Малады музей і Старыя Габы

Скарбніцы даўніны пры Старагабскай установе адукацыі споўнілася ні многа ні мала — трыццаць
КРАЯЗНАЎЧЫ музей у тамтэйшай сярэдняй школе адкрыўся 20-га ліпеня 1986-га года. У той дзень адзначалі свята вёскі, на якое прыйшлі жыхары не толькі Старых і Новых Габ, але і Баяр, Навасёлак, Мазалеўшчыны, Канчаняў, Пятрова… “Канцэрт вялікі быў, людзей шмат”, — узгадвае стваральнік музея Рычард Федарэц.
 З нагоды адметнай даты мы — у аграгарадку Старыя Габы, гутарым з  дырэктарам мясцовага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-сярэдняя школа Таццянай УЛАСАВЕЦ:
— Таццяна Мікалаеўна, Вы ж самі вучыліся ў гэтай школе. Ці памятаеце ўрачыстае адкрыццё музея? Хто перастрыгаў стужку?
— У 1986-ым мне было не вельмі шмат гадоў, таму такія падрабязнасці ў памяці не захаваліся. А вось калі музей ужо быў, як выкарыстоўваўся — добра памятаю. Мы, вучні, стараліся дапамагчы Рычарду Савельевічу Федарцу (настаўніку гісторыі), шукалі экспанаты. За гонар лічылі прынесці нешта цікавае. Бабуліны куфэркі былі ператрэсены — і ў выніку цяпер мы маем такі каштоўны музей.
— Ці ёсць у ім экспанаты, якія прынеслі менавіта Вы?
— Ёсць! Мая бабуля захавала сшыткі сваіх дзяцей (гэта дзесьці 1950-ыя гады). Цікавыя экспанаты! Не памятаю, праўда, дзе яны цяпер знаходзяцца — магчыма, не ў вітрыне, а ў сховішчы.
— Сёлета будзе чатырнаццаць гадоў, як Рычард Савельевіч не працуе ў школе. Хто пераняў у яго эстафету?
— Сапраўды, асноўную працу па стварэнні музея зрабіў Рычард Савельевіч Федарэц. Мы пра гэта заўсёды памятаем! І цяпер падтрымліваем з ім сувязі: ён цікавіцца намі, а мы — яго жыццём. Пасля Рычарда Савельевіча выкладаць гісторыю прыйшла маладая настаўніца Вольга Анатольеўна Клачкова. Яна даволі актыўна ўключылася ў музейную працу і займалася ёй чатыры гады. За гэты час абнаўляліся экспазіцыі, ствараліся новыя стэнды. Сёлета будзе дзесяць гадоў, як кіраўніком музея з’яўляецца Уладзімір Сяргеевіч Серадзінскі — таксама гісторык. Ён апантаны краязнаўца і ўвогуле цікавы чалавек. Намаганнямі Уладзіміра Сяргеевіча з’явіліся новыя экспазіцыі, якія расказваюць пра гісторыю суседніх вёсак… Стэнды, прысвечаныя цікавым людзям, што жылі і працавалі на Мядзельшчыне. Уладзімір Сяргеевіч кіруе гурткамі “Юны экскурсавод” і “Музеезнаўства”, арганізаваў навукова-даследчую працу вучняў.
— Музей цяпер знаходзіцца не ў тым памяшканні, што адразу?
— Так. У 2009-ым годзе яго перанеслі ў будынак дзіцячага сада: у школе не хапала памяшканняў пад класы. Каб усё атрымалася, на працягу двух месяцаў працавалі не толькі будаўнікі, але і работнікі ўстановы адукацыі. Трэба было захаваць экспанаты і правільна іх размясціць. Зрабілі ўсё па-сучаснаму, адно памяшканне раздзялілі на некалькі зон. Цяпер тут можна хадзіць па кругу, адразу некалькі экскурсій праводзіць у розных напрамках.
— А ці ёсць для каго іх праводзіць?
— Вядома. Для вучняў, іх бацькоў, мясцовага насельніцтва. З іншых школ таксама прыязджаюць. Ды і ўсе, хто наведвае нашу ўстанову адукацыі (нават з мэтай разнастайных праверак), музеем цікавяцца і захапляюцца. Падзякі ў адмысловы альбом запісваюць…
***
…Ля ўвахода ў музей — прысвечаны яго адкрыццю стэнд. Там змешчаны фотаздымкі ўдзельнікаў свята вёскі — таго самага, трыццацігадовай даўніны. На стэндзе — і рэпартаж “Мая вёска — мой лёс” (быў надрукаваны ў раёнцы за 24 ліпеня 1986 года, аўтар — Міхаіл Чарняўскі). Пашукаем герояў той публікацыі…
 Трыццаць гадоў — немалы тэрмін.
 …Не стала многіх удзельнікаў таго свята — шчырых і працавітых габлюкоў. Памерлі старэйшая на той час жыхарка вёскі Фаня Іванаўна Хацяновіч і крыху маладзейшыя за яе Юльян Вікенцьевіч Кацэвіч, Ігнат Іванавіч Будзько, Антаніна Васільеўна Катковіч. Як і гаспадары “дома ўзорнай санітарнай культуры” Аркадзь Фаміч і Марыя Лявонцьеўна Калбуны, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Сцяпанавіч Катковіч. Як і Алена Баляславаўна Хацяновіч і Соф’я Уладзіміраўна Хацяновіч — жнейкі ў нацыянальных строях, што на свяце песняй віталі хлебаробаў. Няма і перадавога камбайнера, якому яны ўручылі апавіты чырвонай стужкай сноп, — Івана Аляксандравіча Шмігельскага… І яго руплівых калег Іосіфа Антонавіча Качарго і Івана Мікалаевіча Лашука, што ўсміхаюцца з фотаздымка на музейным стэндзе. І тагачаснага старшыні калгаса Андрэя Іосіфавіча Малько. Папярэдне некалькі разоў змяніўшы назву, спыніў існаванне ў якасці асобнай гаспадаркі і сам калгас імя Кірава, некалі слаўны надоямі і намалотамі. Тры гады таму тэрыторыя Старагабскага сельсавета далучана да Слабодскага.
…Шмат хто са згаданых у газетным рэпартажы — на пенсіі. Стваральнік школьнага музея Рычард Савельевіч Федарэц жыве ў Мядзеле. Цяжка хварэе, але па-ранейшаму поўны цікавых ідэй (магчыма, неўзабаве вы даведаецеся пра некаторыя з іх). Уладзімір Мікалаевіч Казлоўскі, тагачасны старшыня сельсавета (ён жа — шматгадовы настаўнік матэматыкі і дырэктар мясцовай школы) па-ранейшаму жыве ў Старых Габах. Займаецца пчалярствам, любіць пасядзець у інтэрнэце, праз сацыяльныя сеткі падтрымлівае адносіны з былымі вучнямі. На заслужаным адпачынку і перадавыя жывёлаводы Галіна Мікалаеўна Каралёнак і Галіна Сцяпанаўна Кунай.  Як і былы дэпутат сельскага Савета Марыя Аляксандраўна Клімовіч. Аддзяленне сувязі, якое яна ўзначальвала, заўсёды было ў кветках: і знадворку, і ўсярэдзіне. Цяпер узорны кветнік (а таксама дагледжаны гарод, пчальнік і альтанка) — на падворку Марыі Аляксандраўны ў Баярах. Марыю Мікалаеўну Сіскевіч — апошнюю са жнеек, што песняй віталі камбайнераў — забраў у райцэнтр сын. Ганна Канстанцінаўна Шмігельская — адна з вядучых свята — як і раней, жыве ў Новых Габах. Спявае ў царкоўным хоры. Другая вядучая — Галіна Іванаўна Хацяновіч — даўно выехала за межы раёна, і дакладных звестак пра яе мы не знайшлі.
 …На свяце прымалі віншаванні з нагоды нядаўняга стварэння сям’і Мікалай і Ірына Каралёнкі. Цяпер яны жывуць у Мядзеле. Мікалай — вадзіцель “ДЭУ-66”, Ірына — выхавальнік яслей-сада №4. Абодва іх сыны — жанатыя, таксама жывуць у райцэнтры. Старэйшы Аляксандр, як і бацька, — вадзіцель “ДЭУ-66”, яго сыночку Пашу два гады. Малодшы Дзмітрый працуе ў прыватніка. Паўгода таму яго сям’я павялічылася: нарадзіўся сынок Дзяніска.
…Наймалодшы жыхар Габ Паўлік Босы па прычыне юнага ўзросту (без аднаго дня месяц) на свяце не быў — разам з бацькамі знаходзіўся ў бабулі ў Чарнятах. Цяпер ён ужо і сам тата: яго дачушцы Юлі два гады, а Ксюшы ў верасні будзе шэсць. Жыве Павел ў прыгарадзе Гомеля, працуе на “Гомсельмашы” (так што да тэхнікі, якая ўрабляе габскія палеткі, мае непасрэднае дачыненне). А тады з прычыны адсутнасці Паўла яго ганаровыя абавязкі на свяце выканала крыху старэйшая Даша Роўда — прыняла ліст-наказ і атрымала вялікую ляльку ў падарунак. Дар’я (цяпер яе прозвішча Пятровіч) жыве ў Мінску, з’яўляецца дырэктарам прыватнай фірмы па грузаперавозках. У чэрвені нарадзіла дачушку Нэлі.
 …У прамове старшыня сельвета сярод іншых дасягненняў адзначаў здачу ў эксплуатацыю дзіцячага сада на пяцьдзясят месцаў. Садок працуе і цяпер (у складзе вучэбна-педагагічнага комплексу). На першае верасня яго адзіную групу (рознаўзроставую) будуць наведваць дваццаць два дзіцяці. Нямала. Праўда, малыя не толькі з Габ, але і з няблізкіх Заняў, Раманаўшчыны, Слабады, Дзягіляў.
…На музейных стэндах адлюстраваны, вядома, не толькі святы. З іх адных не можа складацца жыццё — ні асобнага чалавека, ні, тым больш, цэлай вёскі. Экспазіцыі расказваюць пра далёкую мінуўшчыну, жыццё пад уладай Польшчы, Вялікую Айчынную вайну, гісторыю калгаса і школы, пра творчасць мясцовых жыхароў. Агульная колькасць экспанатаў даўно перавысіла паўтары тысячы. Датуюцца яны рознымі перыядамі: ад ІХ-ХІІ стагоддзяў да ХVІІ-ХХІ. Экспазіцыі папаўняюцца, бо не стаіць на месцы і само жыццё. Хай жа будзе ў ім паболей светлага і радаснага — габлюкі гэтага варты!
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымках: фрагменты экспазіцыі.
Фота Аляксандра Высоцкага.


12 жнiўня 2016.   Каментарыі: 2 каментары.    Размешчана ў Гісторыя

Да запісу 2 каментары

Здравствуйте! Собираю историю рода. Мы живем в Сибири. Наши предки в 1903 г. по Столыпинской реформе уехали из Старых Габ. Звали их Лашук Иван (как звали жену не знаем) с детьми Степаном, Дмитрием, Прокопом.

хотим узнать остался ли там кто из родственников, либо какая-нибудь архивная информация. Из статьи стало понятно что Лашуки в деревне есть. Будем рады любой информации и фотографиям.
С уважением и добром,
Лашуки из Сибири!

У Дмитрия родятся сыновья, двое из них Василий и Михаил женятся на двоюродных сестрах Евдокии и Елене в девичестве Каткович. Маму Евдокии звали Анна (Гануля).

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

img_4257 Рэчка Нарачанка        0-178 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси