Нарачанскі хэпі-энд

Да ажыццяўлення мары соцень бацькоў і дзясяткаў педагогаў аб новай, прасторнай установе адукацыі ў пасёлку ішлі не адзін год. Весялей пакрочылі, калі на гарызонце з’явіўся неабходны праект і мільёны рублёў на яго ажыццяўленне. У апошнія пару месяцаў — тэмпы павялічылі ў разы, каб сёлетні Дзень ведаў для купскіх школьнікаў стаў па-сапраўднаму адметным.
І вось ён — хэпі-энд. Урачыстая лінейка ў Нарацкай сярэдняй школе №2 аб’яўляецца адкрытай. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь паднімаюць вучаніца года Мінскай вобласці-2015 Ганна Кацягова і актыўны ўдзельнік школьнага будатрада Максім Шаблыка. У ліку ганаровых гасцей — прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў, губернатар Сямён Шапіра, старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка, дырэктар Дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Мядзельскае ПМС” Юрый Скармаховіч. 
— Паважаныя педагогі, дарагія дзеці і бацькі! — да ўдзельнікаў урачыстасці звяртаецца прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. — Мяркую, сёлетні Дзень ведаў кожны з вас запомніць на гады. Вы атрымалі цудоўны падарунак — дыхтоўную, камфортную, сучасную школу на 510 месцаў. Увогуле, у нашай краіне надаецца вялікая ўвага матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню адукацыі: сёлета ў эксплуатацыю ўводзяцца 2 сярэднія школы і 10 дзіцячых садкоў, за два дзесяцігоддзі пабудавана больш за тры сотні школ і паўтары — устаноў дашкольнага выхавання… Увогуле беларуская адукацыя высока цэніцца ў свеце. Па ацэнцы ААН наша сістэма ўваходзіць у трыццатку лепшых. Адукаванасць дарослага насельніцтва ў Беларусі складае амаль 100 працэнтаў. Пры гэтым усе мы добра разумеем, што ядром нашай адукацыі з’яўляецца школа. Менавіта ў ёй закладваецца фундамент ведаў, поспехаў, якімі так ганарыцца наша краіна… Сёння першы раз у першы клас у рэспубліцы пойдуць  110 тысяч малышоў. А сярод іх — 58 хлопчыкаў і дзяўчынак з Нарацкай сярэдняй школы №2… Дарагія першакласнікі! Сёння вы атрымаеце не толькі цудоўную школу, але і першы падручнік “Беларусь — наша радзіма” — гэта падарунак нашага Прэзідэнта. Шчыра спадзяёмся, што ў дадзенай установе адукацыі вы не толькі атрымаеце добрыя веды, але і навучыцеся любіць сваю Радзіму, адказваць за яе будучыню… Дарагія выпускнікі! У гэтым навучальным годзе вам давядзецца зрабіць адказны выбар. І якім бы чынам вы не вызначылі свой лёс, ведайце — наша краіна разлічвае на вас і з нецярпеннем чакае, калі вы папоўніце рады працуючых… Паважаныя бацькі! У вас сёння таксама вялікае свята. І хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што галоўная роля ў выхаванні дзіцяці адведзена сям’і. Школа — гэта партнёр, памочнік, а вы — аснова… Паважаныя педагогі! Вялікі дзякуй за сумленную працу. Вы — цэнтральная фігура ў адукацыі, і, спадзяёмся, ваш аўтарытэт застанецца непахісным назаўжды…  Вялікі дзякуй будаўнікам, якія на выдатна справіліся з даведзеным заданнем і ўзвялі цудоўны аб’ект… Паважаныя сябры! Са святам усіх!
— Сёння ў вобласці дзверы расчынілі 520 школ, у тым ліку і новая — нарацкая, — слова мае старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. — У яе будаўніцтва ўкладзены немалыя грошы, але наша дзяржава нават ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі знайшла іх для таго, каб вы, дарагія дзеці, раслі дастойнымі грамадзянамі сваёй рэспублікі, сталі прыкладнымі працаўнікамі… Асобна хачу звярнуцца да будаўнікоў і выказаць ім словы падзякі. Школа пабудавана ў рэкордна кароткія тэрміны, і былі скептыкі, якія сумняваліся ў паспяховым ажыццяўленні праекта. Але нашы будаўнікі даказалі, што здольны працаваць якасна і хутка.
Удзельнікаў урачыстасці прывеціў і старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Слова таксама меў генеральны падрадчык, дырэктар Мядзельскага ПМС Юрый Скармаховіч. Ён жа перадаў сімвалічны ключ ад узведзенага аб’екта Андрэю Кабякову, а ўжо той па праву ўручыў яго гаспадару навучальнай установы, дырэктару Генадзію Крыштафовічу.
А што ў адказ? Вядома ж, шчырыя словы падзякі за шыкоўны падарунак да сёлетняга Дня ведаў і радасць… радасць за дзяцей і дарослых, якім з учарашняга дня (напэўна, на зайздрасць многім — аўт.) прадастаўлена магчымасць выкладаць і займацца ў найсучаснейшай установе адукацыі. Генадзій Віктаравіч пажадаў усім моцнага здароўя і поспехаў, высокіх дасягненняў і рознага кшталту перамог. А пасля — прадаставіў слова самым маленькім, але, без сумнення, самым галоўным героям адметнага чацвярга — першакласнікам.
І пакуль будучыя мастакі, артысты, будаўнікі і навукоўцы наперабой  расказвалі пра ўласныя здольнасці і таленты — на імправізаванай сцэне з’явіўся Вася Вясёлкін (пяцікласнік Данііл Жук). І разам з “дэбютанткай школьнай справы”, першакласніцай Сафіяй Кісель абвясціў аб пачатку новага навучальнага года. У шчымлівы камячок сэрцы прысутных сціснуў школьны званок.
У якасці кульмінацыі — пунсовая стужка, сімвал навасёла. Права яе перарэзаць, вядома ж, за ганаровымі гасцямі. І першы крок у толькі што адкрытую “альма-матэр” лагічна робяць тыя, хто стаяў ля вытокаў будаўніцтва. І тым самым пакідаюць след у навейшай гісторыі курортнага пасёлка.
Юлія КАЗЛОВА.
На здымках: 1. Сімвалічны ключ ад новай школы дырэктару Генадзію Крыштафовічу ўручыў прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў. Злева ад яго губернатар Міншчыны Сямён Шапіра; 2. Званок на першы ўрок даюць вучні Сафія Кісель і Данііл Жук.3. і іншыя  моманты ўрачыстасці.
Фота Аляксандра Высоцкага.


01 верасня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах возера Глубелька 06-012 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси