ДЫЯЛОГ КУЛЬТУР У ДЗЯГІЛЯХ

НДЦ “Зубраня” чарговы раз прымае дзяцей з прэфектуры Фукусіма (тэрыторыі, якая пацярпела ад аварыі на атамнай электрастанцыі). Першы дзень у нашай краіне японскія школьнікі правялі ў Мінску.  Другі — непасрэдна ў “Зубраняці”: знаёміліся з нашай нацыянальнай культурай на хутары Неслуч. У трэці — наведалі Мядзельскі музей Народнай славы і Дзягільскі Дом майстра. На чацвёрты былі запланаваны экскурсіі ў Мір і Нясвіж…

…Нас сустракаюць работнікі Дзягільскага Дома майстра Жанна Шабовіч і Яўген Карэцкі ў нацыянальных строях. Ужо ў фае шматлюдна: з групай японскіх школьнікаў майстар-клас па вырабе птушачак з саломы праводзіць мастацкі кіраўнік Сваткаўскага СДК Ірына Чараповіч. З дапамогай перакладчыцы, вядома.
…А ў глядзельнай зале з іншай групай працуе Наталля Карэцкая, загадчыца  Дзягільскага Дома майстра. Распавядае пра даўнейшае жыццё сялян.  Паказвае традыцыйныя прылады працы, дэманструе, як імі карыстацца.
Японскія школьнікі і педагогі ўважліва глядзяць на Наталлю і ловяць кожнае слова перакладчыцы. Ды і мы з фотакарэспандэнтам заслухаліся, хоць, як быццам, і ведаем гэта ўсё… (Дарэчы, у Доме майстра сабрана багатая калекцыя старадаўніх прылад, прадметаў побыту і дэкаратыўных вырабаў. Ёсць і працы сучасных майстроў. Калі не бачылі — зайдзіце калі-небудзь, паглядзіце.)
…У цэнтры ўвагі — акампаніятар Сваткаўскага СДК Пётр Маўчан. Пару хвілін “інструктажу” праз перакладчыцу — і японцы спрабуюць граць на традыцыйных музычных інструментах…
…Усіх запрашаюць за салодкі стол. На ім — хатняе печыва, садавіна, морс…  Госці каштуюць агуркі з мёдам — і высвятляецца, што ў Японіі святкуецца Дзень агурка…
— Мы жывём у розных кропках зямнога шара, але амаль аднолькава ўсе праходзім адны і тыя ж прыступкі развіцця. Увогуле, у нас шмат агульнага, — заўважае Амана Казыхіка — выкладчык, кіраўнік групы.
— Мабыць, таму, што вы раней за ўсіх падымаецеся, а мы позна кладзёмся, — усміхаецца Наталля Карэцкая.
— Дзякуй за экскурсію і пачастункі. Малайцы, што беражліва ставіцеся да даўніны. Вельмі важна ўкараняць новае, але яшчэ важней — не забываць традыцыі.
 …Уражаннямі ад убачанага ў Дзягільскім Доме майстра і ўвогуле ад Беларусі з намі дзеляцца школьнікі…
* Сёння мы знаёміліся з вашай гісторыяй у музеі Народнай славы  — было вельмі цікава. А тут (у Доме майстра — Аўт.) рабілі птушачку з саломы. Складана, але спадабалася.  Даспадобы беларуская кухня. У вас смачна гатуюць бульбу, рыбу, курыну (гэта мы елі ў “Зубраняці”). А ад салодкіх страў, якімі частавалі тут, проста ў захапленні!  Гэта не які-небудзь рэстаран хуткага харчавання! (Таміяма Юта).
* Тут усе дзеці вельмі дружалюбныя — падыходзяць, вітаюцца, спрабуюць  размаўляць з намі. А мы саромеемся… У Беларусі мы зразумелі, што і нам трэба быць больш камунікабельнымі. …Тут (у Дзягілях — Аўт.) спадабалася выпечка — вельмі смачна ў параўнанне з усім, што даводзілася каштаваць раней. (Іта Сома).
* Беларускія песні і народныя танцы вельмі адрозніваюцца ад нашых, таму для нас яны цікавыя. Стравы таксама зусім іншыя, але вельмі смачныя. Я каштую іх упершыню, але ем усё, што даюць. Вельмі прыгожыя вашы нацыянальныя касцюмы (разумею: цяпер іх не носяць кожны дзень). У Японіі таксама звычайна апранаюцца па-еўрапейску. Але ёсць нямала людзей, якія носяць кімано. А вось калі ў нас нацыянальнае свята ці фестываль, традыцыйнае адзенне апранае большасць. (Такано Маю).
* Спадабалася рабіць птушачку. У Японіі таксама выкарыстоўваюць салому — рысавую. Прыемна здзівіўся, што і тут ёсць такая традыцыя (толькі салома — жытняя, а не рысавая). … Да гэтай паездкі чуў толькі назву вашай краіны. А цяпер ведаю, што тут вельмі шмат дружалюбных людзей. (Ямамота Ісэ).
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымках: 1. Экскурсію праводзіць Наталля Карэцкая (злева); 2. Майстар-клас па вырабе саламяных птушачак;  3. Японскія школьнікі далучаюцца да нашага музычнага мастацтва.
Фота Аляксандра Высоцкага.
 Намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева:
— Каб спазнаць сучасную Беларусь, трэба пабываць у вёсках, бо менавіта ў невялікіх населеных пунктах — сэрца краіны. Каб зразумець сучасную Беларусь, трэба даведацца яе гісторыю, традыцыі. А традыцыі добра бачныя ў звычайных вясковых Дамах культуры, бо менавіта там захавалася наша самабытнасць. Дзягільскі сельскі Дом культуры быў пабудаваны ў савецкі час калгасам імя Суворава. У 2013-ым годзе стаў Домам майстра. Узначальвае яго Наталля Канстанцінаўна Карэцкая — унікальны чалавек. Яна захоўвае самабытнасць, беларускасць у сваіх творах — так, гэта ўжо творы мастацтва, вельмі дарагія працы, бо зроблены сваімі рукамі! Даўнім рамёствам яна вучыцца ў таленавітых людзей, якія і цяпер жывуць у нашых вёсках. І ў інтэрнэт іншы раз зазірнуць не лянуецца. (У Доме майстра ёсць інфармацыя, што значыць кожны элемент народнай вышыўкі. Наталля Канстанцінаўна стварае паясы, выкарыстоўваючы беларускі арнамент…)
…Таму ў нас і з’явілася экскурсія ў Дзягільскі Дом майстра. Кожны, хто прыедзе сюды, не толькі даведаецца пра гісторыю Беларусі і Мядзельшчыны. Ён зможа дакрануцца да кожнай рэчы, як бы далучыцца да мінуўшчыны — а гэта дарагога варта! Сёння дзеці з далёкай Японіі павезлі адгэтуль саламяных Птушак Шчасця, смак спечаных дзягільскімі майстрыхамі хрушчоў і ўспаміны пра беларускую культуру.  …Упэўнена, што такія праекты будуць запатрабаваныя. Прапаную і жыхарам раёна наведаць Дзягільскі Дом майстра, каб дакрануцца да спрадвечнай культуры. І, вядома ж, сюды абавязкова трэба прыехаць адпачываючым з нарачанскіх здраўніц — паглядзець і заха- піцца дзівосным нацыянальным каларытам, які беражліва захаваны ў невялікім сельскім Доме майстра…


26 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 wjx6x-f4hhi возера Глубелька лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела