Дом для медыкаў

У чэрвені ў Занарачы завяршылі будаўніцтва двухкватэрнага жылога дома. Яго агульная плошча перавышае 120 квадратных метраў. Дзве прасторныя кватэры з усімі выгодамі паступілі ў распараджэнне Мядзельскай цэнтральнай раённай баль­ніцы. Прызначаны яны для Занарацкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. На час працы ў кватэрах будуць жыць спецыялісты: памочнік урача Вераніка Шабан і медсястра Алена Пашкевіч.

Рэалізацыя праекта пачалася ў 2014 годзе. Ажыццяўлялі яго Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «ЭкаБудаўнік» са сваім нямецкім партнёрам, дабрачыннай арганізацыяй «Дамы замест Чарнобыля», і беларускімі партнёрамі — райвыканкамам і цэнтральнай раённай бальніцай.

Праект з’яўляецца працягам пачатага ў 1994 годзе доўгатэрміновага супрацоўніцтва названых вышэй грамадскіх арганізацый пры падтрымцы райвыканкама і Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што вынікам супрацоўніцтва стала будаўніцтва 30 дамоў для чарнобыльскіх перасяленцаў па вуліцы Дружная ў вёсцы Стахоўцы, культурна-адукацыйнага цэнтра, энергаэфектыўнага будынка Занарацкай амбулаторыі, ветраэлектрычнай станцыі сумарнай магутнасцю
1,85 МВт, трысняговай вытворчасці.

— Варта адзначыць, што жылы дом будаваўся з выкарыстаннем экалагічна чыстых, прыродных матэрыялаў мясцовага рэгіёну, — расказвае выканаўчы дырэктар МДГА“ЭкаБудаўнік” Юрый Супрыновіч. — Асновай будынка з’яўляецца магутны драўляны каркас, устаноўлены на жалезабетоннай пліце. Яго сцены запоўненыя сумессю гліны, дранкі і вады, а ўцяплілі дом трысняговымі цеплаізаляцыйнымі плітамі таўшчынёй 10 сантыметраў. Перакрыцці таксама ўцеплены трыснягом таўшчынёй 30 сантыметраў. Сыравіну нарыхтоўвалі на возеры Нарач, а пліты вырабілі на прадпрыемстве ў Занарачы.

— Гэты дом дапаможа замацаваць медыцынскія кадры на вёсцы. А значыць — палепшыць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі жыхарам населеных пунктаў, якія абслугоўвае Занарацкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, — адзначыла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна Мядзельскай ЦРБ Святлана Бароўка.

Дарэчы, у праекце прымалі ўдзел валанцёры з Беларусі і Германіі. У 2014 годзе ў Занарачы працавала міжнародная група з 20 чалавек. Яны выканалі работы па запаўненні сцен дома сумессю гліны і дранкі. Сярод валанцёраў былі студэнты, працоўныя і пенсіянеры, якія пажадалі на грамадскіх пачатках дапамагчы ў ажыццяўленні праекта.

Будаўніцтва фінансавалася са сродкаў, якія прадастаўляюцца праз арганізацыю «Дамы замест Чарнобыля» Федэральным Міністэрствам па эканамічным супрацоўніцтве (Германія). Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол дома, падключэнне яго да вонкавых сетак і каму­нікацый, унутранае аздабленне сцен і выдаткі па далейшым утрыманні ўзялі на сябе райвыканкам і бальніца. “А “ЭкаБудаўнік” арганізоўваў і каардынаваў праект”, — дадаў Юрый Супрыновіч.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: падчас перадачы сімвалічнага ключа ад дома.

Фота  Крыстафа Дзямбоўскага.



24 лiпеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-043 dsc_5774-3 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела