Ілава: “Здаецца, тут яскравей свецяць зоры…”

ІЛАВА — вёска ў нейкім сэнсе ўнікальная. Хоць на першы погляд усё як усюды: людзі садзяць гароды, трымаюць гаспадарку. Але (а вось гэта ўжо незвычайна) у сельгасарганізацыі (калгасе, па-даўнейшаму) заняты толькі два жыхары гэтай даволі вялікай вёскі. Месцам працы большасці з’яўляецца УП “Ілаўскае” (якое смела можна назваць вёскаўтваральным — па аналогіі з горадаўтваральным).
 Дык вось, Ілава адзначала сваё свята. І мы там былі…
Душэўна — калі ахарактарызаваць яго адным словам. Шчырасць была ва ўсім. І ў тым, што артысты — свае (хто не з Ілава, той з суседніх Будслава ці Петрачкоў). І ў цёплых словах, якія гучалі са сцэны ў адрас ілаўцаў (адчувалася, што аўтара сцэнарыя таксама сюды не з парашутам скінулі). І ў астрах, што шчодра (усім хопіць!) раздавалі вяскоўцам, якіх згадвалі са сцэны. І нават у тым, што не ўсе, каму тыя астры падрыхтавалі, былі ў зале: гэта за мяжой вяселлі загадзя разам з гасцямі рэпеціруюць. А ў нас пэўная доля экспромту заўсёды дарэчы. Ды і сардэчны “прыглос” у пашане больш, чым надакучлівы “прымус”.
…Але ж пра ўсё па парадку. Да пачатку мерапрыемства яшчэ некалькі хвілін, а ў зале мясцовай установы культуры вольных месцаў амаль няма. Сярод гледачоў пераважаюць жанчыны і дзеці. Памалу падцягваюцца і не надта шматлікія дарослыя прадстаўнікі моцнага полу…
 Свята пачынаецца. Спачатку — факты з гісторыі вёскі. Песні… Вядучая называе старэйшых жыхароў Ілава. Усе яны — жанчыны, і пра ўзрост гаварыць быццам не выпадае… Але ж калі ён заслугоўвае ўвагі і павагі! 88 гадоў Анэлі Мікалаеўне Апанасевіч, 84 — Леакадзіі Браніславаўне Падрэз. 82 —Ядвізе Ігнатаўне Баслык і Юзэфе Францаўне Януковіч, 79 —Аляксадры Сямёнаўне Януковіч.
 Узгадваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай. Фелікс Браніслававіч Малафей, Іван Іванавіч Захарэвіч, Аляксандр Раманавіч Малько, Аляксей Васільевіч Кузняцоў, Аляксандр Іванавіч Сакалоўскі. — на жаль усіх іх ужо няма з намі…  Хвіліна маўчання.
 Добрыя словы ў адрас удзельніка афганскай вайны — Леаніда Іосіфавіча Бурдуна. Ён — качагар УП “Ілаўскае”. “Сумленна адносіцца да сваёй працы, адказны, справядлівы. Добры муж і бацька, добры сын”, — кажа пра яго вядучая.
 Зноў расповед пра шчырых, працавітых і таленавітых вяскоўцаў:
* “Усё жыццё прысвяціла школе Алена Валяр’янаўна Рачыцкая. Выкладала гісторыю, вучыла дзяцей любіць і шанаваць Радзіму. Разам з мужам Анатолем Раманавічам (ён працаваў кінамеханікам)  выгадавалі трое дзяцей. Заўсёды трымалі і трымаюць гаспадарку”.  Узгадалі і іншых педагогаў з Ілава: Алену Мікалаеўну Каробчыц і Таццяну Анатольеўну Крук;
* “Добры спецыяліст, майстар сваёй справы — галоўны эканаміст Галіна Станіславаўна Войніч”;
*  “Мясцовы фельчар, але яе смела можна назваць галоўным урачом — Алена Францішкаўна Януковіч. У любы час прыйдзе на дапамогу. Добрая жонка і маці”;
* “Тамара Мікалаеўна Грузд — чалавек, які ўсюды паспявае, усё ўмее, усё ведае. І дома, і на працы ў яе ўсё пад кантролем. Яе слухаюць, бо паважаюць”.
  Узгадваюць і многія сем’і:
* “43 гады поплеч крочаць па жыцці Раіса Іванаўна і Мечыслаў Антонавіч Бобрыкі. Маладая, прыгожая Рая прыехала ў Яцкавіцкую васьмігодку піянерважатай. Паступіла ў інстытут на біёлага і перайшла працаваць на завод. У Ілаве сустрэла каханне, стварыла сям’ю — дружную, моцную і працавітую. Выгадавалі трое дзетак, маюць унукаў”;
* “Крысціна Валянцінаўна і Аляксандр Мікалаевіч Рудзікі разам 51 год. Па размеркаванні Крысціна Валянцінаўна трапіла на працу ў Ілаўскі дом-інтэрнат для састарэлых (так ён тады называўся). Сустрэла свайго Сашу… Ужо выраслі дзве дачушкі — настаўніцы, прыгажуні”;
* “Самая маладая ў вёсцы сям’я — Святлана і Аляксандр Чарнякі. Маладыя, прыгожыя, поўныя сіл і энергіі. Іх сыночку Арсенію 8-га жніўня споўнілася чатыры гады”.
Называюць самую юную жыхарку Ілава — Дарыну Федарэнкаву (ёй год і восем месяцаў). І шматдзетную сям’ю Аксаны і Аляксандра Каробчыцаў, у якой выхоўваецца чацвёра дзетак. І іншых вяскоўцаў:
* “Іна Аляксандраўна і Леанід Пятровіч Баратынскія — цудоўныя людзі, добрыя спецыялісты. Іна Аляксандраўна — медык ад Бога. Добра ведае і робіць сваю справу. Да пары ёй і Леанід Пятровіч”;
* “Любяць сваю вёсачку і робяць усё, каб яна была прыгожай Алег Фелікавіч і Юлія Уладзіміраўна Януковічы. Юля працуе на заводзе, а Алег — фельчарам хуткай дапамогі. Вельмі добры спецыяліст! Хворыя ўдзячны яму за веданне справы”;
* “Нельга не ганарыцца сям’ёй Тэрэзы Іванаўны Януковіч. Усё жыццё аддала яна роднаму заводу. Шчыравала, усю душу ўкладала ў любімую справу. Па яе шляху пайшлі дзеці: Андрэй Іванавіч і Івона Іванаўна. На заводзе працаваў і муж Тэрэзы Іванаўны — Іван Францавіч, якога, на жаль, ужо няма з намі. Сапраўдная сямейная дынастыя!”;
* “Шчыруюць на сваіх падворках сем’і Святланы Пятроўны і Генадзя Віктаравіча Трубачаў, Жанны Іосіфаўны і Алега Лявонавіча Клемансовічаў, Аксаны Альбертаўны і Канстанціна Іванавіча Ломскіх, Людмілы Уладзіславаўны Лубнеўскай. Усюды парадак, кветкі”.
 “Здаецца, тут яскравей свецяць зоры…” — прызнаюцца ў любові да Ілава самадзейныя артысты. Віншаванні са святам вёскі працягваюць прымаць яе жыхары: Святлана Мікалаеўна і Валерый Казіміравіч Нядзведскія, Алена Міхайлаўна і Канстанцін Сцяпанавіч Несцяровічы, Марына Яўгенаўна і Вадзім Вацлававіч Рудзікі, Таццяна Вячаславаўна і Віктар Мікалаевіч Будзько, Аліна Несцераўна і Ігнат Пятровіч Рыманты, Галіна Андрэеўна Курыловіч, Марыя Аляксееўна Канопская, Марыя Сяргееўна і Віктар Мікалаевіч Мацулевічы…
 Добрыя словы гучаць у адрас руплівых гаспадынь Галіны Рамуальдаўны Канопскай і Станіславы Аляксандраўны Шылько, сем’яў Леакадзіі Вікенцьеўны і Уладзіміра Фёдаравіча Баслыкоў, Марыны Альбінаўны і Валерыя Станіслававіча Драгуноў. Марыі Юльянаўны Грабоўскай, Ганны Альфонсаўны Каробчыц.
 …Свята заканчваецца. Ад імя ўсіх слухачоў дзякуе самадзейным артыстам Алена Каробчыц. А стварылі ілаўцам свята як работнікі ўстаноў культуры (загадчык Ілаўскага клуба вольнага часу Валерый Драгун, будслаўскія дырэктар СДК Жанна Талкановіч, мастацкі кіраўнік Алена Грышкевіч, бібліятэкар Галіна Аксючыц), так і людзі, прафесійна са сцэнай не звязаныя: кладаўшчык Будслаўскай СШ Аксана Ісмайлава, бармэн Крывіцкага РГП Ірына Мацюшонак, тэхнік-тэхнолаг УП “Ілаўскае” Марына Муравіцкая, школьніца Марына Крамок.
…Мы вярталіся ў Мядзел. Думалася: які разумны той, хто некалі прыдумаў ладзіць святы вёсак. І як добра, што працуюць сельскія ўстановы культуры, работнікам якіх пад сілу гэтыя святы правесці. І так хацелася, каб у жыхароў Ілава ўсё ладзілася. Каб прадукцыю іх прадпрыемства высока (і вельмі дорага!) ацанілі спажыўцы ў розных краінах свету (але без фанатызму: нават павідла пры празмерным ўжыванні яшчэ нікому карысці не прынесла). Каб вытворчасць пашыралася, а заробкі павышаліся — тады тутэйшая моладзь не збяжыць у горад, а прыйдзе працаваць на роднае прадпрыемства. І ў Ілаўскім клубе, некалі слаўным дыскатэкамі (на іх нават з Вілейскага і Докшыцкага раёнаў прыязджалі!), суботнімі вечарамі зноў яблыку не будзе дзе ўпасці.
З ГІСТОРЫІ ВЁСКІ
* У 1668 г. Ілава — фальварак Ашмянскага павета Вілейскага ваяводства, шляхецкая ўласнасць. У 1712-ым — фальварак.
* У 1885 г. — маёнтак Будслаўскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Мелася вінакурнае прадпрыемства.
* У 1904 г. ў маёнтку 41 жыхар, ва ўладанні памешчыка Акушкі.
* У 1921-ым — фальварак Будслаўскай гміны Дунілавіцкага, потым — Вілейскага павета Віленскага ваяводства, 7 двароў, 38 жыхароў.
* З 12.10.1940 ў Вераб’ёўскім сельсавеце Крывіцкага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 — Маладзечанскай абласцей.
* З 27.03.1959 — у Будслаўскім сельсавеце, з 20.01.1960 — у Мінскай вобласці, з 25.12.1962 — у Мядзельскім раёне.
* З 1948 г. працуе спіртзавод, вёска ў складзе саўгаса “Будслаўскі”.
* У 1960 г. — 231 жыхар.
* На 01.01.1997 — 63 двары, 375 жыхароў. Пладова-кансервавы завод, клуб, бібліятэка, дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых, магазін.
* Сёння — 63 двары, 166 жыхароў. 8 вуліц. УП “Ілаўскае”, клуб вольнага часу, аддзяленне сувязі, ФАП, 2 магазіны. У складзе ААТ “Будслаўскае” (цэнтр — аг. Будслаў).
  Наталля ЛІСІЦКАЯ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фота Аляксандра Высоцкага.



29 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

img_4257 Сядзіба Максіма Танка  Касцёл у Мядзеле  на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси