На адукацыйнай прасторы

ЛІТАРАЛЬНА праз тыдзень агульнаадукацыйныя ўстановы Мядзельшчыны напоўняцца дзіцячымі галасамі — пачнецца новы навучальны год. Напярэдадні гэтай святочнай падзеі адбылася гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццянай ЕФІМАВАЙ:
— Таццяна Генадзьеўна, з якім настроем сустракаеце чарговы навучальны год?
— Усё робіцца для таго, каб і навучэнцы, і педагогі на святочныя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў, прыйшлі з выдатным настроем. Для гэтага праведзены шэраг мерапрыемстваў: падрыхтоўка будынкаў і памяшканняў, абсталявання, падбор і расстаноўка педагагічных кадраў, забеспячэнне сродкамі навучання, падручнікамі і так далей. У 2016/2017 навучальным годзе ўстановы адукацыі прымуць 2583 вучняў і 842 дзіцяці дашкольнага ўзросту. Прычым, колькасць апошніх у параўнанне з мінулым годам павялічылася на 75 чалавек, навучэнцаў, на жаль, стала менш на 86. Адукацыйны працэс арганізоўваецца ў 25 установах адукацыі рознага ўзроўню. У іх ліку 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 7 — дашкольнай адукацыі, таксама цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Не абышлося без аптымізацыі. З 1 ліпеня гэтага года ліквідаваны сямейны дзіцячы сад у вёсцы Канстанцінава, у вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка рэарганізаваны навучальныя ўстановы ў аграгарадку Сваткі. З добрых навін — у курортным пасёлку Нарач 1 верасня вучні і настаўнікі на ўрачыстую лінейку збяруцца ў двары новага будынка школы.
— Навучальны працэс немагчымы без педагагічных кадраў. Ці дастаткова іх будзе ў гэтым годзе?
— Да работы 1 верасня прыступяць 565 педагагічных работнікаў (у мінулым было 573). Сярод іх — 10 маладых спецыялістаў. Ва ўстановах адукацыі застаецца працаваць 106 педагогаў пенсіённага ўзросту. Кадравае забеспячэнне дазваляе, напрыклад, прадоўжыць у гэтым годзе рэалізацыю мадэлей профільнага навучання, падчас распрацоўкі якіх, акрамя неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і матывацыі вучняў, улічваецца наяўнасць педагогаў, якія могуць выкладаць прадмет на павышаным узроўні.
— Важнай умовай для атрымання якаснай адукацыі з’яўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Наколькі падрыхтаваны школы і дашкольныя ўстановы да прыёму дзяцей? 
— Падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года пытанні правядзення рамонтных работ, умацавання матэрыяльнай базы, забеспячэння жыццядзейнасці навучэнцаў знаходзіліся ў цэнтры ўвагі. У рамках бюджэтнага фінансавання заканчваецца рамонт актавай, дзвюх спартыўных і абедзеннай залаў у Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, у Мядзельскім ВПК яслі-сад-сярэдняя школа праведзены рамонт у кабінеце абслугоўваючай працы, адрамантаваны кабінет дырэктара і фае першага паверха ў Слабадской сярэдняй школе імя Адама Гурыновіча, у дзіцячым садку аграгарадка Княгінін і ў Старагабскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа выкананы электрамантажныя работы, а ў яслях-садзе №3 горада Мядзел адрамантаваны ценявыя паветкі, заменены аконныя і дзвярныя блокі, адрамантаваны дах ва ўстанове адукацыі ў Сватках, усталяваны раздзяляльныя кабінкі ў санвузлах гімназіі-інтэрната горада, у Крывіцкім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. На рамонтныя работы накіраваны і значныя пазабюджэтныя сродкі, якія складаюць 11439,14 рублёў. Акрамя гэтага, са сродкаў мясцовага бюджэту на супрацьпажарныя мерапрыемствы выдзелена 1400 рублёў.
— Установы адукацыі ў раёне вельмі адрозніваюцца па напоўненасці навучэнцамі. Як выглядае сітуацыя ў гэтым годзе?
— Калі казаць пра школы, то ад 100 і болей навучэнцаў займаюцца ў 10 установах адукацыі (гэта ўстановы адукацыі райцэнтра, Нарацкія №1 і №2, Крывіцкая, Свірская, Занарацкая, Будслаўская і Сваткаўская). Менш за 50 школьнікаў у Слабадзе і Старых Габах. З 2011 года напаўняльнасць класаў гарадскіх школ вырасла з 16 да 18, сельскіх — з 8 да 9. Па раёне гэты паказчык складае 14 чалавек. З улікам гэтага фактару колькасць класаў-камплектаў памяншаецца ў гэтым годзе на 5. Пасля праведзеных у 2016 годзе мерапрыемстваў па аптымізацыі эканамічны эфект склаў 7720 рублёў.
— Напярэдадні новага навучальнага года многіх бацькоў цікавіць фінансавы бок арганізацыі харчавання іх дзяцей. На што ім разлічваць?
— Работа па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў будзе працягнута і ў гэтым годзе. Больш за 27% выхаванцаў дашкольных устаноў
атрымаюць зніжэнне аплаты за харчаванне на 30 і 50 працэнтаў, з 0,6% увогуле платы браць не будуць. Каля 60% школьнікаў атрымаюць бясплатнае аднаразовае харчаванне. Калі пра падтрымку казаць больш, то да новага навучальнага года 508 школьнікаў з мнагадзетных сем’яў атрымалі фінансавую дапамогу.
— Не менш актуальным застаецца пытанне падвозу дзяцей. Падстаў для хвалявання няма?
— Гэта пытанне таксама не засталося без увагі, бо падвозіць давядзецца каля 600 школьнікаў і каля 80 дзяцей дашкольнага ўзросту ў 18 устаноў адукацыі. Падвоз будзе ажыццяўляцца 13-ю аўтобусамі нашага аддзела і школ, на рамонт якіх затрачана 19216,13 рублёў, а таксама аўтобусамі іншых арганізацый.
— У сувязі з надыходзячым святам што б вы хацелі пажадаць калегам, навучэнцам і іх бацькам?
— Адукацыйная прастора нашага раёна развіваецца і ўдасканальваецца. Нашы прыярытэты —  даступнасць, якасць, супрацоўніцтва і эфектыўнасць. Таму мы імкнёмся да канструктыўнага дыялогу з усімі, каго цікавяць пытанні адукацыі нашага раёна. Спадзяюся, у новым навучальным годзе ўсім разам нам удасца справіцца з пастаўленымі задачамі. Зычу ўсім здароўя, поспехаў і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт! З надыходзячым святам!
Гутарыла Іна ЯРЧАК.


26 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

dsc_5774-3 на Блакітных азёрах         возера Мястра  84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси