Такая вось гісторыя

Галоўным багаццем Задубення былі і застаюцца людзі — руплівыя, гаспадарлівыя. Якія ўмеюць і чалавека з дарогі прывеціць, і ў хату запрасіць, і за стол пасадзіць. Яны не прывыклі да славы, іх жыццё, надзённая праца — гэта крыніца чалавечай мудрасці і бескарыслівасці.
За былым магазінам, насупраць колішняга клуба, стаіць дом. Ніхто не зможа абыякава прайсці-праехаць: яго падворак здалёку вабіць яркімі фарбамі і нейкай казачнай абстаноўкай. Нават у самы пахмурны дзень з’яўляецца ўражанне, што над хатай зіхаціць сонца. Ды і ўся сядзіба Лідзіі Балкавай — гэта астравок пазітыву, створаны яе ўласнымі рукамі. І сагрэты (гэта перакананне ўзнікла пасля знаёмства з гаспадыняй) цеплынёй яе сэрца.
Флёксы розных колераў, рамонкі, півоні, гладыёлусы, лілеі, вяргіні, петуніі — ды хіба пералічыш усе кветкі, якія тут красуюцца з ранняй вясны да позняй восені. Вось «раскінулася» возера, па якім грацыёзна плаваюць лебедзі. Альтанку абвіў вінаград. Паўсюдна кветкі, садовыя кампазіцыі, зробленыя з розных падручных матэрыялаў. Тут рэчы з мінулага стагоддзя ў суседстве з сучаснымі не ствараюць ніякага дысанансу, а, наадварот, удала спалучаюцца. Усюды адчуваюцца клапатлівыя рукі дбайнай гаспадыні.
— Адкуль чэрпаеце ідэі для стварэння такой прыгажосці? — пытаюся ў Лідзіі Сяргееўны.
— Да нас у вёску рэгулярна прыязджае перасоўная бібліятэка. Там шмат розных часопісаў, у якіх расказваецца і паказваецца, як упрыгожыць і добраўпарадкаваць прысядзібны ўчастак. Многае чэрпаю менавіта адтуль, — адказвае суразмоўца. — Штосьці прыгожае ўбачу ў іншых людзей. Спрабую зрабіць падобнае і сама…
Нарадзілася і вырасла Лідзія ў суседняй вёсцы Ракуці. Там прайшло дзяцінства, школьныя гады. Закончыўшы школу, падалася ў Маладзечанскі планава-ўліковы тэхнікум. Набыла прафесію бухгалтара.
— Але бухгалтарам папрацавала толькі год, на колішнім прадпрыемстве грамадскага харчавання ў Мядзеле. Выйшла замуж, — прыгадвае мінулае гаспадыня. — Мікалай (муж Лідзіі — аўт.) родам з Пермскай вобласці Расіі. Пазнаёміліся на вяселлі, якое гулялі ў Мядзеле. Ён быў сведкам у маладога. Пасябравалі, пакахалі адзін аднаго. Прапанаваў выйсці замуж. Згадзілася. Жыць вырашылі на крывіцкай зямлі. Коля ўладкаваўся ў Крывіцкае лясніцтва. Мне прапанавалі пасаду прадаўца ў Задубенні. Праз вуліцу, насупраць магазіна, далі калгасны дом. Усё цудоўна. На працу блізка, дбайны муж. Разам выгадавалі сыночка Анатолія. З маленства прывучалі яго да працы. І ён з ахвотай дапамагаў мне ў магазіне, па гаспадарцы. А яна была ў нас ладная. Як быў жывы Мікалай (памёр 12 гадоў таму — аўт.) трымалі шмат кароў. Адзін год аж 5 рагуль стаяла ў хляве. Мелі ўласны трактар з прыстасаваннямі, назапашвалі сена з участкаў, якія выдзяляла мясцовая гаспадарка. Свіней таксама трымалі, курэй…
Мужа не стала, усе клопаты ляглі на жаночыя рукі, спраўляцца стала цяжэй. Але не можа Лідзія без справы. Зразумела, на працу яна не ходзіць (на пенсіі, ды і магазіна ў вёсцы няма — аўт.), аднак работы хапае ёй і дома. Пяцёра свіней, куры, карова.
— А карова навошта? З ёй клопату і клопату, — пытаюся. — Каб сена назапасіць, колькі сілы трэба…
— Прывыкла, не магу без жыўнасці на падворку. А наконт сена, наймаю людзей скасіць, і сын не цураецца, як толькі ёсць магчымасць заўсёды прыедзе дапамагчы. Дзякуй і сватам з Пузыроў, не забываюць, дапамагаюць нарыхтаваць сена для рагулі, — чую ў адказ.
— А малако куды? Мо прадаяце дзяржаве?
— Раней шмат прадавала дзяржаве. Не раз выходзіла лепшай малаказдатчыцай Крывіцкага сельсавета. А зараз з ахвотай раскупляюць вяскоўцы. Мала хто трымае карову. Вядома, малако можна купіць у аўтакраме, якая чатыры разы на тыдзень прыязджае ў Задубенне. Але яно крыху іншага смаку, — усміхнуўшыся, адказвае гаспадыня. — Ды і тваражок, смятану мне не трэба купляць…
— Як зараз жывецца пенсіянеру на вёсцы, які трыццаць тры гады адстаяў за прылаўкам, які мае стос падзяк і грамат за добрасумленную працу, фотаздымак якога неаднаразова змяшчалі на Дошкі гонару райспажыўсаюза,  гарпо, сельсавета? — цікаўлюся.
— Добра. Толькі не трэба іншым зайздросціць. Можаш штосьці зрабіць сам —  зрабі, а зайздросціць нельга. Трэба самому быць добрым і жыць з людзьмі з адкрытым сэрцам. Тады і цябе будуць любіць, паважаць.
— Вы жылі насупраць магазіна. Як сталася, што зараз апынуліся за будынкам былой гандлёвай кропкі?
— Той дом быў невялікі і сыры. А тут дачуліся, што гэта хата прадаецца. Вось і купілі. Тут прасторней, лепш, — адказвае жанчына.
Незаўважна нашу размову Лідзія пераводзіць на сына. Ганарыцца яна Анатолем. А чаму б і не?! Працавіты, клапатлівы, добразычлівы. У жыцці ўсяго ён дасягнуў сам. У дзяцінстве марыў стаць інжынерам. Але калі хлопчык быў у восьмым класе, у маці вельмі забалелі ногі. Яе паклалі ў Крывіцкую бальніцу. Толік часта наведваўся да матулі. Бачыў, як працуюць медсёстры, урачы. Вось тады ў яго і ўзнікла жаданне стаць урачом, дапамагаць іншым людзям. Больш увагі стаў надаваць такім прадметам, як хімія, біялогія. Пасля школы ён адразу не падаўся ў інстытут. Паступіў у Маладзечанскае медыцынскае вучылішча. Закончыў яго з чырвоным дыпломам. Затым была служба ў арміі. Служыў у медчасці і адначасова рыхтаваўся да паступлення ў медуніверсітэт. Аднак перад паступленнем былі яшчэ платныя падрыхтоўчыя курсы. Юнак сур’ёзна займаўся, бо разумеў, каб стаць урачом, тым больш вучыцца на ваеннай кафедры медуніверсітэта, патрэбна мець трывалыя веды. І ён свайго дасягнуў. Зараз падпалкоўнік Анатолій Балкаў працуе на пасадзе начальніка медыцынскай службы адной з часцей спецыяльнага прызначэння. У Бараўлянах мае жыллё, разам з жонкай Аленай гадуе сыноў Андрэя і Жэню.
— У мяне вельмі добрая, шчырая і працавітая нявестка. Яна тутэйшая, з суседніх Пузыроў. Сын з ёй пазнаёміўся выпадкова. Напэўна, так было наканавана лёсам, каб жыць побач, а пазнаёміцца ў Бараўлянах у бальніцы, — зазначае Лідзія Сяргееўна.
Яна расказала, што, калі Анатолій быў на апошнім курсе медуніверсітэта, моцна захварэў бацька. Хлопец павёз яго да ўрачоў у Бараўляны. Вядома, усюды чэргі. А юнаку патрэбна было на лекцыю абавязкова трапіць. Заходзіць ён у адзін кабінет, вітаецца і кажа, маўляў, я ваш будучы калега і вельмі спяшаюся зараз на лекцыю. Ці не маглі б вы паглядзець тату? Медыцынская сястрычка, якая сядзела на прыёме, паглядзела ў картку і кажа: «Не толькі калега, але і зямляк». Зірнуў хлопец на дзяўчыну. Тая з першага погляду запала яму ў душу. Потым пазнаёміліся, сталі сустракацца і з часам вяселле згулялі. Такая вось гісторыя.
— Радуецца маё сэрца за сына з нявесткай, за ўнукаў. Я іх вельмі люблю, цешуся імі, — сціраючы слязінку, якая міжволі пакацілася па шчацэ, зазначае жанчына. — А ў вёсцы жыць можна. Праўда, пусцее яна. Ёсць закінутыя дамы. А ў многія на летні сезон прыязджаюць дачнікі з горада. Вось і мая сяброўка Тамара Садоўская жыве ў Мінску. Але кожны год з вясны да позняй восені яна тут, у бацькоўскай хаце ў Задубенні. Мы з ёй абменьваемся насеннем кветак, сельскагаспадарчых культур, дапамагаем адна адной, ходзім у госці…
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: жыхарка вёскі Задубенне Лідзія Балкава.
Фота Аляксандра Высоцкага.


26 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

84 Сядзіба Максіма Танка  0-170 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси