Верныя клятве Гіпакрата

Дзень медыцынскіх работнікаў  аб’ядноўвае людзей самых важных на зямлі прафесій, якія патрабуюць не толькі  глыбокіх ведаў, але і такіх гуманных якасцей як міласэрнасць, здольнасць адчуваць чужы боль, спяшацца на дапамогу іншым. Так-так, менавіта спецыялісты ў белых халатах, згуртаваныя клятвай Гіпакрата, надзейна стаяць на абароне жыцця і здароўя дзяцей і дарослага насельніцтва. Менавіта яны па закліку сэрца аблягчаюць пакуты, даюць цяжкім хворым веру і надзею на выратаванне. За гэта мы ўсе паважаем медыкаў і ўдзячны ім да глыбіні душы.
Напярэдадні адметнай даты сабраліся на ўрачыстасць у гарадскі Дом культуры прадстаўнікі галіны аховы здароўя сінявокай Мядзельшчыны. Каб у чарговы раз пачуць цёплыя словы ў свой адрас — за прафесіяналізм і кампетэнтнасць, чуласць і ўважлівасць, руплівыя рукі і залатыя сэрцы.
Шчыра вітала медыцынскіх работнікаў азёрнага краю з іх прафесіянальным святам намеснік старшыні райвыканкама Іна Іванаўна Барыева. Куратар сацыяльнай сферы назвала медыцыну сэрцам, будучыняй, жыццём. Прычым невыпадкова, бо менавіта ў нас, у Беларусі, робяцца рэдкія ўнікальныя аперацыі, якія дазваляюць вярнуць пацыента, лічы з таго свету, дапамагаюць яму пераадолець небяспечныя хваробы і адчуваць сябе патрэбным — сям’і, грамадству. Тут жывуць людзі, адданыя роднай зямлі, справе, якой прысвяцілі свае веды, вопыт. Нездарма многія з іх па праву з’яўляюцца сямейнымі ўрачамі, бо лечаць цэлыя пакаленні, пачынаючы ад дзядуляў і бабуль і заканчваючы ўнукамі і праўнукамі. Іна Іванаўна выказала словы павагі да людзей высакароднай прафесіі, у руках якіх знаходзяцца бясцэнныя каштоўнасці — жыццё і здароўе чалавека. Падзякавала за прафесіяналізм, гуманнасць, умелыя рукі і чуллівыя сэрцы. А яшчэ за тое, што дзякуючы ім выпускнікі школ раёна выбіраюць медыцынскія спецыяльнасці і хочуць быць падобнымі на ўрачоў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр, з якімі сустракаліся і добра ведаюць.
Як і на кожнай урачыстасці, таксама і на гэтай, не абышлося без цырымоніі ўзнагароджання лепшых работнікаў галіны Нарачанскага краю. Так, граматамі раённага выканаўчага камітэта адзначана праца ўрача-тэрапеўта (загадчыка) тэрапеўтычнага аддзялення Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы Станіславы Станіславаўны Гедрэвіч і ўрача агульнай практыкі Крывіцкай участковай бальніцы Алены Анатольеўны Кулёнак. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі ўрач ультрагукавой дыягностыкі (загадчык) кабінета ўльтрагукавой дыягностыкі цэнтральнай раённай бальніцы Славамір Славаміравіч Таразевіч, фельчар (старшы) аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы Аксана Анатольеўна Апанасёнак і медыцынская сястра (палатная) інфекцыйнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Галіна Мар’янаўна Крупенчык.
З найлепшымі пажаданнямі да прысутных у зале звярнулася намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Мядзельская цэнтральная раённая бальніца” Святлана Міхайлаўна Бароўка. Яна павіншавала калег з прафесіянальным святам. Падзякавала за руплівую і старанную працу, прафесіяналізм. Пажадала шчасця, здароўя, аптымізму, удачы, выдатнага настрою. Каб дабрыня, якую з душой і цеплынёй яны аддаюць пацыентам, вярталася ім у трайным памеры, а клятва Гіпакрата і надалей заставалася прыемнай місіяй. Святлана Міхайлаўна таксама ўручыла ўзнагароды медыкам раёна, якія вызначыліся сваёй плённай працай. Лаўрэатам абласнога агляду-конкурсу якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках работы за 2015 год сярод аналагічных лячэбных устаноў сталічнага рэгіёну прызнаны Старагабскі ФАП. Адпаведны дыплом галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама і абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя атрымала на ўрачыстасці загадчыца ўстановы Наталля Барысаўна Будзько. Граматай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама ўзнагароджаны ўрач-тэрапеўт Нарацкай участковай бальніцы Аляксей Васільевіч Гатоўка, а падзякамі — урач-псіхіятр-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Генадзьеўна Шлюхціц і акушэрка Княгінінскай амбулаторыі Ганна Іванаўна Маліеўская. Трыццаць медыцынскіх работнікаў адзначаны граматамі і дваццаць дзевяць — падзякамі кіраўніцтва лячэбнай установы.
Падчас мерапрыемства цёплыя словы былі адрасаваны работнікам акушэрска-гінекалагічнага, педыятрычнага, тэрапеўтычнага, хірургічнага, інфекцыйнага аддзяленняў, аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, хуткай медыцынскай дапамогі, паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы. Гучалі віншаванні і найлепшыя пажаданні маладым спецыялістам галіны, а таксама ветэранам, якія былі і працягваюць заставацца для пачынаючых працоўныя будні медыкаў прыкладам беззапаветнага служэння абранай прафесіі і людзям, чые веды і вопыт надзвычай каштоўныя.
Нямала было і музычных падарункаў. У тым ліку ад калег па рабоце — салістак Ганны Антановіч і Таццяны Івановай. Вельмі цёпла публіка прымала спевакоў Пятра Маўчана і Вольгу Буянаву. Хораша спявалі таксама Ірына Мазалеўская, Вольга Гіршык, Ганна Казакевіч.
Сумеснымі намаганнямі адміністрацыі ўстановы аховы здароўя і самадзейных артыстаў атрымалася прыгожае свята, якое, упэўнена, пакінула след у сэрцах прысутных медыкаў і будзе яшчэ доўга-доўга саграваць іх атмасферай добразычлівасці і цеплыні, якая панавала ў зале падчас урачыстасці.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. 
На здымку: група медыкаў азёрнага краю, адзначаных за старанне на абласным і раённым узроўнях, — Алена Кулёнак, Аксана Апанасёнак, Славамір Таразевіч, Галіна Крупенчык, Аляксей Гатоўка і Наталля Будзько.
Фота Іны Ярчак.


24 чэрвеня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Царква ў Крывічах _06-040

Пабрацімы Мядзела