Набыткі прафесіяналаў

РАБОТНІКІ ДУП «Мядзельскае ПМС» адзначаюць не толькі Дзень меліяратара, але і Дзень будаўніка. І яны маюць рацыю. Бо многія з іх заняты на ўзвядзенні і рэканструкцыі вытворчых аб’ектаў, будаўніцтве жылля. У гэтыя дні асноўная колькасць будаўнікоў прадпрыемства працуе на ўзвядзенні новай школы ў курортным пасёлку Нарач. Работамі там кіруе вопытны прараб Фёдар Міхайлаў. Але, акрамя школы, ёсць шмат іншых, больш дробных аб’ектаў, дзе завіхаюцца будаўнікі з ПМС. Пра гэта мы і папрасілі расказаць прараба Віктара Каралёнка.
— Нашы людзі праводзяць бягучы рамонт спартыўнай залы ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, добраўпарадкуюць вуліцу Камсамольскую райцэнтра, капітальна рамантуюць дамы №8 і № 10 па вуліцы Кастрычніцкай горада Мядзела, у ААТ «Сваткі» ўзводзяць кароўнік на 300 галоў, рамантуюць дах на школе ў аграгарадку Сваткі. І гэта не поўны пералік тых аб’ектаў, дзе працуем сёння, — кажа Віктар Віктаравіч.
— Назавіце, калі ласка, тых, хто вызначаецца стараннем і руплівасцю, — прашу прараба.
— У першую чаргу хачу адзначыць тынкоўшчыкаў Паўла Мацкевіча, Сяргея Блізнюка і Паўла Баслыка. Яны з адказнасцю адносяцца да даручанай справы, работу выконваюць якасна і ў вызначаны тэрмін. Менавіта гэтых людзей мы ставім у прыклад іншым. Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што гультаі і абібокі на прадпрыемстве не затрымліваюцца. З імі мы развітваемся без жалю, — адказвае суразмоўца. — Толькі добрае магу сказаць пра работу цясляра-бетоншчыка Дзмітрыя Шпака. Яго не трэба правяраць, кантраляваць. Стараннем і руплівасцю вызначаюцца браты Андрэй і Сяргей Хмарукі, добрасумленна выконваюць кожнае заданне. Вось і нядаўна, калі ўраган пашкодзіў дах на доме №2 па вуліцы Юбілейнай у Мядзеле, мы звярнуліся з просьбай да ўсіх работнікаў, маўляў, хто можа — падыдзіце, акажыце пасільную дапамогу ў ліквідацыі наступстваў урагану. І людзі адгукнуліся. Прыйшлі і працавалі да ночы. Хаця гэта быў выхадны…
Нельга не сказаць некалькі слоў пра самога прараба. На гэтай пасадзе ён завіхаецца ўжо сёмы год. А раней два гады працаваў майстрам. Пад кіраўніцтвам Віктара Віктаравіча ўзведзена шмат аб’ектаў. У пераважнай большасці гэта жылыя дамы. У студзені бягучага года здадзены ў эксплуатацыю 80-кватэрны жылы дом у Мядзеле па вуліцы Школьнай. Яго будаўніцтвам кіраваў менавіта Віктар Каралёнак. Раней былі ўзведзены два 24-кватэрныя, адзін 60-кватэрны дамы. На рахунку гэтага руплівага прараба ёсць пабудаваныя і адрамантаваныя малочнатаварныя фермы, іншыя сельскагаспадарчыя аб’екты. Цэняць і паважаюць спецыяліста адміністрацыя прадпрыемства, калегі, падначаленыя. А гэта сведчыць пра тое, што ён сапраўдны будаўнік, прафесіянал сваёй справы.
— Карыстаючыся выпадкам, хачу ад імя адміністрацыі і ад сябе асабіста павіншаваць нашых будаўнікоў са святам, падзякаваць ім за бездакорныя адносіны да даручанай справы і пажадаць здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў і ўсяго самага найлепшага, — сказаў на развітанне Віктар Віктаравіч.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


12 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Касцёл у Шэметава   1-12 06-043

Пабрацімы Мядзела