Па камандзе “Трывога!”

У мінулую пятніцу на Мястры прайшлі абласныя спаборніцтвы выратавальнікаў
Каманды прадставілі сем выратавальных станцый Міншчыны. Акрамя таго, сваё майстэрства прыехалі прадэманстраваць і 16 каманд дружыннікаў-выратавальнікаў. А разам з кіраўнікамі, суддзямі, балельшчыкамі і гледачамі, прадстаўнікамі прэсы тут сабралася каля паўсотні чалавек. Сонечнае надвор’е спрыяла правядзенню спаборніцтваў, хаця тэмпература вады ў возеры не перавышала 16 градусаў.
Пра тое, што на беразе Мястра ладзіцца свята, сведчыла музыка, якая далёка разносілася па наваколлі. А палове адзінаццатай галоўны суддзя Генадзій Далідовіч далажыў старшыне абласнога савета таварыства выратавання на водах Сяргею Паўлюкевічу пра гатоўнасць да спаборніцтваў.
Ва ўступным слове Сяргей Сяргеевіч адзначыў, што галоўнай мэтай спаборніцтваў па выратавальным мнагаборстве з’яўляецца папулярызацыя і прапаганда сярод насельніцтва спосабаў выратавання людзей, якія церпяць бедства на вадзе, праверка ўмення і гатоўнасці работнікаў выратавальных станцый і пастоў, дружыннікаў-выратавальнікаў да аказання дапамогі. У рэшце рэшт, выяўленне самых хуткіх і смелых прафесіяналаў і добраахвотнікаў гэтай адказнай справы.
— Вельмі прыемна, што з кожным годам павялічваецца колькасць каманд дружыннікаў-выратавальнікаў. Сёлета іх 16. Вельмі хочацца, каб у наступным годзе з кожнага раёна вобласці была каманда, — падкрэсліў прамоўца.
Ён пажадаў удалых стартаў, чэснай барацьбы, суддзям — аб’ектыўнасці, а гледачам і балельшчыкам — цікавага свята. Узняць флаг спаборніцтва даручаецца камандзе-пераможцы мінулагодніх спаборніцтваў, а ёй былі выратавальнікі станцыі «Нарач».
Пасля агульнага пастраення і адкрыцця мерапрыемства без прамаруджання распачаліся спаборніцтвы. Яно і зразумела, праграма была, як заўжды, насычанай і складанай.
Плаванне з перашкодамі 100 метраў. Мэта — у спецыяльна адведзеным месцы на дыстанцыі 100 метраў за як мага кароткі час выратавальнікам у ластах неабходна было пераадолець штучныя перашкоды. Буксіроўка манекена ўплаў 50 метраў. Цікава было назіраць, як спраўляліся з вёсламі выратавальнікі. У спецыяльна адведзеным месцы возера знаходзіўся манекен. Ім неабходна было не толькі праплыць вызначаную дыстанцыю, але і падняць з вады манекен. Пры гэтым улічвалася хуткасць выканання задання. Трапна кінуць з берага выратавальны круг, прычым як мага далей — гэта задача таксама не з лёгкіх.
Час ад часу крыху падымаўся вецер, на возеры з’яўляліся невялікія хвалі. Але самае непрыемнае — халаднаватая вада.
— Людзі церпяць бедства на вадзе ў любое надвор’е. Таму і выратавальнікі павінны быць гатовы прыйсці ім на дапамогу таксама пры любых абставінах, — кажа Сяргей Паўлюкевіч.
— Сяргей Сяргеевіч, калі зарадзілася традыцыя праводзіць падобныя спаборніцтвы? — цікаўлюся.
— Пасля працяглага перапынку абласныя спаборніцтвы аднавіліся ў 2004 годзе. З таго часу гэта мерапрыемства ладзіцца рэгулярна, — чую ў адказ. — І ў пераважнай большасці менавіта на Мядзельскай выратавальнай станцыі.
Цэлы дзень доўжыліся спаборніцтвы. Удзельнікі, зразумела, стаміліся. А што казаць пра важнейшы элемент спаборніцтваў — выхад катэра па трывозе. Толькі зладжаныя дзеянні кожнага з трох членаў каманды (два вадалазы і матарыст) гарантавалі поспех.
Каманда знаходзіцца ў стане гатоўнасці і па сігнале суддзі яна зрываецца з месца, адвязвае катэр і з максімальнай хуткасцю імчыць па дыстанцыі. На хаду патрэбна надзець рыштунак на вадалаза і ў зададзеным квадраце, які адзначаны буямі, ён павінен быў знайсці затоплены манекен, а астатнія члены каманды падняць яго на катэр. На ўсё гэта адводзіцца не больш за пяць мінуць. Лічыцца, што вярнуць да жыцця чалавека, мозг якога быў без кіслароду больш гэтага часу, немагчыма. Каманды ўважліва сачылі за выступленнем сапернікаў і ажыўлена абмяркоўвалі іх прамашкі, ацэньваючы свае шанцы на перамогу. Літаральна хвіліны аддзялялі іх адна ад адной. Але апошняе слова за суддзямі…
Спаборніцтвы падыходзяць да завяршэння. І калі ўдзельнікі могуць крыху адпачыць, то для судзейскай калегіі яшчэ напружаны час. Патрэбна вызначыць пераможцаў у індывідуальным спаборніцтве па выратавальным мнагаборстве як для штатных выратавальнікаў, так і для дружыннікаў, а таксама каманды-пераможцы.
Гучыць каманда на пастраенне. Наступае самы інтрыгуючы момант. Да мікрафона падыходзіць галоўны суддзя спаборніцтваў Генадзій Далідовіч. Ён аб’яўляе пераможцаў, а старшыня абласнога савета таварыства выратавання на водах Сяргей Паўлюкевіч уручае ім заслужаныя ўзнагароды. Дык вось, у асабістым заліку сярод дружыннікаў-выратавальнікаў трэцяе месца заняў Антон Лабанаў з Мінскай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Другое — Валерый Варановіч з Вілейкі, першае таксама прадстаўнік сталічнай раённай арганізацыі Арцём Шакура. Сярод каманд дружыннікаў-выратавальнікаў 1-е месца ў спаборніцтвах заняла каманда Барысаўскай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах, каманда Вілейскай раённай арганізацыі — ганаровае 2-е месца, Мінская раённая арганізацыя — 3-е месца.
Сярод штатных работнікаў выратавальнай службы ў асабістым заліку 3-е месца заняў Іван Сідаровіч з Мядзельскай выратавальнай станцыі, 2-е — Аляксандр Супрун (станцыя «Зубраня»), 1-е месца — Ягор Роўда (станцыя «Вілейка»).
У камандным заліку сярод штатных работнікаў на трэцім месцы прадстаўнікі Вілейшчыны, на другім — станцыі «Мядзел», першым — «Зубраня». У спаборніцтвах па выхаду катэра па трывозе прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе месца — камандзе выратавальнай станцыі «Мядзел», другое — «Зубраня», а перамогу святкавала каманда з Салігорскай выратавальнай станцыі. Такім чынам, можна смела сцвярджаць, што на Мядзельшчыне жывуць някепскія выратавальнікі.
Каманды-пераможцы атрымалі прыгожыя кубкі, граматы, грашовыя прэміі, а члены каманды — медалі і прэміі. Тыя, хто заняў прызавыя месцы ў асабістым заліку, адзначаны дыпломамі, медалямі і прэміямі.
— Галоўнае не перамога, хаця гэта вельмі важна, а ўдзел у спаборніцтвах. Менавіта яны даюць магчымасць пераняць штосьці новае ў калег, падзяліцца вопытам. Ды і простыя зносіны — гэта вельмі важна, — лічыць начальнік выратавальнай станцыі «Салігорск» Мікалай Казановіч. — Усё было вельмі цікава і крута. Прыемна, што наша каманда павязе на Салігоршчыну прыгожы кубак і медалі першай вартасці.
— Наколькі ведаю, вашы дружыннікі-выратавальнікі сёлета ўпершыню ўдзельнічалі ў спаборніцтвах і дабіліся някепскіх вынікаў. Хто рыхтаваў каманду? — пытаюся ў начальніка выратавальнай станцыі з Вілейкі Ягора Роўды.
— Сапраўды, дружыннікі выступілі ўдала. Другое месца — гэта не жарт. Рыхтавала каманду старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Алена Гарковіч. Пашчасціла мне сярод штатных работнікаў выратавальнай службы ў асабістым заліку заняць першае месца. Вадалаз Валерый Варановіч — другі сярод дружыннікаў-выратавальнікаў. Хачу падзякаваць іншым прадстаўнікам Вілейшчыны, якія ўнеслі важкі ўклад у агульныя набыткі. Сярод іх матарыст Сяргей Салаўёў, вадалаз Сяргей Саўчыц і іншыя, — чую ў адказ.
У канцы ўзнагароджання слова зноў узяў старшыня Мінскага абласнога савета выратавання на водах Сяргей Паўлюкевіч. Ён падзякаваў усім удзельнікам за выступленні і за тое, што прыехалі і дамагліся добрых вынікаў, разам з тым, ён выказаў надзею, што ў наступным годзе спаборніцтва збярэ яшчэ большую колькасць удзельнікаў.
Сяргей Сяргеевіч пад дружныя апладысменты прысутных уручыў старшыні Барысаўскай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах, матросу-выратавальніку Барысаўскай станцыі Ігару Шаплюку Ганаровую грамату, якой ён адзначаны за шматгадовую, добрасумленную і выніковую працу па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння. Ганаровай граматай Мінскага абласнога савета таварыства выратавання на водах за шматгадовую актыўную работу па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе адзначаны і начальнік станцыі «Мядзел» Дзмітрый Мялешка.
Сяргей Паўлюкевіч агучыў прозвішчы выратавальнікаў, якія прадстаўлены для ўзнагароджання знакам таварыства выратавання на водах «За заслугі».
Вось і ўсё. Спаборніцтвы, якія прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, закончаны, пераможцы вызначаны. Да новых сустрэч, выратавальнікі! Няхай у вашай штодзённай працы будзе як мага менш выхадаў катэра па трывозе, няхай на вадзе нічога надзвычайнага не здараецца.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага. 


26 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        0-170 wjx6x-f4hhi Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела