Як да 1 верасня зменяцца нашы школы?

Лета — гарачая пара для ўстаноў адукацыі раёна. Падыходзіць да завяршэння другая змена летняй аздараўленчай кампаніі. На ўвазе занятасць і працаўладкаванне падлеткаў. У разгары працоўная практыка школьнікаў на вучэбна-доследных участках, дзе вырошчваюць садавіну і гарод­ніну для школьных сталовых. Будуецца новая школа ў к. п. Нарач, вядуць запланаваныя рамонтныя работы на аб’ектах адукацыі.

Падрыхтоўка школ да новага навучальнага года — справа важная і адказная, займаюцца якой установы адукацыі на працягу ўсіх летніх месяцаў. Ад таго, наколькі сур’ёзна падысці да яе, залежыць не толькі настрой і жаданне навучэнцаў вучыцца, але і якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу. З адказнасцю арганізавалі работу ў кожным педагагічным калектыве.

Яшчэ ў канцы мая-пачатку чэрвеня старшакласнікі ў рамках другаснай занятасці пры фінансаванні Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пафарбавалі агароджы ў сямі школах раёна на суму 3,7 тысячы рублёў.

Кожны працоўны калектыў распачаў касметычны рамонт, на які ўжо сёння накіраваны 12,2 тысячы рублёў, што атрымалі ад пазабюджэтнай дзейнасці. Асабліва руплівымі ў гэтай справе былі працаўнікі Старлыгскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа імя І. Аніські, якія першымі справіліся з пастаўленымі задачамі.

Найбольш значныя змены ў гэтым годзе адбудуцца ў трох установах адукацыі. Капітальны рамонт спартыўнай залы і даху будзе праведзены ў Сваткаўскай сярэдняй школе імя М. Танка, куды накіроўваецца больш як 150 тысяч рублёў. Актыўна вядуцца рамонтныя работы ў актавай і спартыўнай залах, сталовай Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя У. Дубоўкі. Плануецца аднавіць на гуль­нявых пляцоўках дзіцячага садка №3 Мядзела ценявыя паветкі, адрамантаваць пакой для мыцця бялізны, зрабіць больш прывабным фасад будынка.

Сур’ёзны момант — электрабяспека будынкаў. Сёння ў стане вырашэння праблема электрабяспекі ў Княгінінскім дзіцячым садку, дзе Мядзельскае ПМС правядзе значны аб’ём электрамантажных работ.

А што ў суседзяў?

Супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму пераймаюць у суседніх раёнах вопыт працы гаспадарчым спосабам — калі рамонт робіцца з меншымі за­тратамі, чым бы зрабіла падрадная арганізацыя.

На мінулым тыдні прадстаўнікі аддзела наведалі Вілейскую гімназію №1 «Логас». У складзе дэлегацыі былі дырэктар Мя­дзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі  Ала Балюк, намеснік дырэктара гімназіі-інтэрната Мядзела Людміла Цяляк, інжынер-будаўнік гаспадарчай групы Рыта Дайлю­дзенка і аўтар гэтых радкоў. Сустрэла нас дырэктар гімназіі Наталля Жыбуль.

Адразу прыцягвае ўвагу, што ўваход і двор установы выкла­дзены тратуарнай пліткай.

— Вось гэтай тэрыторыяй, што мы зрабілі, вельмі ганарымся, —  расказвае Наталля Пятроўна. — Па-першае, было прадпісанне цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, што дарожкі былі няроўныя і гэтак далей. Па-другое, стала сапраўды камфортна і зручна для вучняў, бацькоў і настаўнікаў — для ўсіх. Укладзена плітка з ухілам, цяпер няма ні луж, ні бруду — гэту праблему мы знялі.

У сярэдзіне будынка гімназіі — светлыя калідоры з вялікімі вокнамі, а на падлозе — прыгожая плітка. Ёсць і бліскучая, пры гэтым яна не слізкая. Плітка сертыфікаваная, падыходзіць для дашкольных і дзіцячых устаноў.

Мы пабачылі, як выглядаюць сталовая, актавая і спартыўная залы. Шмат пытанняў было да дырэктара гімназіі. Ад больш глабальных: як зрабіць нашы ўстановы прыгожымі за меншыя грошы і да канкрэтных: якія матэрыялы лепш выкарыстаць ці ў колькі абышлася ўстаноўка пандуса. На ўсе пытанні пачулі поўныя і кампетэнтныя адказы. Адчуваецца, што кіраўнік выдатна валодае ўсімі гаспадарчымі пытаннямі.

А. Хіхель.

Начальнік гаспадарчай групы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

На здымках: дырэктар Вілейскай гімназіі №1 «Логас» Наталля Жыбуль расказвае пра вопыт работы ўстановы гасцям з Мя­дзела: Рыце Дайлюдзенка, Аляксандру Хіхелю, Але Балюк; на тэрыторыі гімназіі.

Фота Аляксандра Высоцкага.



24 лiпеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   лебедзі на Мястры     Паруснікі                          0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси