І хочам, каб было малако?!

Для вяскоўцаў сёння задача нумар адзін — арганізавана ўбраць збожжавыя і зернебабовыя. Яна ўскладняецца тым, што надвор’е пакуль не вельмі спрыяе хлебаробам. Кропкай адліку пачатку жніва на Мядзельшчыне можна лічыць мінулую нядзелю, калі ў некаторых гаспадарках прыступілі да ўборкі азімай пшаніцы. Першыя гектары абмалацілі і ў таварыстве “Пруднікі-Агра”. Ураджайнасць з кожнага, па запэўніванні дырэктара Аляксандра Журкоўскага, неблагая — пад 35 цэнтнераў. Жніво жнівом, аднак не менш важна цяпер не дапусціць і зніжэння прадукцыйнасці грамадскага статка. Асабліва, надояў малака, бо гэта асноўная крыніца паступлення ў касы гаспадарак фінансавых сродкаў, якіх многім востра нестае. Тым не менш, на некаторых фермах груба парушаюць тэхналагічныя патрабаванні вытворчасці малака і таму не дабіраюць значную колькасць прадукцыі. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зазірнуць на той жа комплекс “Княгінін”, дзе ўтрымліваецца 429 кароў. Ужо на ўвахо­дзе звяртаеш увагу на тое, што ў дэкаратыўнай агароджы некаторыя з планак паламаныя, тым не менш перад афарбоўкай іх не замянілі. Быццам і дробязь, але сапраўдныя гаспадары так не робяць! Далей — болей. Час быў пасляабедзенны, маленькая стрэлка гадзінніка набліжалася да лічбы “4”, а ў даільнай зале ад раніцы панавалі бруд і антысанітарыя.

— Чаму ў вас такі абуральны беспарадак? — пацікавіўся старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка ў галоўнага заатэхніка Міхаіла Яначкіна.

— Зараз паправімся, навядзём чысціню, — прагучала ў адказ.

— У колькі гадзін завяршылі ранішнюю дойку?

— У сем…

Ну што тут скажаш: патрабавальныя пытанні па сутнасці, ад адказаў вее прафесійнай бездапаможнасцю. У гэтай антысанітарыі ў дадзеным выпадку далёка ідучыя наступствы, якія, у рэшце рэшт, завяршаюцца стратай буйных сум грошай. Так, за 17 ліпеня наш раён прадаў дзяржаве 11,8 тоны малака першым гатункам, усё астатняе — вышэйшым і класам “экстра”. І з гэтай колькасці амаль 10 тон на рахунку таварыства “Пруднікі-Агра”. Ды і наогул, з пачатку года яно значна пагоршыла якасныя паказчыкі вытворчасці малака. Па выніках двух кварталаў некалькі знізілася яго тлустасць, значна менш рэалізавана вышэйшым гатункам і класам “экстра”. На гэтым згублена каля дваццаці тысяч рублёў, ды яшчэ пад трыццаць — ад нізкай таварнасці, якая, нагадаем, па­вінна складаць па году 90 працэнтаў. Колькі чаго патрэбнага ў гаспадарцы можна было б набыць за такія грошы!? А то толькі і чулі ад Міхаіла Мікалаевіча: “Няма грошай на камбікорм для цялятак”, “Вапны на пабелку памяшканняў таксама не закупілі — дэфіцыт фінансаў”… Ды вось яны, рэальныя грошы, і немалыя! Трэба толькі праявіць гаспадарлівасць, разваротлівасць, арганізаванасць, адказнасць — і яны не “выкінуцца на вецер”, а паступяць у касу таварыства! Бярыце тады і расходуйце на свае патрэбы. На жаль, пакуль не атрымліваецца.

Плюс да ўсяго гаспадарка мінусуе па надоях малака ад каровы ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года. А гэта, зноў жа, недабор прадукцыі і значных сум. Ёсць у яе зараз і адзін незайздросны “кампаньён” — таварыства “Будслаўскае”, дзе таксама ніяк не могуць узбіцца на прыстойны ўзровень вытворчасці малака. Што датычыць прадукцыйнасці кароў у “Прудніках-Агра”, то мінус цалкам заканамерны. Такое меркаванне складваецца пасля наведвання пашы дойнага статка. Травастой нідзе не падкошваецца, не падкормліваецца мінеральнымі ўгнаеннямі. Ні ля аднаго гурта не ўбачылі мелу, каля асобных — нават солі-лізунца. Не ўзяты тут на ўзбраенне і такі прагрэсіўны метад выкарыстання тра­вастою, як франтальная пасьба. Зразумелая справа, пры абыякавасці ў арганізацыі
летне-пашавага перыяду і аддачу ад пагалоўя маюць невялікую. Мала таго, што самі з-за гэтага жывуць сціпла, дык і раён у маштабах вобласці “цягнуць” за сабой у лік адстаючых. Гэта вам не “Дзягілі” з Нацпаркам “Нарачанскі”, дзе маюць менш, чым па дзве сотні кароў. А тут іх без адной тысяча сто. Больш толькі ў таварыстве “Занарацкі” — 1684. І, канечне, здача пазіцый у такіх гаспадарках адразу ж адмоўна адбіваецца на агульных паказчыках нашага азёрнага краю.

Гэта яўна недаравальна для “Пруднікаў-Агра” яшчэ і таму, што тут ёсць каму сачыць за парадкам, захаваннем тэхналагічных патрабаванняў. Апрача галоўнага заатэхніка, на кожнай ферме — загадчык, а на комплексе “Княгінін” — нават і яго памочніца. А належнага парадку няма нідзе. Вялікае пытанне ўзнікае наконт арганізаванага правядзення санітарных дзён. У прыватнасці, з тыльнага боку комплексу буяе пустазелле. За адным з памяшканняў за вуглом валяецца стары хамут, за другім — куча бітай цэглы, каля трэцяга — разлілася ледзь ці не сажалка. Насупраць у станках стаяць малыя цяляткі. Над імі, без усялякага перабольшвання, процьма мух. Што, так і павінна быць? А хто будзе сачыць за санітарным парадкам? За тым, каб у памяшканнях праводзілі неабходны бягучы рамонт, іх  дэзынфіцыравалі, бялілі. Карацей кажучы, рыхтавалі да стойлавага ўтрымання пагалоўя, да якога застаецца не так і шмат часу. Не, будзем чакаць да апошняга, пакуль пальюць несціхана халодныя восеньскія дажджы, стукнуць марозікі. Толькі не варта забываць, што эфект ад рамонтных работ тады, асабліва звязаных з бетанаваннем, блізкі да нуля.

Трэба сказаць вось яшчэ аб чым. У аконныя праёмы на комплексе ўстаўлены рамкі з полікарбанатам. Прытым, як пачуў,  даўнавата, аднак “гаспадары” нават не зрабілі ласку затынкаваць шчыліны, прагрунтаваць металічныя канструкцыі, якія ржавеюць. Зноўку чакаем пакуль задзьмуць завірухі? Непадалёку, на заасфальтаванай пляцоўцы перад фермай, некалькі чалавек спехам падмяталі смецце. “Вы пра нас благога не пішыце, — папрасіла адна з жанчын, — мы імкнёмся добра працаваць”. Не стану аспрэчваць, мабыць некаторыя жывёлаводы і стараюцца, а вось тое, што спецыялісты яўна недапрацоўваюць — факт стопрацэнтны. Інакш не было б на вытворчасці гэтулькі хібаў і “дарагіх” упушчэнняў. Недахопаў па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых памяшканняў да стойлавага перыяду хапае ўсюды — у Княгініне, Восаве, Вытрасках, Задубенні, Крывічах… Хаця больш правільна будзе сказаць, што за гэту важную справу ў “Прудніках-Агра” сур’ёзна яшчэ ніхто не браўся. На ферме “Крывічы”, дзе самыя нізкія ў гаспадарцы надоі малака ад каровы, — усяго каля васьмі кілаграмаў, прыкрае ўражанне пакінуў душавы пакой. Абсталяванне пакрылася ржой, усё навокал занядбана. Тут да месца будзе сказаць: які клопат у заатэхнічнай службы, дырэкцыі таварыства пра людзей, такая і аддача!

Нельга не спыніцца і яшчэ на адной вызначальнай недапрацоўцы. У гаспадарцы не праглядваецца зладжаная сістэмная работа па абнаўленні і папаўненні дойнага статка. Цялушак для гэтага на фермах дастаткова. А вось па іх апладненні ўзнікаюць пытанні, хаця ў штаце ёсць два вызваленыя тэхнікі-асемянатары. У прыватнасці, у Вытрасках утрымліваецца 250 цялушак. Па словах Міхаіла Яначкіна, пакрыты з іх толькі паўсотні. Хаця па вагавых кандыцыях ужо зараз падыходзіць да апладнення добрая палавіна.

Відавочна, што ў жывёлагадоўлі таварыства не абысціся без грунтоўнага кадравага “ўстрэсвання”. І пачынаць дырэкцыі, па ўсёй бачнасці, неабходна з галоўнага заатэхніка, іншых спецыялістаў, якія павінны і абавязаны забяспечваць зладжаную і выніковую дзейнасць галіны, аператыўна вырашаць узнікаючыя праблемы, строга прытрымлівацца тэхналагічных патрабаванняў пры вытворчасці малака і мяса. Між іншым, тады павысяцца не толькі прывагі, надоі, але і заробкі работ­нікаў ферм, што таксама даволі актуальна.

Павел ЖУКАЎ.  

На здымках: 1.  Ды і ўсё навокал тут пазарастала буйным пустазеллем, на дахах нават дрэвы растуць; 5. У таварыстве ўсё ніяк не дойдуць рукі, каб нарэшце-такі ачысціць гэта пустуючае памяшканне на комплексе “Княгінін” ад смецця, падрамантаваць, прадэзынфіцыраваць яго, пабяліць і такім чынам падрыхтаваць да стойлавага ўтрымання жывёлы.



24 лiпеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

06-043 _dsc1133-3 лебедзі на Мястры 0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси