Ураджай убіраюць і пра будучы дбаюць

УБОРКА збожжавых культур у ААТ «Свір-Агра» паспяхова закончана. Механізатары працавалі дружна і зладжана. Здаецца, можна і адпачыць крыху. Але ім не да адпачынку. Наступаюць аптымальная тэрміны сяўбы азімых культур, таму, каб у наступным годзе мець добры ўраджай, марудзіць нельга.
— Засталося ўбраць крыху зернебабовых культур. Яны яшчэ не паспелі, таму давядзецца пачакаць некалькі дзён, — расказвае кіраўнік гаспадаркі Генадзій Юхно. — Але з гэтай задачай мы справімся.
Паралельна са жнівом на палетках гаспадаркі вяліся і іншыя работы. Стараліся без прамаруджвання ўбіраць салому. Хаця давалася гэта складана, перашкаджалі дажджы.
— На ўборцы саломы былі задзейнічаны тры прэс-падборшчыкі. Кіравалі імі дбайныя хлопцы Павел Рагоўскі, Аляксандр Шукеловіч і Андрэй Кіслы. Хлопцы заўсёды імкнуліся выканаць і перавыканаць дзённыя заданні, — працягвае размову Генадзій Бярнардавіч. — Зараз памыў свой камбайн і перасеў на трактар у агрэгаце з прэс-падборшчыкам Генадзій Лобач. Усю зацюкаваную салому стараліся адразу даставіць да ферм. У рэдкім выпадку звезці на ўскраек поля.
На адвозцы саломы руплівасцю вызначаліся Генадзій Ляош, Юрый Школка, Ігар Гуска, Уладзімір Белевіч і іншыя механізатары і вадзіцелі.
— Адначасова вядзецца ўзорванне глебы. З гэтай справай таксама марудзіць было нельга. Пастаўлена задача азімы рапс пасеяць да 25 жніўня. І з ёй мы паспяхова справіліся. Рапс пасеяны на ўсёй запланаванай 200-гектарнай плошчы, — зазначае Генадзій Юхно.
З далейшай размовы даведаўся, што ў гаспадарцы арганізавана кругласутачнае ўзорванне глебы. Стараннем і руплівасцю вызначаюцца механізатары Генадзій Малькевіч і Міхаіл Баркун.
— А яшчэ на ўзорванні глебы ў нас заняты Аляксандр Конан,  — кажа Генадзій Бярнардавіч. — Хлопцы надзейныя, не падвядуць. Менавіта яны падрыхтавалі пасяўныя плошчы пад рапс і азімую свірэпіцу, якую запланавалі пасеяць на плошчы 60 гектараў. Вясной яе выкарыстаем на корм жывёле. Ды і азімыя збожжавыя культуры настае час сеяць, якія зоймуць 900 гектараў.
— Хто ў вас выконвае самую галоўную работу — сее азімыя? — пытаюся ў Генадзія Юхно.
— Сейбіт у нас Аляксандр Рацкевіч. Гэта вопытны і адказны хлебароб, ён да драбніц ведае ўсе агратэхнічныя патрабаванні, браку ў рабоце не дапускае. Замацаваны «МТЗ-3022» у счэпе з пасяўным комплексам «АПП-6» не ведае прастояў. Дзённыя заданні пасеяць 20 гектараў пастаянна выконвае. Менавіта Аляксандр пасеяў увесь рапс, — чую ў адказ. — У хуткім часе прыйдзе яму на дапамогу Міхаіл Баркун з пасяўным агрэгатам «АПП-4». Упэўнены, хлопцы справяцца.
Аляксандра Рацкевіча сустрэлі ў гарадскім пасёлку. Ён ехаў на палетак за вёску Сёмкі, дзе на апошніх гектарах заканчваў сяўбу рапсу.
— Як працуецца? Тэхніка не падводзіць? — пытаюся ў Аляксандра.
— Працуецца някепска. А што датычыць тэхнікі, то і трактар, і сеялка, як кажуць, многае пабачылі, але падладзіў, падрамантаваў — і вытрымліваюць нагрузку, — адказвае ён.
Каб доўга не затрымліваць хлебароба ў такі напружаны час, пажадалі яму плёну ў працы і развіталіся. Кіруемся ў бок вёскі Януковічы. Менавіта там павінен працаваць на ўзорванні глебы Міхаіл Баркун. Здалёку ўбачылі свежаўзараную раллю і магутны «МТЗ-3522» з абаротнымі плугамі. Заўважыўшы «гасцей», механізатар спыніў трактар, вылез з кабіны. Крыху пагутарылі.
З 1987 года працуе Міхаіл механізатарам. Розныя работы даводзілася выконваць: араць, сеяць, касіць. Але кожную даручаную справу імкнуўся зрабіць акуратна, па-гаспадарску, у вызначаны тэрмін. Менавіта таму паважаюць яго і калегі, і кіраўніцтва гаспадаркі.
— Яшчэ ў нас на падыходзе адна важная справа — уборка бульбы. Займае яна 80 гектараў. Трэба спачатку бульбоўнік скасіць. Механізатары ладзяць  тэхніку, рыхтуюць і бульбаўборачны камбайн, — кажа Генадзій Бярнардавіч. — Мэта зараз ва ўсіх адна — убраць вырашчанае і закласці надзейную аснову будучаму ўраджаю. Кожную раніцу падводзім вынікі зробленага за папярэдні дзень, вызначаем задачы на бягучы. Людзі добра ведаюць, што, папрацаваўшы ад душы, можна някепска і зарабіць. А матэрыяльны стымул — важнейшая мера заахвочвання.
 Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: 1. Сейбіт Аляксандр Рацкевіч; 2. На ўзорванні глебы штодзённыя заданні перавыконвае Міхаіл Баркун.
Фота Аляксандра Высоцкага.


26 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-012  возера Мястра  _06-040

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси