ПРАВЕСЦІ БЕЗ СТРАТ

ДНЯМІ ў малой зале райвыканкама адбыўся семінар па падрыхтоўцы і правядзенні ўборкі ўраджаю збожжавых. На яго запрасілі кіраўнікоў, спецыялістаў па ахове працы, галоўных эканамістаў, ідэалагічных работнікаў і старшынь прафсаюзных камітэтаў таварыстваў. Правёў злабадзённае мерапрыемства першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Валасевіч. У пачатку размовы Уладзімір Васільевіч адзначыў, што галоўная задача ўсіх кадраў — на высокім арганізацыйным узроўні правесці жніво-2016, паклапаціцца, каб хлебаробам былі створаны сучасныя ўмовы працы, а вытворчаму траўматызму пастаўлены надзейны заслон. “Кожны ўдзельнік уборачнай павінен вяртацца вечарам дадому жывым і здаровенькім”, — падкрэсліў Уладзімір Валасевіч.

На пытаннях аплаты працы і матэрыяльнага стымулявання работнікаў, занятых на ўборцы ўраджаю, спынілася вядучы спецыяліст аддзела эканомікі ўпраўлення райсельгасхарчу Вольга Паршута. Яна запэўніла, што сёлета вяскоўцы на жніве і іх памочнікі не будуць пакрыўджаны на заробкі. Канечне, пры ўмове якаснага абмалоту збожжавых і зернебабовых, выканання дзённых заданняў, зладжанай работы тэхнікі на перавозцы новага ўраджаю, яго падпрацоўцы. У прыватнасці, дыяпазон аплаты для камбайнераў за тону хлеба вельмі шырокі — ад 30 капеек да 2 рублёў 31 капейкі. Гэта ў цэлым па раёне. У гаспадарках ён адрозніваецца ў залежнасці ад ураджайнасці, чысціні абмалоту, контурнасці палёў, палегласці збажыны, тэрміну службы камбайнаў… Вольга Анатольеўна дадала, што пры добрасумленнай і выніковай працы хлебаробы могуць зарабляць за дзень у межах ад 60 да 70 рублёў. Зарплата памочнікаў складзе да 80 працэнтаў ад камбайнера. Безумоўна, яны павінны не толькі “лічыцца” ў экіпажы, як гэта яшчэ здараецца на практыцы, а добрасумленна выконваць свае адказныя абавязкі.

Вялікая ўвага ў ходзе семінара таксама надавалася ахове працы ў гаспадарках пры ўборцы збожжавых, пажарнай бяспецы. Пра асноўныя недапрацоўкі па гэтых важных пытаннях, якія выяўляюцца ў таварыствах, расказалі галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу Вольга Лугавая і інспектар прапаганды інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ірына Карапецян. Яно і сапраўды, нават, здавалася б, дробязі могуць прывесці да вялікіх непрыемнасцей. Так, некаторыя з камбайнераў любяць хадзіць у “сланцах”. А яны па метале коўзаюцца быццам лыжы па снезе. Таму, пры такім абутку, і да траўмы недалёка. На належным узроўні павінна быць паўсюдна і пажарная бяспека, бо кожны ведае, наколькі сёння дарагая тэхніка і як няпроста набыць новую.

Слушным і канкрэтным падалося выступленне галоўнага ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалая Паршуты. Пара нарэшце зразумець, што санітарна-бытавое забеспячэнне літаральна ў кожным таварыстве ў час уборачных работ — далёка не другарадная справа. Гэта і здароўе людзей, і іх настрой на працу. Варта дадаць і тое, што ўсе працоўныя перамогі на жніве будуць годна адзначаны. Як маральна, так і матэрыяльна. Пра гэта ў заключэнне расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Юркевіч.

  Павел ЖУКАЎ.



24 лiпеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                           возера Мястра  06-012 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси