Ці загляне сонца ў ваша аконца?

У РЭДАКЦЫЮ прыйшоў ліст. Аўтарка напісала, што незадаволена якасцю паслугі па ўстаноўцы вокнаў. 15 ліпеня мы паехалі па названым адрасе…
 Аўтарка ліста — мінчанка. Набыла хату ў роднай вёсцы і жыве тут летам. Расказала: “Вырашыла памяняць вокны. Патэлефанавала індывідуальнаму прадпрымальніку. Сама памерыла праёмы, ён назваў цану. Пагадзілася, і ён прыехаў зрабіць замер. Пры аглядзе сказаў, што рамы трэба ўразаць у каробку і за гэта неабходна даплаціць. Я згадзілася. Рабочыя прыехалі ў нядзелю ў пяць гадзін вечара. У рэкламе было сказана пра невялікі падарунак. Яны яго не прывезлі, абяцалі — потым. Нават падумаць не магла, што рамы будуць меншыя па памерах аж на 18 сантыметраў. Калі рабочыя паехалі, доўга не магла зразумець, чаму ў хаце стала цямней, чым было. На другі дзень пачала мерыць вокны і ўбачыла, што знадворку яны адклеіліся. Патэлефанавала прадпрымальніку. Ён сказаў, што ў дагаворы не названы памеры рам і я падпісала дамову. Прасіла забраць вокны і аддаць грошы, а ў адказ пачула лаянку. Выказала свае прэтэнзіі ў пісьмовай форме і даслала прадпрымальніку. У бліжэйшы час звярнуся ў таварыства па абароне правоў спажыўцоў. Напішыце пра мой выпадак у газеце, каб іншыя людзі былі ўважлівымі. Сачылі, каб у дагаворах было дакладна ўказана, якіх памераў будуць рамы. Уважліва аглядалі работу пасля яе выканання, перш чым паставіць свой подпіс”.
 Па тэлефоне мы звязаліся з гэтым індывідуальным прадпрымальнікам. Яго пазіцыя такая: “Па тэлефоне адразу была названа прыкладная сума, зыходзячы з тых памераў, што сказала гаспадыня. Я прыехаў, сам памерыў вокны, усё палічылі — выніковая сума сапраўды атрымалася большай за першапачатковую. Гаворкі пра асобныя грошы за ўрэзку не было. Можна было дастаць старую каробку, паставіць новую — вокны б атрымаліся вялікія. Але тады давялося б рабіць і адкосы, і падаконнікі — гэта каштавала б значна даражэй. Гаспадыня згадзілася ставіць вокны ў старую каробку: маўляў, моцная яшчэ, шашалем не паточаная. Магчыма, мы не зразумелі адзін аднаго. Калі б мне сказалі, што трэба разрэзаць каробку з сярэдзіны, не вымаючы яе — проста не браўся б за гэта. …Рабочыя паставілі вокны ў старыя каробкі. Замацавалі мантажнай пенай, закрылі яе нашчыльнікамі. Гаспадыня сама была дома, прыняла работу, падпісала акт прыёмкі. Праз некалькі дзён — прэтэнзія, што вокны малыя. Што змянілася за гэтыя дні? …19 ліпеня мантажнікі з’ездзілі туды. Нашчыльнік на акне сапраўды адклеіўся — яны яго прымацавалі. І абяцаны падарунак завезлі”.
 Вось як пракаменціраваў сітуацыю адвакат юрыдычнай кансультацыі Андрэй Савасцян:
— Для абароны сваіх правоў спажывец можа звярнуцца ва ўпаўнаважаныя дзяржаўныя ці грамадскія арганізацыі або ў суд.
 Згодна з пунктам 1 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.11.1998 № 1745 “Аб мерах па абароне правоў спажыўца” ў структуры мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у межах устаноўленай колькасці ўведзены ўпаўнаважаныя па абароне правоў спажыўца, якія, умяшаўшыся ў спрэчку, што ўзнікла ў заказчыка з выканаўцам, могуць дапамагчы ўрэгуляваць яе ў добраахвотным, пазасудовым парадку.
 Вы таксама можаце звярнуцца для абароны парушанага права спажыўца ў грамадскія аб’яднанні спажыўцоў, якія  маюць права самастойна праводзіць адпаведныя экспертызы, звяртацца ад Вашага імя ў суд, прадстаўляць і абараняць у судзе Вашы правы і законныя інтарэсы.
 Калі ж Вы вырашыце самастойна абараняць свае парушаныя правы спажыўца, у такім выпадку павінны ведаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 31 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” пры выяўленні адступленняў ад умоў дагавора, якія пагоршылі вынікі работы, або іншых недахопаў выкананай работы Вы як спажывец маеце права па сваім выбары патрабаваць ад выканаўцы:
— бязвыплатнай (дармовай) ліквідацыі недахопаў выкананай работы;
— суразмернага змяншэння ўстаноўленага кошту выкананай работы;
— бязвыплатнага (дармовага) вырабу іншай рэчы з аднароднага матэрыялу такой жа якасці ці паўторнага выканання работы, калі гэта магчыма. Пры гэтым спажывец павінен вярнуць раней перададзеную рэч;
— кампенсацыі панесеных расходаў па ліквідацыі недахопаў выкананай работы сваімі сіламі ці трэцімі асобамі.
 Пры гэтым задавальненне патрабаванняў спажыўца аб бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў ці паўторным выкананні працы не вызваляе выканаўцу ад адказнасці ў форме няўстойкі за парушэнне тэрміну завяршэння выканання работы.
 У адпаведнасці з артыкулам 47 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь іск аб абароне правоў спажыўца можа быць пададзены па месцы жыхарства або знаходжання істца або па месцы выканання дагавора ці па месцы прычынення шкоды.
 На падставе падпункта 1.1.8. пункта 1 артыкула 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны істцы па справах, якія разглядаюцца ў судах па ісках аб парушэнні іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў, а таксама за падачу касацыйных і наглядавых скаргаў па такіх справах.
  Ад рэдакцыі. 
 Гэта сапраўдная гісторыя, і, вядома ж, у яе ўдзельнікаў ёсць імёны, прозвішчы і дакладныя адрасы. Пакуль мы не называем іх. У тым ліку і таму, што сама па сабе сітуацыя, калі спажывец і выканаўца паслуг не могуць паразумецца, не ўнікальная. У гэтай гісторыі, відавочна, будзе працяг — мы раскажам Вам пра яго.
  Для ўсіх спажыўцоў паўторым вядомую ісціну: перш, чым падпісаць дагавор, яго трэба ўважліва прачытаць! Перш, чым падпісваць акт прыёмкі і плаціць грошы, не саромейцеся пераканацца, што ўсё зроблена якасна.  Нават калі выканаўца работ спяшаецца ці ў вас саміх мала часу. Гэта дазволіць пазбегнуць многіх праблем у далейшым.
 Паважаныя выканаўцы работ! Вы ж зацікаўлены, каб людзі былі задаволены вашай працай і хвалілі яе іншым. Мы, спажыўцы, не можам ведаць усіх нюансаў устаноўкі акон-дзвярэй, рамонту сцен-столі, укладкі паркетаў-ламінатаў і г. д. Не пашкадуйце часу, растлумачце нам гэтыя нюансы. А пасля таго, як якасна(!) выканаеце работу, не палянуйцеся, пакажыце спажыўцу тыя вокны (ці дзверы, ці яшчэ што вы там рабілі) і з хаты, і знадворку. Прадэманструйце, што яны патрэбнага памеру, адчыняюцца-зачыняюцца. Гэта дазволіць і вам пазбегнуць многіх праблем у далейшым. 
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.


09 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Нам пішуць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257     Паруснікі                          на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси