілася ў прадаўца Кацярыны Шмялёвай.
— У нас можна знайсці ўсё для рыбалкі: ад кручкоў, вудачак і да аксэсуараў, кшталту капелюшоў, накамарнікаў, — прыязна ўсміхаючыся, расказвае дзяўчына. — Вывучаем попыт, каб кожны наведвальнік знайшоў тое, што яму трэба.
— Што карыстаецца найбольшай папулярнасцю?
— Цяжка вылучыць нешта адно. Купляюць самае рознае: воблеры, блешні, апарышаў, кручкі. Асартымент на паліцах багаты — больш за тысячу найменняў.
— Сярод пакупнікоў, напэўна, больш мясцовых?
— Часта звяртаюцца мясцовыя, але ёсць і заезджыя, тыя самыя адпачываючыя са здраўніц, якім падказалі наш адрас. Магазін толькі набірае папулярнасць, і вельмі прыемна, калі нас ужо некаму рэкамендуюць.
— А самі ці рыбачыце?
— Некалі ў дзяцінстве лавіла карасікаў у сажалцы, зараз жа не маю на гэта часу. Магу толькі сказаць, што падтрымліваю такі актыўны адпачынак.
Гаспадар павільёна — Віктар Уласаў. На маё здзіўленне — таксама не рыбак. Аднак, як прадпрымальнік, вырашыў, што адным з накірункаў яго дзейнасці будзе гандаль таварамі для аматараў рыбнай лоўлі.
— Дзе, як не ў Мядзеле, у Нарачанскім рэгіёне, прадаваць рыбалоўныя прылады? — разважае Віктар. — Мой падыход такі: чалавек прыйшоў і купіў па магчымасці ўсё, што трэба, каб нашым жыхарам не ехаць у сталіцу ці іншы горад. Таму і тавар у нас ад самых танных рэчаў да вельмі дарагіх. На любы густ і кашалёк. Напрыклад, вудачку можна набыць і за 5 рублёў, і за 80. Ёсць нават знакамітыя воблеры Halco, якія бываюць толькі ў сталічных крамах. Плануем пашыраць асартымент: закупім адзенне для рыбалкі, адкрыем куточак для паляўнічых. Амаль два месяцы працы паказалі, што наш тавар запатрабаваны, да нас ідуць людзі.  І гэта пры тым, што працуем без вонкавай шыльды (гаспадары памяшкання не дазваляюць яе размясціць). Як бачыце, планаў сваіх не хаваю, хачу развівацца, рухацца далей. Спадзяюся, аматары рыбалкі па заслугах ацэняць нашы намаганні.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: тавар аматарам рыбнай лоўлі прапаноўвае прадавец магазіна “Рыбацкі куфэрачак” Кацярына Шмялёва.
Фота Аляксандра Высоцкага.


15 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прадпрымальнасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          223_ Касцёл у Шэметава   84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси