Твар памылі, а пра вушы забыліся?

ПЫТАННІ добраўпарадкавання тэрыторый вытворчых і культурна-бытавых аб’ектаў, населеных пунктаў былі і застаюцца важнымі і актуальнымі. Ці ўсё магчымае робіцца на месцах для таго, каб кожны куточак нашай Мядзельшчыны выглядаў прыгожа і прывабна? Гэта і паспрабавалі высветліць у час маніторынгу, які пазаўчора правялі па шэрагу прадпрыемстваў і населеных пунктаў раёна. Яго ўдзельнікі пабывалі на машынных дварах, на некаторых фермах сельгаспрадпрыемстваў. Адразу варта адзначыць, што выкананы вялікі аб’ём работы па навядзенні парадку на зямлі, але многае яшчэ застаецца па-за ўвагай некаторых кіраўнікоў і адказных асоб.
Адразу зазірнулі на тэрыторыю колішняга магазіна «Універсам», які знаходзіцца на выездзе з Мядзела ў бок аграгарадка Нарач. Будынак гэтай былой гандлёвай кропкі ў свой час купіў прыватнік са сталіцы і распачаў яго рэканструкцыю, якая працягваецца не першы год. Рэканструкцыя рэканструкцыяй, але на пляцоўцы павінен быць парадак. На жаль, яго мы не ўбачылі. Зараснікі пустазелля, кучы будаўнічага смецця — усё гэта «ўпрыгожвае» пляцоўку .
Прадстаўнік ТАА «Тэтрайдар», тэхніка якога тут знаходзілася, патлумачыў, што апошні раз будаўнічае смецце вывозілі месяцы тры-чатыры таму. Паспрабавалі патэлефанаваць гаспадару аб’екта, але безвынікова. Ён не здымаў тэлефоннай трубкі.
Наступны аб’ект наведвання — тэрыторыя ААТ «Мядзелаграсэрвіс», якая знаходзіцца па вуліцы Нарачанскай райцэнтра. Адчуваецца, што да навядзення парадку тут гадамі не даходзілі рукі. Паўсюдна раскіданы металалом, шыны ад аўтатрактарнай тэхнікі, пустазелле ля агароджы. Кантэйнеры з бітым шклом даўно перапоўнены і не вывозіліся. Праўда, на дзень наведвання вытворчага аб’екта, а гэта было пазаўчора, тут работа кіпела поўным ходам. Мо ў пяці месцах убачылі людзей з трымерамі, якія абкошвалі пустазелле. То тут, то там блішчэлі агні газаэлектразваркі. Рэзалі металалом. Яго тут жа грузілі на аўтамабілі і адпраўлялі на прыёмны пункт. Словам, навядзенню парадку ў гэты дзень тут была нададзена вялікая ўвага.
Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Мядзелаграсэрвіс» Анатолій Івашкевіч патлумачыў, што вырашылі сур’ёзна заняцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.
— Але важна, як кажуць, не перастарацца. Запасныя часткі для тэхнікі зараз каштуюць не танна. Таму многія вузлы і агрэгаты грузім на аўтамашыны і вывозім на былы машынны двор у Лук’янавічы. Там потым будзем разбіраць, патрэбнае адправім на склад, а металалом — на прыёмны пункт, — гаворыць кіраўнік.
На тэрыторыі ААТ «Мядзелаграсэрвіс», якая знаходзіцца па вуліцы Прамысловай, таксама выяўлена шмат недахопаў. Раскіданы металалом, паўсюдна гаспадарыць пустазелле. Праўда, убачылі касцоў, якія яго знішчалі. Працавалі людзі і на даху колішняй мехмайстэрні і адміністрацыйнага будынка. У адным месцы бульдозер ці то пляцоўку раўняў, ці то такім чынам пустазелле знішчаў — цяжка сказаць. Каб хоць крыху навесці на гэтай тэрыторыі парадак, папрацаваць трэба вельмі шмат.
А прыклад ёсць з каго браць. Пастаянна пануе чысціня і парадак на тэрыторыі Мядзельскага раёна газавага забеспячэння, калектыў якога ўзначальвае Іван Новікаў. Не стаў выключэннем і пазаўчарашні дзень. Трава падкошана, нідзе не бачна смецця. Словам, адчуваецца гаспадарскі падыход.
Някепскае ўражанне склалася і пасля наведвання тэрыторыі філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» — «ДРБУ-133». А заўвагі, якія рэйдавая брыгада выявіла на тэрыторыі РВУП «Мядзельская ЖКГ», былі выказаны начальніку ўчастка аўтатранспарту Мікалаю Балаховічу. Ён паабяцаў у бліжэйшы час недахопы ўхіліць.
Не вельмі прывабны выгляд мае тэрыторыя нарыхтоўчай канторы райПО. Ля бульбасховішча даўно ніхто не касіў пустазелле, у асобных месцах раскіданы металалом, ля сталярнага цэха валяюцца дошкі. Каб навесці тут парадак вялікіх матэрыяльных затрат не трэба, дастаткова аднаго — жадання.
Тэрыторыя ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга». Спераду, як кажуць, чысціня і парадак. А вось за складамі ля агароджы раскіданы металалом, шыфер. Дырэктар таварыства Віктар Васілевіч запэўніў, што літаральна праз некалькі гадзін парадак будзе наведзены.
Зазірнулі на ферму «Трыданы». Тут патрэбна абкасіць тэрыторыю, прыбраць рэшткі кармоў, якія псуюць агульны выгляд вытворчага аб’екта. На былым мехдвары у Лук’янавічах таксама варта скасіць пустазелле, падабраць металалом.
Па ферме «Лук’янавічы» ААТ «Мядзелаграсэрвіс» таксама ёсць заўвагі. Тэрыторыя знаходзіцца не ў лепшым стане: пустазелле, смецце. У свой час значныя грашовыя сродкі былі выдаткаваны для будаўніцтва мыйкі аўтатрактарнай тэхнікі і прычапнога інвентару. Але сёння гэты вытворчы аб’ект практычна не эксплуатуецца. Будынак з паламанымі дзвярыма, тэрыторыя зарасла пустазеллем. Паўсюдна лужы бруду.
Даўно вядзецца гутарка пра знішчэнне баршчэўніка Сасноўскага. Многае робіцца, каб спыніць распаўсюджванне гэтага «зялёнага агрэсара», але прымаемыя меры не даюць чакаемага выніку. Сведчанне таму плантацыі баршчэўніка ля вёскі Вераб’і.
На мехдвары ААТ «Будслаўскае» больш-менш парадак наведзены. Тэрыторыя абкошана. Гэта добра. А за агароджай буяе пустазелле. Вось і атрымліваецца як у той прымаўцы: твар памылі, а пра вушы забыліся. Тое ж можна сказаць і пра мехдвор ААТ «Пруднікі-Агра». Праўда, мы ўбачылі чалавека з трымерам, які касіў пустазелле.
Ферму «Матыкі» з тыльнага боку будынкаў «упрыгожваюць» кучы гною. Улічваючы тое, што зараз часта праходзяць дажджы, бруд расцякаецца па  наваколлі. Прычына — несвоечасовая вывазка гною.
Тэрыторыя могільніка ў вёсцы Матыкі таксама мае не лепшы выгляд. У асобных месцах паламана агароджа. Кантэйнер для збору смецця не скажаш што перапоўнены, але вакол яго валяецца ўсялякі хлам. Здзіўляе абыякавасць жыхароў вёскі Матыкі да гэтага святога месца, дзе знайшлі вечны спачын продкі.
Дамы, у якіх не жывуць людзі, ў вёсках Матыкі і Баравікі зараслі пустазеллем і кустоўем. Гаспабудовы паўразбураныя. Між іншым, ёсць гаспадары гэтых дамоў. Варта толькі знайсці іх і прымусіць навесці парадак.
Яшчэ ў вёсцы Баравікі ёсць паветка былога аўтобуснага прыпынку. Тэрыторыя ля яе не абкошана. Адзін з мясцовых жыхароў патлумачыў, што ён час ад часу косіць тут пустазелле. Ён жадаў купіць гэту пабудову і зрабіць гараж. Але назвалі такую суму, што пабудаваць новы гараж абыдзецца танней.
Словам, недахопаў, якія сведчаць пра абыякавасць асобных адказных асоб да пытанняў навядзення парадку на зямлі, захавання санітарных і экалагічных патрабаванняў, выяўлена шмат. І іх вырашэнне не варта адкладваць на потым, бо гэта можа выклікаць штрафныя санкцыі.
Варта таксама сказаць, што не ўсё так кепска. Людзі працуюць, стараюцца. У многіх месцах бачылі тэхніку, якая абкошвала абочыны дарог, працавалі мужчыны з трымерамі, жанчыны з венікамі і граблямі, як напрыклад, работнікі санаторыя “Нарачанскі бераг”. Адчуваецца, што ў пераважнай большасці жыхары азёрнага краю дбаюць пра тое, каб Мядзельшчына стала яшчэ больш прывабнай для шматлікіх гасцей.
Маніторынг правялі:
Л. БОДА.
Намеснік начальніка ўпраўлення кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
А. АДАМКОВІЧ.
Вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
І. ЛУБНЕЎСКІ.
Загадчык аддзела курорта і турызму рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».
Фота Аляксандра Высоцкага.


19 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай dsc_5774-3 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси