Гаспадыня прылаўка | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Гаспадыня прылаўка

ТАК устроена жыццё, што амаль кожны дзень мы наведваемся ў той ці іншы магазін. І калі па нейкай прычыне там не купілі патрэбную рэч, не бяда, важна, каб не сапсавалі настрой. А гэта, у большай ступені, залежыць ад тых, хто стаіць за прылаўкам магазіна. Кажуць, што чалавек, які працуе ў сферы абслугоўвання, не павінен свой дрэнны настрой пераносіць на рабочае месца. Тады і кліентаў не пакрыўдзіць.
У магазіне вёскі Ілава заўсёды шмат пакупнікоў. Цікава, чым жа ён прываблівае мясцовых жыхароў? Па памерах будынак невялікі, але там усё ёсць, як кажуць, што душа жадае. А калі чаго не хапае, то хвалявацца не варта, дастаткова папрасіць прадаўца, як у хуткім часе заяўка будзе выканана. Вельмі ўважлівая да патрэб пакупнікоў прадавец 4-га разрада Святлана Рыгораўна Шаховіч. Ніхто не застаецца без пакупкі, калі прыйдзе ў магазін.
— Святлана ветлівая і прыемная ў зносінах, — заўважыла маладая жанчына, якая якраз зайшла ў краму. — Яна заўсёды дапаможа ў выбары тавару, дасць слушную параду.
У верасні споўніцца тры гады, як жанчына стала за прылавак. Да гэтага працавала поварам у дзіцячым садку, у Яцкавіцкай школе, рабочай на УП «Ілаўскае». Але так склаліся абставіны, што яе папрасілі прыняць магазін. Падумала, параілася з мужам, які працуе на прадпрыемстве, і дала згоду.
— Цяжкавата было прывыкаць да новай работы. Але я не саромелася, чаго сама не ведала — пыталася ў калег з іншых магазінаў. Дзякуй за падтрымку і дапамогу дырэктару Крывіцкага рознічнага гандлёвага прадпрыемства Зінаідзе Аляксандраўне Зямчонак. Яна падтрымлівае сельскіх прадаўцоў, з разуменнем ставіцца да іх праблем, — працягвае размову Святлана Рыгораўна. — Вось і ў магазіне нядаўна ўстанавілі кандыцыянер. Значна палепшыліся ўмовы працы.
Магазін усе асноўныя патрэбы вясковых пакупнікоў задавальняе. Свежыя прадукты завозяцца пастаянна, хлебныя вырабы — тры разы на тыдзень (з Вілейкі, Маладзечна, Валожына). Забяспечана крама халадзільным абсталяваннем, так што захоўваць прадукты ёсць дзе. А чаго няма —можна заказаць, прывязуць. Па словах Святланы Рыгораўны, добра прадаецца прадукцыя Барысаўскага мясакамбіната. Гаспадыням у вёсцы няма асабліва калі займацца гатаваннем, а тут можна купіць гатовае — па прымальным кошце і добрай якасці.
— Кожны панядзелак прывозяць прадукцыю з прадпрыемства «Савушкін прадукт», якая карыстаецца попытам у вяскоўцаў, — кажа прадавец.
— А якія яшчэ тавары карыстаюцца попытам? — пытаюся.
— Акрамя звычайных пакупак, людзі зараз з задавальненнем набываюць напіткі, марожанае, чыпсы, шашлык. Асноўны кантынгент пакупнікоў — жыхары Ілава і навакольных вёсак, рабочыя УП «Ілаўскае», якія жывуць нават у суседнім раёне. На лета прыехала шмат дачнікаў, дзяцей. Яны таксама не мінаюць краму. Менавіта таму месячны план тавараабароту выканала 28 чэрвеня, — чую ў адказ.
— Ці складае вам канкурэнцыю магазін прадпрыемства?
— У некаторай ступені так. Але ў мяне, як  кажуць, ёсць свае пастаянныя пакупнікі, — адказвае жанчына.
— Святлана Рыгораўна адна спраўляецца з усім — тавары і заказы ад насельніцтва прымаць і парадак у краме падтрымліваць. Скаргаў на яе работу не паступае, — кажа дырэктар УП «Крывіцкае РГП» Зінаіда Зямчонак. — Жанчына любіць сваю прафесію і, як ведаю, пакуль не збіраецца мяняць на іншую.
— Мне тут падабаецца. Прыемна ўсведамляць, што ты патрэбен, што маеш шчаслівую магчымасць зрабіць камусьці прыемнае, а ў выніку і сам адчуваеш радасць. Хіба не ў гэтым прыцягальнасць маёй прафесіі? — сказала на развітанне Святлана Шаховіч.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: прадавец магазіна вёскі Ілава Святлана Шаховіч.
Фота Георгія Прысмакова. 


01 лiпеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   0-170 на Блакітных азёрах        возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси