Буфет шукаць больш не трэба!

ПРАБЛЕМА адсутнасці буфета на мядзельскім аўтавакзале, узнятая жыхаром вёскі Папоўка Іосіфам Ляцягам, знаходзіла адлюстраванне на старонках раёнкі (“Дзе шукаць буфет?” у № 17 ад 29 красавіка 2016 года і “Разам — за квітнеючую Беларусь” у № 22 ад 3 чэрвеня 2016 года).
 …Нядаўна нам патэлефанаваў Іосіф Ляцяга. “Атрымаў ліст за подпісам старшыні райвыканкама Анатолія Мар’янавіча Вайнілкі, у якім гаварылася, што гандлёвая кропка на аўтавакзале будзе адкрыта. Ведаю, што крама ўжо працуе (добры знаёмы, які жыве ў райцэнтры, расказваў). Вельмі ўдзячны ўсім, хто меў дачыненне да адкрыцця гандлёвай кропкі: добрую справу зрабілі!” — сказаў Іосіф Іванавіч.
 …У панядзелак мы пабывалі ў краме. Вітрыны, халадзільнікі, прадукты  харчаваня, напоі… Тры столікі, дванаццаць крэслаў. Наведвальнікі ёсць. Кацярына Мураўёва з сынам Жэнем у Мядзеле транзітам: з Віцебска едуць у санаторый “Сосны”. Пакуль хлопец дапівае чай, матуля расказвае: “На вакзале амаль гадзіну. Вельмі зручна, што ёсць магчымасць перакусіць на месцы, побач з залай чакання”.
 Сапраўды, тут можна папіць гарачага чаю ці кавы, з’есці гарачы чабурэк ці катлету…
— І ці шмат пакупнікоў? — пытаюся ў прадаўца Наталлі Лукашэвіч.
— Пастаянна заходзяць. Гэта ж вакзал: нехта прыязджае, нехта ад’язджае. Каму — вады, каму — марожанага… Быццам дробязі, а ў дарозе яны патрэбны. У базарны дзень, вядома, людзей больш будзе. Ды і з бліжэйшых дамоў, калі даведаюцца пра краму, думаю, будуць прыходзіць. Праўда, працую толькі трэці дзень, таму аб’ектыўнай быць не магу. Вось мая калега Марыя Курусь расказала б лепш: яна тут з самага пачатку.
…Крама належыць прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Ціхія віры”. Яго дырэктар Юрый Церахаў расказаў: “Памяшканне арандуем у аўтапарка. Сярод усяго іншага, прапануем прадукцыю ўласнага кулінарнага цэха. Разлічваем, што яна зацікавіць не толькі тых, хто чакае аўтобус, але і ўсіх мядзяльчан”.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.


24 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай возера Мястра img_4257

Пабрацімы Мядзела