“Такую мала дзе знойдзеш…”

ГЭТЫМІ днямі ў курортным пасёлку віруе работа па ўзвядзенні новай школы. Яе будаўніцтва наспявала даўно, аднак справа зрушылася з мёртвай кропкі толькі пасля ўключэння гэтага аб’екта ў Дзяржаўную праграму развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну. Памятаецца, як напрыканцы ліпеня мінулага года ў нас праходзіла знакавае выязное пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта з удзелам губернатара Міншчыны Сямёна Шапіры, намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага, шэрагу іншых адказных асоб. Справа ў тым, што ў старой школе, разлічанай на дзвесце вучняў, займалася каля паўтысячы, дзеці хадзілі на ўрокі ў дзве змены. Установа мела толькі адну невялічкую залу, якая лічылася спартыўнай і актавай, ды яшчэ служыла месцам правядзення розных масавых мерапрыемстваў. Шмат нязручнасцей у вучэбным працэсе мелі і з-за цеснаватай сталоўкі, разлічанай усяго на 48 пасадачных месцаў. Выказваліся розныя прапановы па вырашэнні гэтай праблемы. Сярод іх дамінавала наступная: зрабіць да дзеючай школы прыбудову, якая на той час ацэньвалася ў 90 мільярдаў рублёў. Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Трусаў агучыў зусім іншую канцэпцыю — за крыху большыя грошы ўзвесці не прыбудову, а новую сучасную школу. Прытым, у мікрараёне “Аэрапорт”, дзе пражывае каля васьмідзесяці працэнтаў мясцовых вучняў. На карысць “рэвалюцыйнага” варыянта схіляла і тое, што каля старой школы неставала свабодных плошчаў, адпадала і неабходнасць у падземным пераходзе на кальцавой дарозе, які “цягнуў” на добры дзясятак мільярдаў рублёў.
З рацыянальным меркаваннем пагадзіліся ўсе. Там жа на ўскрайку пляцоўкі ў чыстым полі за жылымі шматпавярховікамі, дзе меркавалася распачаць новабудоўлю, Сямён Шапіра аддаў зацікаўленым кадрам неабходныя распараджэнні. Пры гэтым падкрэслівалася, што новую школу на 510 вучняў неабходна ўвесці ў строй дзеючых аператыўна, да 1 верасня 2016 года. Канечне, асноўная нагрузка па вырашэнні гэтай няпростай задачы лажылася на генеральнага падрадчыка, у якасці якога выступіла Мядзельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. І, як пераконваешся, трапляючы на новабудоўлю, спраўляецца з ёй даволі ўпэўнена.
— На сёння, — расказвае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандр Звяруга, — гатоўнасць гэтага аб’екта перавышае дзевяноста працэнтаў. З улікам таго, што практычна ўсё зроблена сёлета за лічаныя сем месяцаў, нагрузку генеральнаму падрадчыку давялося вытрымаць не жартоўную. На новай школе пастаянна працуюць да ста васьмідзесяці чалавек, рабочы дзень, як правіла, падоўжаны. Унутры будынка засталося завяршыць аддзелачныя работы, устанавіць тэхналагічнае абсталяванне. Знадворку таксама актыўна добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, уладкоўваюць розныя функцыянальныя пляцоўкі: валейбольную і па вывучэнні правілаў дарожнага руху, метэаралагічную і для рухавых гульняў…
Калі заходзіш у будынак школы, на паверхах чуваць суцэльны “стукат-грукат”. Ды яшчэ манатонна гудуць шліфавальныя машынкі, час ад часу вуха “рэжа” віск балгарак. У прасторнай спартыўнай зале на 540 “квадратаў” рабочыя заканчвалі ўкладку падлогі з дыхтоўных драўляных брускоў. “Такая, нават з улікам вялікай нагрузкі, праслужыць доўга”, — запэўніў цясляр пятага разраду Іван Балянок з маладзечанскага “Будсэрвісу”. А крыху далей у адным з будучых класаў ужо ўкладзеную падлогу шліфаваў электрычнай машынкай Сяргей Скаварада з Чысці. “Нас тут шмат — паведаміў. — Штодзень прыязджаем на аўтобусе і дзвюх “Газэлях”. І сапраўды, некалькі далей па калідоры ўбачыў маляроў, якія з густам распісвалі сцены прывабнымі колерамі. Аказалася, Крысціна Гіль і Марына Касіцкая таксама з Чысці. Ездзіць на працу далекавата, пад сотню кіламетраў, аднак жанчыны ніколькі не наракалі, бо “працаваць ёсць за што”. У кароткай размове першая з іх нават заўважыла з лёгкай зайздрасцю ў голасе: “Вельмі прыгожая будзе ў вас школа, такую мала дзе знойдзеш…”.
— Можна сустрэць на аб’екце і майстроў з Барысава, адкуль і субпадрадчык —“Будаўнічы трэст № 21”. Безумоўна, вялікія аб’ёмы работ выконваюцца рукамі нашых меліяратараў. У паўсядзённай напружанай працы, па словах дырэктара ПМС Юрыя Скармаховіча, не падводзяць брыгады Андрэя Карабейніка, Віктара Паршуты, Андрэя Шыкаўца, Паўла Мацкевіча. “У апошняй з іх усяго восем чалавек, — заўважыў Юрый Іванавіч, — аднак па выпрацоўцы за імі і два дзясяткі будаўнікоў не заўсёды ўгоняцца”. Працуюць людзі зараз на школе з 8 да 20 гадзін.
— А як наконт іх заробкаў? — пацікавіўся.
— Хто эфектыўна і якасна працуе, — адказвае намеснік галоўнага інжынера ПМС Пётр Батурын, — той ладна і зарабляе.
— “Ладна” — гэта колькі?
— Бывае да тысячы трохсот рублёў у месяц, — аўтарытэтна ўдакладніў Юрый Скармаховіч.
Праект новай школы для курортнага пасёлка запазычылі ў суседнім Астравецкім раёне. Праўда, у ходзе будаўніцтва ў ім многае давялося карэкціраваць, мяняць. На гэтым больш падрабязна ў размове з журналістамі, якія завіталі на новабудоўлю, спыніўся Сяргей Трусаў:
— У першую чаргу, змены ўносіліся з мэтай удасканаліць праект і ўзвесці лепшую школу. Першага верасня дзеці павінны прыйсці ў прыгожыя і светлыя класы. Патрапіўшы ў цудоўны будынак, дзе ўсё да ладу, мабыць, некаторыя з іх з часам і самі пажадаюць стаць будаўнікамі. На гэтым аб’екце “цяп-ляп” выключаны ў корані. У прыватнасці, вырашылі адысці ад традыцыйнай для такіх устаноў “карычневай” падлогі. Дошка ў нас якасная, клееная. Таму пасля шліфоўкі пакрыем яе паркетным лакам, што зробіць класы яшчэ больш светлымі і ўтульнымі. Прытым, кожны з іх афармляецца не па шаблоне, а з улікам пажаданняў дырэкцыі. Як, дарэчы, і калідоры. У кожным — свая разыначка. Зноў жа з пліткай таксама папрацавалі творча, замовілі на “Кераміне” добрыя калекцыі. Нейкіх глабальных праблем на аб’екце няма. Фінансаванне стабільнае, справа — за належнай арганізацыяй працы. А калі пытанні і ўзнікаюць, многія з іх здымаюцца на штотыднёвых вытворчых нарадах, якія праводзяцца тут з удзелам усіх зацікаўленых кадраў.
Задаволены ходам работ і дырэктар Нарацкай сярэдняй школы №2 Генадзь Крыштафовіч. Ён практычна пастаянна на будоўлі, цікавіцца якасцю работ, прымае ўдзел у вырашэнні арганізацыйных пытанняў. Асабліва на завяршаючым этапе, калі падрыхтаваныя пакоі неабходна аснашчаць абсталяваннем і мэбляй. Мяркуецца, што да 1 верасня будуць сфарміраваны тры класы шасцігодак, у дырэкцыю паступіла ўжо 58 заяў.
— Для іх у новай школе створаны цудоўныя ўмовы, — дзеліцца Генадзь Віктаравіч, — на першым паверсе будынка выдзелены асобны блок з гардэробам. Гульнявыя пакоі сумешчаны са спальнымі. Ды і наогул, у параўнанне з тым, што меў у сваім распараджэнні наш педкалектыў, гэта неба і зямля. Не скажу, і раней вучэбны працэс праходзіў на дастаткова высокім узроўні. Сведчаннем таму можа быць хаця б той факт, што пераважная большасць выпускнікоў паступала ў вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы. Іх колькасць дасягала 89 працэнтаў. Цяпер жа ёсць магчымасць навучальны працэс узняць на якасна новы ўзровень, бо аснашчэнне кабінетаў, класаў будзе самае сучаснае, як кажуць, па апошнім слове тэхнікі. Тое ж датычыцца і пазакласнай работы, гуртковай, даследчай. Радуе грунтоўная спартыўная база. Апрача выдатнай спортзалы, прадугледжана і добрая трэнажорная, а на вуліцы — стадыён, шматлікія пляцоўкі, хакейная каробка. Мяркую, што і наша актавая зала на 152 пасадачныя месцы будзе лепшай сярод школ вобласці.
Безумоўна, такая школа — важкі і доўгачаканы набытак не толькі курортнага пасёлка, які год ад года развіваецца і пашыраецца, але і ўсёй сінявокай Мядзельшчыны, сталічнай вобласці.
— Мы вельмі рады, — не хавае задавальнення начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава, — што нашы дзеці 1 верасня пойдуць у такую цудоўную і сучасную новую школу, дзе для іх створаны ўсе ўмовы для атрымання грунтоўных ведаў і фізічнага развіцця…
Павел ЖУКАЎ.
На здымках: 1. Вось такая прыгожая школа будуецца ў курортным пасёлку Нарач; 2. Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Трусаў запэўніў журналістаў: новая школа ў курортным пасёлку Нарач будзе здадзена ў эксплуатацыю ў вызначаны тэрмін; 3. Вядзецца праца на фасадзе;
4, 5. Поўным ходам ідуць работы ў спартыўнай зале; 6. Шліфоўкай падлогі займаецца Сяргей Скаварада з прадпрыемства “Чысць-БАУ”.
Фота Аляксандра Высоцкага.


08 жнiўня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Будаўніцтва

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

 возера Мястра  Сядзіба Максіма Танка  лебедзі на Мястры 06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси