“Дэпутат надзеі: якія спадзяванні ўскладваеце на чалавека, за якога аддасце свой голас 11 верасня?”

З кожным днём мы ўсё бліжэй да вызначанай даты выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Калі кожны сумленны грамадзянін беларускай дзяржавы павінен будзе асэнсавана зрабіць свой выбар: аддаць перавагу таму адзінаму кандыдату з усіх, вылучаных па яго акрузе, якому ён найбольш давярае. “Дэпутат надзеі: якія спадзяванні ўскладваеце на чалавека, за якога аддасце свой голас 11 верасня?” — адказ на такое пытанне вырашылі пачуць ад жыхароў азёрнага Нарачанскага краю:

Ірына КВЯТКОЎСКАЯ, член прэзідыума раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:
— Лічу, што чалавек, за якога прагаласую падчас парламенцкіх выбараў, павінен актыўна вырашаць наказы выбаршчыкаў. Хачу таксама, каб будучы дэпутат звярнуў пільную ўвагу на наш Мядзельскі раён. Бачу, якую няпростую ношу ўзяў на свае плечы цяперашні старшыня райвыканкама, як стараецца “выцягнуць” рэгіён, які па многіх пазіцыях далёка не ў лідарах. І разумею, што ажыццявіць задуманае без дадатковых фінансавых сродкаў не проста. Прамысловасці ў нас практычна няма, у сельскай гаспадарцы ўпушчэнняў і пралікаў хапае, паступленні з курорта ідуць пераважна ў рэспубліканскі бюджэт. А грошы неабходны на развіццё адукацыі, медыцыны, на стварэнне дадатковых працоўных месцаў, дапамогу састарэлым, інвалідам, дзецям-сіротам… Прычым немалыя… Іх “выбіццё” пад пэўную праграму, як мне здаецца, і стане канкрэтнай дапамогай дэпутата раёну.
Дзяніс МАЛЬКО, інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях:
— Вельмі важна, каб народны абраннік дастойна прадстаўляў свой рэгіён у парламенце краіны, адстойваў там інтарэсы выбаршчыкаў, якія аказалі яму такі высокі давер. Каб часцей сустракаўся з імі, жыў іх праблемамі і клопатамі, вырашаў набалелыя пытанні. Напэўна, гэта не толькі маё пажаданне, але і большасці жыхароў нашага цудоўнага Нарачанскага краю. Хачу таксама, каб у нашым прыгожым і ўтульным горадзе былі месцы для адпачынку сем’ямі, дзе бацькі разам з дзецьмі, асабліва маленькімі, змаглі б карысна і змястоўна правесці вольны час: пагуляць, пакатацца на атракцыёнах і проста пасядзець, памарыць пад ціхую спакойную музыку, з’есці ў спякотны дзень марожанае, папіць вады, соку. Бо праца працай, а адпачынак адпачынкам. Ён таксама павінен быць дастойным і цікавым.
Алёна ДЗЕМЯШКЕВІЧ, галоўны спецыяліст па рабоце з банкаўскімі плацежнымі карткамі РКЦ № 37 у г. Мядзел філіяла ААБ “Белаграпрамбанк”— Мінскае абласное ўпраўленне:
— Маё пажаданне будучаму дэпутату, які будзе прадстаўляць Мядзельшчыну ў Парламенце, зрабіць усё ад яго залежачае, каб наш невялікі, але вельмі прыгожы, экалагічна чысты і ўтульны край з маляўнічай прыродай — унікальнымі азёрамі, гаючым паветрам, сасновымі лясамі, а таксама шчырымі і гасціннымі жыхарамі, стаў курортам высокага еўрапейскага ўзроўню. Каб ён быў прыцягальным для замежных турыстаў і даступным для адпачынку грамадзян Беларусі. Каб і нам, мядзяльчанам, было тут добра і камфортна жыць, выхоўваць дзяцей. Каб нашы сыны і дочкі, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, вярталіся на радзіму, каб працягваць пачатую намі справу. Каб, як і мы, яны ганарыліся нашым горадам, зямлёй, дзе нарадзіліся, выраслі, і сваю любоў да роднага краю перадавалі нашчадкам.
Зоя ВАЙЦЯХОВІЧ, дырэктар Слабадской сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча:
— Кіраўніцтвам нашай краіны ўдзяляецца значная ўвага паляпшэнню жыцця і дабрабыту вяскоўцаў. Вось і мы, жыхары Слабады, жывём у аграгарадку з развітай інфраструктурай. У нас ёсць сярэдняя школа, амбулаторыя, аддзяленне ашчаднага банка, сельскі Дом культуры, бібліятэка, магазін, пошта. Прыязджаюць на працу на сельгаспрадпрыемства маладыя спецыялісты. Аднак практычна ўсе, адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, не затрымліваюцца, а едуць туды, дзе ёсць добрая, высокааплатная работа. На жаль, з кожным годам змяншаецца колькасць вучняў і ў нашай школе. А таму вельмі хочацца, каб будучы дэпутат звярнуў увагу на праблему вёсак, на тое, каб у сельскай мясцовасці добраахвотна заставалася моладзь. А гэта будзе тады, калі значна палепшацца ўмовы працы вяскоўцаў, калі яны будуць атрымліваць за сваю работу дастойны заробак.
Падрыхтавала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.


26 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах        1-12 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси